Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах заклапочаныя абвастрэньнем газавага канфлікту. Прадпрыемствы рыхтуюцца да пераходу на альтэрнатыўныя віды паліва. Аднак спэцыялісты даводзяць, што вырашыць праблему недахопу газу ў многіх выпадках немагчыма.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Цукравары ў Жабінцы разаграюць мазут

Загаду аб пераходзе на альтэрнатыўнае паліва пакуль не паступала, але падрыхтоўка да гэтага вядзецца. Гэтак выглядае сытуацыя на цукровым заводзе ў Жабінцы. Кіраўніцтва прадпрыемства загадала разаграваць мазут, які тут, магчыма, будзе выкарыстоўвацца ў якасьці паліва. Праўда, поўны пераход на мазут немагчымы, да таго ж запасы ня надта вялікія

"Мы ня можам перайсьці цалкам на мазут. Толькі частковае выкарыстаньне. Зараз яго разаграваем і ў гарачым стане ўводзім у рэзэрвы", – кажа дырэктар прадпрыемства Віктар Міронаў.

Калі ж праблемы з пастаўкай газу зацягнуцца на даўжэйшы час, то, паводле кіраўніка заводу, ня толькі на яго прадпрыемстве, але і па ўсёй краіне будуць вялізныя праблемы:

"Як і ўва ўсёй краіне, будуць праблемы... Мы толькі часткова можам перайсьці на мазут, але гэтым палівам ня вырашым праблемы, бо ў нас усе катлы аўтаматызаваныя."

"Брэстэнэрга", а таксама "Берасьцейская кацельная гаспадарка" пакуль працуюць у звычайным рэжыме. Праўда, летні сэзон для кацельні — паратунак. Цяпер тут, як адзначае галоўны інжынэр Аляксандар Мікалаевіч, выкарыстоўваецца мясцовае паліва — драўляныя адкіды. Да таго ж патрэбы летам зусім нязначныя. Зімой сытуацыя можа пагоршыцца, але ёсьць магчымасьць выкарыстоўваць мазут. Зараз запасы яго толькі нарматыўныя, але ў выпадку неабходнасьці іх магчыма павялічыць, мяркуе галоўны інжынэр:

"Будуць, канечне. Увогуле, нарматыўныя запасы ў нас заўсёды існуюць. А зімой у выпадку неабходнасьці павялічым іх. Але летам мы стараемся працаваць на мясцовых відах паліва".

“Брэстэнэрга” працуе з частковым выкарыстаньнем газу. Праца тут, як адзначаюць спэцыялісты, пакуль вядзецца ў нармальным рэжыме.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Прадпрыемства "Гомельаблгаз" забясьпечвае прыродным газам каля 800 суб’ектаў гаспадараньня і звыш 395 тысяч кватэраў і прыватных дамоў.

"Ня будзе газу — спынімся"

Намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Раман Дземідзенка цьвердзіць, што газавы канфлікт з Расеяй пакуль ніяк не адбіўся на забесьпячэньні спажыўцоў:

"Нашы спажыўцы не адчуваюць ніякіх абмежаваньняў. Што будзе заўтра, будзе бачна. На час аварый, адключэньняў, пераключэньняў распрацаваныя мерапрыемствы, якія дзейнічаюць стала. Яны ў нас ёсьць заўсёды, і асабліва на зімовы пэрыяд. Таму любыя абмежаваньні для нас не зьяўляюцца нейкай няштатнай сытуацыяй. Мы падрыхтаваныя да любых варыянтаў".

У сваю чаргу, на вытворчасьці спэцыялісты разглядаюць варыянты выкарыстаньня рэзэрвовых відаў паліва. Але ня ўсюды гэта можна зрабіць. Да прыкладу, на хімічным заводзе прыродны газ можна замяніць іншымі відамі паліва толькі часткова.

Гомельскі завод "Цэнтраліт" спажывае цяпер мінімальную колькасьць прыроднага газу.

"Тут усіх напружылі. Усе ходзяць з прапановамі. Цыркуляры ідуць і зьверху, і зьнізу. І свой цыркуляр выдалі, каб эканоміць. У нас на газе трымаецца падсушка пяску, сушка формаў на газе. Варка вадкага шкла — строга газ. Ну, і для людзей памыўка — таксама газ. На жаль, ня можа быць нейкага рашэньня за 2—3 дні. Калі ня даць газу тыдзень, то мы спынімся", – апавядае намесьнік дырэктара прадпрыемства Ўладзімер Сайкоў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У рэгіёне рыхтуюць цеплаэлектрацэнтралі да пераводу на альтэрнатыўныя паліўныя рэсурсы. Ад іх працы залежыць функцыянаваньне, у прыватнасьці, такіх гігантаў рэгіянальнай эканомікі, як магілёўскае "Хімвалакно" і бабруйская "Белшына".

Запасаў газу на ЦЭЦ няма

Пра апрабаваньне працы магілёўскай ЦЭЦ-2 паведаміў прадстаўнік адміністрацыі, адказваючы на пытаньне, ці ёсьць запасы газу для стабільнай працы станцыі:

"У нас запасаў газу няма. Ёсьць запасы мазуту. Мы ўчора пераходзілі на яго. Быў дадзены загад, і адзін кацёл мы перавялі на мазут. Перайшлі й працавалі, непрацяглы час, праўда. Гэта, у прынцыпе, нескладана. Для пераводу ёсьць пэўны час, непрацяглы".
Праца бабруйскай "Белшыны" залежыць ад запасаў паліва на мясцовай ЦЭЦ-2

Магілёўская ЦЭЦ-2 пастаўляе цеплавую й электрычную энэргію на "Хімвалакно". Як удалося высьветліць, перабояў з пастаўкамі неабходнага аб’ёму гэтай энэргіі на прадпрыемстве пакуль няма.

"Ніякіх рухаў дзеля пераводу на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі не было, і загадаў наконт гэтага пакуль таксама не паступала", — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі "Хімвалакна".

Пакуль праблемаў з энэргіяй няма й на бабруйскай "Белшыне" — прынамсі, так сьцьвярджаюць у адміністрацыі:

"Мы пэўныя захады, каб не зьніжаць працу энэргакрыніцаў, зрабілі"

Як і магілёўскае "Хімвалакно", цеплавой і электрычнай энэргіяй "Белшыну" забясьпечвае мясцовая ЦЭЦ-2. Як там справы з палівам, высьветліць не ўдалося. У прыёмнай паведамілі, што кіраўніцтва на тэрміновай нарадзе.

У аб’яднаньні "Магілёўэнэрга", якое забясьпечвае функцыянаваньне ўсіх рэгіянальных цеплавых станцыяў, пытаньні пра сытуацыю з газам параілі накіраваць у Міністэрства энэргетыкі:

"Усе загады ідуць праз дыспэтчарскія каналы Міністэрства энэргетыкі. "Магілёўэнэрга" іх апэратыўна выконвае. Да сёньняшняга дня мы з праблемамі асаблівымі не сутыкаліся".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Прадпрыемствы Гарадзеншчыны працуюць бязь зьменаў. Праўда, усе з насьцярожанасьцю назіраюць за тым, як будуць разьвівацца падзеі далей.

"Пакуль бязь зьменаў, чакаем…"

Сёньня карэспандэнт Свабоды найперш пацікавіўся: ці ня ўпаў ціск пры падачы газу да самага буйнога спажыўца ў вобласьці — ААТ "Гродна-Азот". Генэральны дырэктар прадпрыемства Ігар Жылін запэўніў, што пакуль вытворчасьць працуе без перабояў.

Смаргонскі сылікатны завод — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў газу ў раёне — пакуль таксама не адчувае праблемаў з падачай газу.

Галоўны энэргетык прадпрыемства, Аляксей Лявонаў, кажа, што на заводзе ёсьць невялікі запас мазуту, але тут пакуль нават не стваралі апэратыўнага штабу, паколькі спадзяюцца, што канфлікт вырашыцца:

"Я думаю, што ўсё хутка скончыцца. Там таксама сядзяць разумныя людзі. А да нас пакуль гэта не дайшло — спадзяюся, што і ня дойдзе".

У “Смаргоньміжрайгазе” галоўны інжынэр Павал Дасюк сказаў нашаму радыё, што хоць пакуль падзеньня ціску ў трубах пры падачы газу няма, але іх служба ўвесь час уважліва сочыць за сытуацыяй:

"Усё пакуль нармальна: ціск стабільны, абмежаваньняў ніякіх няма. У нас падрыхтаваны комплекс мерапрыемстваў на выпадак, калі нешта здарыцца, створаны штаб, і ў нас група, прызначаны дзяжурныя кругласутачныя зь ліку адказных кіраўнікоў. У выпадку абмежаваньняў паступленьня газу будзем пераходзіць на іншы від паліва".

“Сёньня людзей надурыць немагчыма"
Уладзімер Някляеў прыехаў на Лідчыну, каб падтрымаць пратэст супраць будаўніцтва заводу са шкоднай вытворчасьцю

Таксама сёньня на Гарадзеншчыне газавая праблема абмяркоўвалася ў вёсках Шырокае і Доліна, якія побач зь Лідай.

Тутэйшыя людзі пратэстуюць супраць плянаў будаўніцтва заводу са шкоднай вытворчасьцю. Падтрымаць такія намеры прыехаў грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў. Ён кажа, што ў гутарках паўставала і тэма скарачэньня паставак у Беларусь расейскага газу:

"Людзі сьмяюцца з таго, што нібыта Лукашэнка пазычыў грошы ў нейкіх сваіх сяброў, каб заплаціць за газ. Я клянуся вам пасьля ўсіх маіх паездак: сёньня людзей надурыць немагчыма, іншая рэч — пакуль яны пабойваюцца праўду ўслых сказаць. Але тэндэнцыя такая, што ўсё больш тых, хто кажа: усё, досыць, абрыдла адчуваць сябе мышамі пад венікам".

”Гэта пачатак эканамічнага краху рэжыму"

Разам з Уладзімірам Някляевым у паездцы па Гарадзеншчыне ўдзельнічае публіцыст Аляксандар Фядута. На яго погляд: ці адаб’ецца скарачэньне паставак газу з Расеі на жыхарах Гарадзенскай вобласьці, усёй краіны?

"Я лічу, што на прадпрыемствах гэта абавязкова адаб’ецца, а як вынік — адаб’ецца і на людзях. Справа ў тым, што прадпрыемствы пачалі плаціць за газ паводле кантракту з "Газпромам" ужо з пачатку гэтага году. І насамрэч нашыя ўлады зьбіраліся гэтыя грошы пакласьці проста ў бюджэт, спадзяваліся, што Расея праглыне і зноў будзе халява з газам. Цяпер улада зразумела, што гэтага ня будзе і грошы давядзецца вымаць зь кішэні і плаціць Расеі за газ. Але гэта значыць, што на сацыяльныя праграмы ў перадвыбарчы год зноў няма грошай. А дзеля таго каб выйграць выбары, улада зноў пойдзе на тое, каб цягнуць грошы з прадпрыемстваў і зь людзей больш-менш заможных — я маю на ўвазе гэтую пастанову пра "дамы падвышанай камфортнасьці". Я думаю, гэта пачатак эканамічнага краху рэжыму", – кажа Аляксандар Фядута.

“Цяперашняя сытуацыя — справа высокага ўзроўню"

Бацькі журналіста Івана Романа жывуць у Гарадзенскім раёне. Як вяскоўцы ацэньваюць падзеі вакол расейска-беларускага газавага канфлікту?

"Што датычыць вёскі, людзі прытрымліваюцца там аднабаковай пазыцыі: лічаць, што Расея павінна даваць газ па тых коштах, якія задавальняюць Беларусь. Я зразумеў, што тая абмежаваная інфармацыя, якая трапляе жыхарам сельскай мясцовасьці, аказвае вялікі прапагандысцкі ўплыў. Людзі дэзынфармаваныя, таму чуеш ад іх такія высновы. Яны ня ўлічваюць таго, што на сёньняшні дзень Беларусь і так атрымлівае газ амаль удвая таньней, чымсьці Ўкраіна, хаця ўкраінцы таксама ў тых акопах былі разам зь беларусамі", – распавядае Іван Роман.

Таксама сёньня карэспандэнт "Свабоды" спрабаваў атрымаць апэратыўную інфармацыю на газавымяральных станцыях газаправоду "Ямал — Эўропа" ў Расеі і ў Беларусі. На пытаньне, ці спыняе Расея прапампоўваньне газу, супрацоўніца Смаленскага лінейнага ўпраўленьня Надзея Васількова патлумачыла:

"Ніякіх заяў мы ня маем права рабіць. Таму ўсіх пераадрасоўваем на "Газпром". Цяперашняя сытуацыя — справа высокага ўзроўню".
XS
SM
MD
LG