Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня, пасьля атрыманьня грошай зь Менску, «Газпром» аднавіў пастаўкі газу ў Беларусь у поўным аб’ёме і заплаціў доўг за транзыт у 228 мільёнаў даляраў.

Паведамленьне аб плацяжы паступіла пасьля 10 гадзіны — часу, пазначанага беларускім бокам у сваім ультыматуме. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што беларускі бок пачакае дзьве гадзіны афіцыйнага пацьверджаньня аб аплаце. Камэнтуючы дзеяньні «Газпрома», спадар Сямашка заявіў:

«Газпром» усё ж прызнаў, што ўсё, што было распачата, гэтая цяганіна цягам апошніх трох сутак — было абсалютна незаконна, беспадстаўна і абсалютна не адпавядала кантракту. Давайце так: яшчэ дзьве гадзіны часу на ўсе гэтыя разборкі, па Менску да 13 гадзіны дня. Калі ня будзе афіцыйнага паведамленьня, што «Газпром» заплаціў тую ці іншую суму, то прапарцыйна недаплаце мы будзем уводзіць абмежаваньні ў вызначаным парадку».

Аднак ці асьмеліўся афіцыйны Менск пайсьці на абмежаваньне транзыту расейскага газу — бо «Газпром» заплаціў толькі 87% ад выстаўленай афіцыйным Менскам сумы ў 260 мільёнаў даляраў? Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пра далейшыя дзеяньні павінен паведаміць Уладзімер Сямашка:

Пакуль гэтыя грошы ня выплачаныя, праблема застаецца.
«Вядома, што 228 мільёнаў даляраў мы атрымалі. Гэта пацьверджана беларускім бокам. 32 мільёны даляраў расейскі бок яшчэ павінен даплаціць. Чым скончыцца гісторыя са спагнаньнем гэтых 32 мільёнаў, сказаць складана. Пакуль гэтыя грошы ня выплачаныя, праблема застаецца».

Замест астатніх грошай «Газпром» даслаў у Менск пакет дакумэнтаў, якія дазваляюць «легалізаваць» падвышэньне стаўкі транзыту. Пачаліся публічныя разборкі адносна транзытных ставак. Беларускі бок абвінаваціў «Газпром» у тым, што той ад лістапада 2009 году ў аднабаковым парадку зьменшыў стаўку транзыту да 1 даляра 45 цэнтаў. Паводле «Газпрому», транзытную стаўку можна павялічыць толькі з павелічэньнем аптовай надбаўкі за газ, які рэалізуе «Белтрансгаз» на ўнутраным рынку. Гэтыя надбаўкі дадуць магчымасьць «Белтрансгазу», палова акцый якога належыць «Газпрому», атрымліваць прыбытак на ўнутраным рынку.

Яраслаў Раманчук
Хто выйграў і прайграў у беларуска-расейскай газавай вайне? Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, прайгралі і Беларусь, і Расея:

«Яны падмачылі рэпутацыю. Эўропа яшчэ раз убачыла, што надзейнага пастаўшчыка і транзытэра газу ў нас няма. Хаця мы там у нейкіх зьвязах, але гэта ня мае ніякага значэньня і не ўплывае на якасьць газавай, энэргетычнай палітыкі. А з пункту гледжаньня нашай унутранай палітыкі гэта, безумоўна, крыж на розных інтэграцыйных аб’яднаньнях. Крызіс даверу працягваецца. Расейскі бок яшчэ раз пераканаўся, што Лукашэнка ня будзе надзейным партнэрам. І гэта быў тэст перад газавымі перамовамі напрыканцы 2010 году, калі трэба будзе пераводзіць Беларусь на ўсясьветныя цэны на газ».

Міхаіл Залескі
Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што ў газавай вайне выйграла Масква.

«Расейцы сказалі, каб беларусы заплацілі. І беларусы заплацілі. Можна сказаць, што ад гэнага дня пачынаецца маскоўскі дыктат. І ён будзе працягнуты ў перамовах адносна мытнага саюзу і па іншых пазыцыях, па якіх мы зьвязаныя з Расеяй. Ціск будзе працягвацца, бо яны хочуць свайго васала, які расьпярэзаўся, які многа набраў сабе волі, хочуць паставіць на месца. І будуць ставіць усімі магчымасьцямі».

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што прайгралі абодва бакі, калі не ў матэрыяльным, дык у маральным сэнсе. Але ці палепшацца пасьля газавай вайны стасункі Беларусі з Эўропай?

«Аднаго толькі заканчэньня газавай вайны недастаткова, каб істотна палепшыць стасункі. Павінны быць яшчэ нейкія крокі з боку афіцыйнага Менску, каб гэта адбылося».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG