Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як газавую вайну асьвятляюць дзяржаўныя СМІ


Усе выпускі тэлевізійных навінаў і на беларускіх, і на расейскіх каналах пачынаюцца зь вестак з газавага фронту. Цэлыя палосы дзяржаўных газэт прысьвечаныя так званай "газавай вайне". Як беларускія дзяржаўныя СМІ распавядаюць пра газавы канфлікт?


Першая фраза сёньняшніх тэлевізійных навінаў па БТ: "Расея працягвае энэргетычны шантаж Беларусі". Газэта "СБ. Беларусь сегодня": перадавы артыкул называецца "Як аукнецца, так і адгукнецца" з рэдакцыйным камэнтаром, плюс цэлая старонка камэнтароў чытачоў з сайту. Падборка галоўным чынам тэндэнцыйная — гэта гульня ў адны вароты, перакананы палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
"Дзяржаўная прэса цалкам кіраваная. Пачынаюць працаваць прапагандысты, як яны толькі і ўмеюць: чорна-белы варыянт, безь ніякіх паўтонаў.

Якраз недзяржаўныя СМІ ў гэтай сытуацыі выглядаюць больш карэктна. Там сапраўды ёсьць аналітыка і жаданьне асэнсаваць гэтую сытуацыю з розных бакоў. А так — у мяне супярэчлівае стаўленьне, таму што, з аднаго боку, гэта ўсё робіцца дубова".



Грунтоўных тлумачэньняў складанасьці сытуацыі — чаму краіны прыйшлі да гэтых газавых войнаў, столькі гадоў клянучыся ў братэрстве — няма. "Народная газета" за 22 чэрвеня піша: "Менск спраўна плаціў па рахунках і перапампоўваў у Эўразьвяз усё прадугледжанае да апошняга "кубіка". Аднак сутнасьць у тым, што Масква вырашыла ўзьняць цану за газ. І пасьля гэтага пераразьліку зьявілася запазычанасьць, якую Крэмль абавязаў пагасіць да 21 чэрвеня".

Сьцьвярджэньне, што "Менск спраўна плаціў па рахунках", не парушаў умовы кантрактаў — не адпавядае рэчаіснасьці. Праблема ў тым, што Беларусь, парушаючы ўмовы кантракту, не плаціла спраўна, таму і зьявілася запазычанасьць у суме 192 мільёны даляраў.

"Советская Белоруссия" 22 чэрвеня піша: "У Расеі добра вядома, куды ідуць газпрамаўскія грошы, і ўсе ведаюць, што нават пасьля атрыманьня "доўгу" зь Менску наўрад ці нешта кардынальна зьменіцца. Багатыя будуць багацець, бедныя — бяднець". Выснова, якую робіць выданьне адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі: калі грошы ідуць не расейскаму народу, а алігархам, то ня трэба і сьпяшацца аддаваць доўг...

Але беларускія экспэрты, аналітыкі бачаць у такім аднабокім асьвятленьні газавага канфлікту і станоўчае. Агульная тэндэнцыя — гэта паступовае аддаленьне ад Расеі, лічыць філёзаф Алесь Анціпенка:

Алесь Анціпенка
"Дрэйф — нельга сказаць, што дрэйф на Захад, але дрэйф у такую аўтаномію: палітычную, эканамічную. Разам з тым гэта такі пазытыўны працэс усталяваньня мяжы з Расеяй. Тое, што беларускае тэлебачаньне ў такіх даволі рэзкіх тонах камэнтуе газавую вайну, гэта абсалютна натуральна. Як нядаўна казаў Аркадзь Мошас, расейскі экспэрт, які працуе ў Фінляндыі, "адбываецца працэс паўстаньня новай усходнеэўрапейскай палітычнай нацыі". Тое, што адбываецца працэс умацаваньня палітычнага статусу нацыі, гэта так".


Палітоляг Аляксандар Класкоўскі таксама знаходзіць у цяперашняй сытуацыі свае плюсы:

"Гэтая прапагандысцкая кампанія працуе зараз на фармаваньне незалежніцкіх настрояў у грамадзтве. Кепска, што адбываюцца такія хістаньні з боку ў бок: то адзін народ, братняя інтэграцыя і яднаньне, то Расея зараз становіцца ворагам, нейкай імпэрыяй зла. Хаця, як кажуць, "абое рабое" і ўвогуле ў братняй інтэграцыі, і канкрэтна ў гэтым газавым канфлікце. Аднак у сухім астатку, я думаю, пасьля кожнай такой вайны — ці то газавай, ці то малочнай — большае дыстанцыяваньне грамадзкай сьвядомасьці беларусаў ад Расеі, разуменьне таго, што незалежнасьць — гэта вялікая каштоўнасьць, трэба яе абараняць і ісьці на пэўныя ахвяры. Вось гэта плюс пры ўсіх выдатках".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG