Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нас здымаюцца сёньня “Газавыя войны”, кажуць, сэрыял будзе з працягам. Наш горад нездарма называюць “Галівудам над Нёмнам”, кінагрупы рэгулярна прыяжджаюць, часам падзяліць ня могуць разваліны, чаргу займаюць, бо ўсё пра вайну фільмуюць, іншых карцінаў у нас не бывае. Дый ў рэчаіснасьці баявыя дзеяньні бадай не спыняюцца: закончылася партызанка, зь зялёнымі братамі “разабраліся”, з халоднай вайной пакончылі, дык малочная пачалася, газавая, спакой нам толькі сьніцца, як сказаў паэт.


Атрымліваецца хіба сумесь з “Агента 007”, “Руіны страляюць” і яшчэ чагось патрыятычнага, што “Галівуд”, дарэчы, таксама любіць: зорна-паласаты, скупыя мужчынскія сьлёзы марской пяхоты, мы перамаглі! Вось і мы важымся змагчы “усходняга агрэсара”, які патрабуе грошы за прыродны газ. З нажом да горла прычапіўся: кашалёк або сьмерць! У сэнсе — грошы на бочку, інакш вэнтыль перакрыю! Але трапіла каса на камень, мы таксама не лапцёй капусту сёрбаем, у міжнародным законе аб правах спажыўца ўсе хады і выхады вывучылі, як рыба ў вадзе пачуваемся.

Словам, тое, што цяпер русакі завялі зьвягліва сваю падрапаную кружэлку — “Плаці хутчэй, бо горш будзе!” толькі паспрыяла кінагрупе, усе адчулі рэчаісны прысмак сцэнарнай вайны, хутчэй сказаць пах, але ўжо ня пораху, а — СН4, хаця адзінай формулы ў яго, здаецца, няма. Кіно будзе аб тым, як здабыўшчык газу пачынае патрабаваць “заднім чыслом” заплаціць большыя грошы, чым дамаўляліся, наша незалежная і сувэрэнная рэспубліка абурана і неадкладна складае скаргу ў эканамічны суд. Каварны вораг абвяшчае, што скароціць пастаўкі на 85 адсоткаў (ня ведаю, як пачаткова было ў сцэнары, але лічбу зрабілі адпаведнай сапраўднай).

Як на ліха, у нашым горадзе стаіць гігант хіміі, што спажывае дзясятую частку ўсяго газу, які атрымлівае нашая рэспубліка. Перажыткі каманднай эканомікі: вырашылі калісь дзяды ў Палітбюро, што лягчэй і бясьпечнай газ да нас пампаваць, чым рабіць на месцы шкодныя хімічныя рэчывы і цераз усю савецкую тэрыторыю дастаўляць у наш памежны горад, каб далей прадаваць на Захад капіталістам. Савецкі народ можа спаць спакойна, маўляў. А нам тут не да сну было і цяпер тым больш — няма газу — аварыйнае адключэньне наступае. Гэта як з кампутарам — самае небясьпечнае — калі падлучаеш і калі сканчаеш працу. Тут у нас вучэньні нядаўна былі: напалі раптоўна людзі ў масках, каб падпаліць газ і выбухнуць гігант хіміі, але ў кіно інакш — газ сканчаецца, працы няма, агрэсар падбухторвае рабочых выступіць супраць ураду.

Наш губэрнатар (што ж рабіць!) — мужны заклапочаны твар — бярэ адказнасьць на сябе, рашуча перакрывае засланку, і газ, які ўсходні сусед нахабна пампуе праз нашую трубу капіталістам, паступае на гігант хіміі, каб там, ня дай божа, не спыніўся працэс, і рабочыя не зрабіліся бунтаўшчыкамі. У адказ непрыяцель (лысыя чэрапы, квадратныя сківіцы, грубыя твары) засылае забойцу, ён сьмяротна параніць сьмелага губэрнатара (у яго няма аховы), які пасьпявае сказаць здымачнай групе мясцовага тэлебачаньня: перадайце там, у Горадзе-героі, асабліва старшыні ўраду, айцу нашаму, што не прапусьцілі ворага, як калісьці ў 41-м нашыя дзяды-прадзеды ў Крэпасьці-героі стаялі насьмерць…

Камэра ўзьлятае ўгару: турботна гудуць заводзкія гудкі, рабочыя гіганту хіміі, пачуўшы трагічную зьвестку, кідаюць працу і выходзяць на плошчу, патрабуючы неадкладна адпомсьціць агрэсару, а героя-губэрнатара — конча ўзнагародзіць, хай пасьмяротна. Наступныя кадры: чорныя бэрэты рэспублікі-спажыўца вымушана адрываюцца ад штодзённага абшукваньня на вуліцах мінакоў ды іхніх торбаў, сядаюць у вялізны лятак, каб захапіць газавыя промыслы ўсходняга суседа і дыктаваць свае ўмовы: “кто смел, тот и съел”.


  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG