Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фронт Саньнікава


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Частка актывістаў Партыі БНФ сёньня заявіла, што цягам выбарчай кампаніі будзе працаваць у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведамілі такія вядомыя ў фронце асобы, як старшыні менскіх гарадзкой і абласной арганізацыяў Віктар Івашкевіч і Зьміцер Вінаградаў, партыйныя вэтэраны Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, мастакі Аляксей Марачкін і Алесь Шатэрнік, сябры кіраўніцтва некаторых раённых філіяў.

Партыйныя актывісты напачатку патлумачылі, чаму яны і іх калегі пераходзяць да Андрэя Саньнікава. Аргумэнты зводзіліся галоўным чынам да пераліку станоўчых якасьцяў патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Юры Хадыка, у прыватнасьці, адзначыў:

Юры Хадыка
«Я глыбока перакананы, што кіраваць краінай павінны людзі, якія, як гэта гавораць амэрыканцы, валодаюць адпаведным IQ — ступеньню інтэлектуальнага разьвіцьця. Хопіць нам кіроўцаў ад пліты, ад фэрмы. Усе нашы беды паходзяць ад недастатковай падрыхтаванасьці нашай улады да правядзеньня разумнай незалежнай палітыкі. З гэтага пункту погляду Саньнікаў — бездакорная кандыдатура. Ён паходзіць зь беларускамоўнай інтэлігентнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю, працаваў на адказных дзяржаўных пасадах. І гэта ёсьць гарантыя таго, што мы не пачнём у чарговы раз хістацца ад любові да бліжэйшай суседкі да нянавісьці».

Першым з гэтай групы пра свой пераход у каманду Андрэя Саньнікава публічна заявіў кіраўнік менскай гарадзкой партыйнай арганізацыі Віктар Івашкевіч. Адбылося гэта яшчэ два тыдні таму на партыйным сойме. Тады на адрас Івашкевіча прагучалі прапановы сысьці з партыйнай пасады і наагул перапыніць сяброўства ў БНФ. Сёньня Віктар Івашкевіч паведаміў:

Віктар Івашкевіч
«Заўчора адбылося паседжаньне рады менскай гарадзкой арганізацыі, дзе я спытаўся: ці хто-небудзь ставіць пытаньне аб маім сыходзе з пасады кіраўніка гарадзкой арганізацыі альбо сыходзе з Фронту? Ніхто такога пытаньня не паставіў. І таму ніякіх пераабраньняў менская гарадзкая арганізацыя не плянуе. Прынятае рашэньне праводзіць раённыя сходы актывістаў Фронту, каб людзі мелі магчымасьць самастойна вызначыцца, якога кандыдата падтрымліваць і ў якой форме нашым актывістам удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі».

Афіцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ — намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў. Сёньня ў размове са «Свабодай» ён сказаў, што яму прыкра чуць пра такія дзеяньні некаторых сяброў партыі, асабліва тых, хто ўдзельнічаў у стварэньні БНФ:

Рыгор Кастусёў
«Для мяне вельмі непрыемна і прыкра, што Партыя БНФ, якая лічыцца вядучай палітычнай сілай у апазыцыйным коле, ад 1994 году ня мае свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Я ўзяў на сябе гэтую ролю, адказнасьць, цяжар, пагадзіўся на прапанову кіраўніцтва партыі, асабіста Аляксея Янукевіча ўзваліць на свае плечы такі цяжар. Гэтым самым я спадзяваўся ў значнай ступені накіраваць працу ўнутры партыі на аб’яднаньне, на спыненьне рознагалосьсяў, якія адбываліся апошнім часам.

Да мяне і раней даходзілі чуткі, што шэраг нашых кіраўнікоў з былога кіраўніцтва партыі даўно ўжо вялі перамовы з Саньнікавым, каб здаць Партыю БНФ у арэнду і працаваць на Саньнікава. Але тады былы старшыня партыі Баршчэўскі даказваў, што такіх перамоваў не было і яны нават немагчымыя. Аднак зараз многія менскія актывісты ўжо адкрыта заявілі, што яны падтрымліваюць Саньнікава. І я ўспрымаю такія заявы як здраду беларускім інтарэсам, інтарэсам партыі БНФ, здраду намаганьням партыі, якія яна прыкладала для адраджэньня нашых каштоўнасьцяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG