Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса пра вынікі газавай вайны


Тэатральны спэктакль пра транзыт расейскага газу нібыта скончыўся, піша нямецкае эканамічнае выданьне Wirtschaftsblatt. Абодва бакі заплацілі свае даўгі, пастаўкі паліва ідуць у поўным аб’ёме.

Але, як піша, як піша выданьне, праблемы Расеі зь яе суседам усё ж застаюцца. Бо Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца цяжкім партнэрам для Масквы. Шмат гадоў ён настойвае на стварэньні саюзнай дзяржавы паміж Расеяй і Беларусьсю і адначасна сам жа з падвоенай сілай стварае перашкоды на гэтым шляху. Ці, напрыклад, Менск выступае за стварэньне мытнага саюзу паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Але пры гэтым сам жа беларускі бок пачынае сварыцца адносна дэталяў гэтай арганізацыі з тым, каб атрымаць найбольш карысьці для сябе. Ці ўдасца стварыць мытны саюз да ліпеня, невядома.

А вось цяпер чарговая газавая спрэчка паміж суседзямі. На гэты раз згода ня можа быць доўгай, піша нямецкае выданьне. Праблема Лукашэнкі ў тым, што яму гэтым разам наўрад ці ўдасца забясьпечыць нармальны дабрабыт свайму насельніцтву за кошт падтрымкі свайго вялікага ўсходняга брата. Менавіта Масква доўгі час фінансавала рэжым Лукашэнкі сваімі таннымі энэргетычнымі пастаўкамі. Таму будучыя прэзыдэнцкія выбары стануць для Лукашэнкі куды больш цяжкімі.

Цяпер ўсе ягоныя памкненьні накіраваныя на збліжэньне з Захадам, аднак у Эўропе няма нікога, хто б хацеў фінансаваць дыктатара выключна за яго абяцаньні, піша нямецкае выданьне Wirtschaftsblatt.

Буйная нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung робіць выснову, што цяперашняя эскаляцыя канфлікту з Масквой грае Лукашэнку на руку — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ сёлета ці на пачатку будучага году ён зможа пазыцыянаваць сябе як нацыянальнага героя, а віну за эканамічныя цяжкасьці ўскласьці на Маскву.

Аўтар артыкулу мяркуе, што Лукашэнка, праўдападобна, спадзяецца на кітайскіх інвэстараў, а таксама дасылае асьцярожныя сыгналы Захаду.

Як піша Frankfurter Allgemeine Zeitung, у канфлікце паміж Масквой і Менскам галоўнае — ня толькі запазычанасьць. Сапраўдныя прычыны трэба таксама шукаць і ў палітыцы. Гэта і непрызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і блякаваньне Менскам ініцыяванай Масквой групы хуткага рэагаваньня ў рамках АДКБ, і стварэньне мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану, які мае пачаць сваю дзейнасьць на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG