Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заканадаўчыя акты адносна «ўдасканаленьня» нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт у Беларусі пачнуць дзейнічаць толькі праз тыдзень, аднак апрабацыя асобных пунктаў прэзыдэнцкага ўказу і ўрадавай пастановы ўжо пачалася. Пра гэта гавораць прадстаўнікі інтэрнэт-супольнасьці, якія сутыкнуліся са спробамі спаралізаваць іх дзейнасьць звонку. Асабліва гэта стала заўважна падчас палітычных спрэчак паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі ў так званай «газавай вайне».

Апошнімі днямі кожная раніца для вэб-каманды сайту «Хартыя-97» пачынаецца амаль аднолькава — са спробы высьветліць, чаму гэтым разам «ляжыць» інтэрнэт-рэсурс? Напярэдадні з-за масіраванай DOS-атакі старонка «Хартыі» не загружалася зусім альбо грузілася надзвычай марудна. Хакерская атака здарылася якраз тады, калі на сайце павінна была зьявіцца анансаваная стэнаграма гутаркі патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава ў студыі радыёстанцыі «Эхо Москвы» і тэлеканалу RTVi. Аналягічныя праблемы былі і сёньня.

Падчас учорашняга высьвятленьня «газавых» адносінаў паміж расейскімі і беларускімі чыноўнікамі чытачам было складана наведваць старонку газэты «Наша ніва». «Трасе» сяды-тады і іншыя сайты дэмакратычнай скіраванасьці. Прэс-служба «Маладога фронту» распаўсюдзіла інфармацыю пра атаку на іхныя сайты: «Пакуль беларускае грамадзтва абмяркоўвае праблемы ўвядзеньня ўказу № 60, улада робіць першыя крокі па абмежаваньні свабоды ў сеціве», — гаворыцца ў заяве. — «Аднымі зь першых пад уплыў указу (альбо пад свавольнасьць спэцслужбаў) патрапілі маладафронтаўцы».

Ад пачатку чэрвеня пачаліся праблемы ў працы сайту mfront.net, абнаўленьне старонкі стала практычна немагчымым. Меркаваньні, што гэта тэхнічныя непаладкі на сэрвэры ці праграмныя памылкі ў скрыптах, давялося адкінуць — высьветлілася, што праблемы выкліканы ўмяшаньнем звонку. Пашкоджана база дадзеных і цалкам выдалена адміністрацыйная частка сайту. З разьдзелу апошніх навінаў на mfront.net цалкам зьнік матэрыял «Стоп бэнзін. Мы ня дойныя каровы». Вось што расказалі ў прэсавай службе арганізацыі:

«Сайт Салігорскага „Маладога фронту“ saligorsk.org. выдалены з-за вірусаў. Што тычыцца сайту mfront.net, то бачна, што нехта звонку ўмяшаўся. Праўда, неяк ня хочацца казаць з упэўненасьцю, што гэта спэцслужбы ці крывавы рэжым. Але бачна, што нехта звонку сайт пашкодзіў».

Карэспандэнт: «Падчас акцыяў праблемы з сайтам больш адчувальныя?»

«Было такое, што сайт не адчыняўся, быў заблякаваны, але праз проксі-сэрвэры быў даступны. Прыкладам, 8 чэрвеня, ці што, тут правяралі нейкія глушылкі кітайскія ці нешта іншае, але ў Беларусі шмат у каго не паказваліся малюнкі з нашага сайту. Пры тым, што ў карыстальнікаў за межамі Беларусі было ўсё нармальна, а ў нас — вось такія глюкі. Дарэчы, у той дзень не адчыняліся і шмат якія іншыя сайты».

Такое можа дазволіць сабе Кітай зь ягонай эканамічнай магутнасьцю. Аднак наіўна думаць, што „кітайскі фаервол“ даруюць Беларусі.
У сваім блогу вядомы інтэрнэт-спэцыяліст Юрый Зісер піша, што спроба цэнзураваньня інтэрнэту можа мець для краіны непажаданыя наступствы. Так, у праекце Палажэньня аб парадку абмежаваньня доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інфармацыі, якая забароненая да распаўсюду ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі, прадугледжваецца так званая кантэнт-фільтрацыя. Ці, як часам яе яшчэ называюць, — «кітайскі фаервол». Навошта гэта робіцца — нескладаная задача. Як удакладняе спадар Зісер, апэратыўнікам і кампутарным інжынэрам так нашмат зручней працаваць — тэхнічна прасьцей аднойчы зафільтраваць тэкст паведамленьня патэнцыйнага «тэрарыста», чым зьмяшчаць у чорны сьпіс усе URL-адрасы, дзе гэтае паведамленьне надрукаванае. Як піша адмыслоўца, «кітайскі фаервол» — гэта чырвоная ануча для любога інвэстара: «Такое можа дазволіць сабе Кітай зь ягонай эканамічнай магутнасьцю. Аднак наіўна думаць, што „кітайскі фаервол“ даруюць Беларусі».

Дарэчы, праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая назірае за свабодай слова ў інтэрнэце ў розных дзяржавах, складаючы на падставе гэтых зьвестак сьпіс краінаў — ворагаў інтэрнэту, сьведчыць, што ў апошнія гады гэты сьпіс папаўняецца амаль выключна краінамі, у якіх дзейнічае кантэнт-фільтрацыя.
На сёньня анансаваны мітынг супраць прэзыдэнцкага ўказу № 60, які ініцыявалі актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху. У якім фармаце заплянаваная акцыя — арганізатары пакуль не паведамляюць: Менгарвыканкам не дазволіў заяўнікам правесьці мерапрыемства на плошчы Свабоды на той падставе, што сваімі дзеяньнямі яны будуць перашкаджаць мінакам і транспарту. Нягледзячы на забарону, нацыянал-бальшавікі маюць намер правесьці акцыю, няхай нават адступіўшыся ад першапачатковай задумы. Нагадаем, што 10 чэрвеня на сталічнай плошчы Бангалор ужо адбылася нешматлюдная акцыя нацыянал-бальшавікоў, дазволеная гарадзкімі ўладамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG