Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ж там "намуцілі" з газам?


Стась Івашкевіч -- эканамічны аглядальнік. Аўтар шэрагу аналітычных публікацыяў па эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. На запрашэньне Нью Ёркскага Ўнівэрсытэту ў Празе чытаў лекцыі па ўступленьні Расеі ў СГА.

Стась Івашкевіч -- эканамічны аглядальнік. Аўтар шэрагу аналітычных публікацыяў па эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. На запрашэньне Нью Ёркскага Ўнівэрсытэту ў Празе чытаў лекцыі па ўступленьні Расеі ў СГА.

У адрозьненьне ад папярэдніх газавых войнаў, гэтая вызначаецца асаблівай блытанінай. Супярэчлівыя лічбы сустрэчных пазоваў аб розьніцы ў кантрактных цэнах ды транзытнай запазычанасьці замешваюцца на рыторыцы, якая гучыць надзвычай жорстка нават звыкламу да гандлёвых войнаў ды мытна-саюзьніцкай гістэрыі вуху. Цэнтральнай фразай апошніх падзеяў стаў паблажлівы камэнтар Дзьмітрыя Мядзьведзева адносна недапушчальнасьці замены валютных плацяжоў "ні пірагамі, ні маслам, ні сырам". Але тут ён крыху схітраваў. Менавіта ў сыры ды масьле і схаваныя першакрыніцы сёньняшняй вайны.


Ці выйграе Лукашэнка гэтую газавую вайну?


Пачаць з таго, што Аляксандар Лукашэнка яшчэ ніводнай "газавай вайны" не выйграваў (гл. "Храналёгію гандлёвай вайны"). Хаця вінаваціць яго ў гэтым цяжка. Калі ўжо шукаць "крайняга", то можна сьмела ўсё сьпіхваць на "фрыцаў".

Што немцу добра, беларусу – сьмерць


Менавіта кіраўніцтва ФРГ, якое дало ў канцы 50-ых гадоў штуршок да стварэньня расейскай газатранспартнай сыстэмы ў Эўропу, падрэзала Беларусі крылы ва ўсіх будучых газавых спрэчках з Масквой. Не жадаючы быць залежнай ад транзыту праз Усходнюю Нямеччыну, Бон тады стаў у пазыцыю, заявіўшы, што паліва ён гатовы атрымліваць толькі з украінскіх "Дружбы" ды "Саюзу", якія абміналі як ГДР, так і камуністычную Польшчу.

У выніку менавіта з Украіны распаўзлася пачварна гіпэртрафаваная клюшня трубаправодаў, здольная забясьпечыць 95% эўрапейскіх патрэбаў. Пагрозы Аляксандра Лукашэнкі закрыць вэнтыль насамрэч могуць напалохаць адно Літву ды Калінінградзкую вобласьць.

Бура ў шклянцы вады


Пакінуўшы ўбаку піяр, эканамічную важкасьць гэтага канфлікту можна ацаніць па дынаміцы цэнаў акцыяў Газпрому на фондавых біржах. Апошнімі днямі яны стабільна расьлі, даючы рэзкі кантраст зь імклівым піке ў часе аналягічных канфліктаў з Украінай.

Галоўная эканамічная прычына, зь якой Эўразьвяз дагэтуль атрымлівае празь Беларусь 25% расейскага газу, а не 5% – цана транзыту. І справа ня толькі ў карацейшых маршрутах. Менск прапампоўвае газ “старэйшага брата” ўдвая таньней, чым крыху менш братняя Ўкраіна. Тут мы і падыходзім да першай загадкі гэтага канфлікту – транзытнай запазычанасьці.


Загадка першая: транзытныя жарсьці


Хаця загадкі ў гэтым, насамрэч, няма. Ад пачатку гэтага году Крэмль атрымліваў беларускія "плацёжкі" з жаданай, а не кантрактнай цаной за газ – $150 за тысячу кубічных мэтраў. Масква, па зразумелых прычынах, падпісваць гэтыя граматы адмаўлялася. Цяпер пакрыўджаныя беларусы нарэшце выдрукавалі гэтыя дакумэнты з цаной папраўленай. Але папраўлены там і кошт транзыту.

Калі вы так, напісаў Крамлю разьюшаны саюзьнік, дык плаціце ж тады не $1,45, як было пры цане $150 за тысячу кубамэтраў – а $1,74 за першы квартал (пры кантрактнай цане газу для Беларусі $169,22 за тысячу кубамэтраў) і $1,88 за другі ($184 за тысячу кубамэтраў).

Розьніца даволі істотная. Калі пры кантрактнай цане транзыту Газпром вінен Белтрансгазу за паўгодзьдзе 208 мільёнаў даляраў, то з папраўкай на павялічаную пошліну – 260. У выніку – каля 100 лішніх мільёнаў на год, якія на дарозе не валяюцца. На першы погляд, беларуская прэтэнзія цалкам абгрунтаваная...

Загадка другая: адкуль беларусы ўзялі сваю цану?


...дый нават і на другі. Павелічаць транзытныя пошліны ў адказ на падвышэньне цэнаў – стандартная практыка. Летась гэта цалкам палюбоўна зрабіла Ўкраіна. Прычым украінская транзытная пошліна непрапарцыйна большая за беларускую, нават калі прыняць у разьлік розьніцу ў цане. А з наступнага году краіны будуць плаціць за газ аднолькава.

Але, нягледзячы на справядлівасьць уважаньняў, Менск сваю пошліну падняць ня можа, бо яна зафіксаваная ў кантракце ажно да канца наступнага году.

Як жа Лукашэнка сеў у такую калюжыну, падпісаўшыся на павелічэньне цэнаў і пакінуўшы нязьменнай пошліну? Хіба дурны?

Больш слушна сказаць – абдураны.

Расейскі гамбіт...


Рэч у тым, што калі Беларускі ўрад падпісваў за чатыры хвіліны да новага 2007 году кантракт, які прадугледжваў паступовую адмову ад зьніжак на расейскі газ – прысутнічала адна прынцыповая вусная дамоўленасьць. Расея тады дэкляравала, што яна сама зьбіраецца выйсьці на роўнадаходнасьць унутраных цэнаў на паліва з экспартнымі да 2011 году.

У гэтым выпадку скасаваньне газавай датацыі выглядала ня толькі лягічна (ну, не патрабаваць жа меншай цаны, чым у Смаленску!), але і ня страшнай. Аснова беларускай эканамічнай мадэлі заставалася непарушнай – расейская вытворчасьць падаражэла б аднолькава зь беларускай. Пры тым, што расейскі рынак паглынаў 90% экспарту, старэйшыя браты фактычна самі б і прафінансавалі даражэйшае паліва, працягваючы купляць беларускія трактары ды камбайны.

Захаваньне цаны за транзыт і было ўмовай сынхроннага з Расеяй росту цэнаў для Беларусі.

...а дакладней – махлярства


Але ж паразважаўшы год, Пуцін перадумаў і вырашыў зрабіць пераходны пэрыяд для Расеі не зь 2007 па 2011 гады, як плянавалася – а зь 2010 па 2014. Мэханізм гэтага пераходу быў сёлета і запушчаны.

Расейцы тады вінавата паківалі на эмацыйныя папрокі саюзьніка і пагадзіліся аднавіць “справядлівасьць”. Мядзьведзеў публічна паабяцаў браць за газ па сярэднегадавым узроўні, а астатнюю розьніцу Крэмль кампэнсаваў двума "стабілізацыйнымі крэдытамі".

На абяцаньне Мядзьведзева Менск і спасылаўся, настойваючы на ніжэйшай сёлетняй цане.

Маслам і сырам усё ж можна...


Але абяцана гэта было не за проста так. Зь беларускага кіраўніка выбілі абяцаньне ў адказ: аплаціць паблажку тым самым маслам і сырам, пра якія Мядзьведзеў з такой пагардай згадваў на мінулым тыдні.

На перамовах у Завідаве ў лістападзе 2008 году былі падпісаныя два пакеты пагадненьняў: аб супрацы ў фінансавай і ў паліўна-энэргетычнай сфэры. Паводле расейскага боку, на гэтых перамовах было дамоўлена аб уваходзе расейскага капіталу ў 10 беларускіх малакаперапрацоўчых заводаў і ў абодва НПЗ. Па гэтым пытаньні былі ўрачыста створаныя адпаведныя міжурадавыя камісіі

Чым гэта закончылася – мы ўсе добра памятаем. На прапановы расейскіх інвэстараў аб выкупе акцыяў малаказаводаў ды НПЗ увесну 2009 году Лукашэнка недвухсэнсоўна паказаў ім камбінацыю з трох пальцаў.

...але ўжо позна

Лішне казаць, што расейскі бок не паставіўся да такога фартэлю па-спартоваму. Прыляцеўшы ў Менск па тлумачэньні, Пуцін вуснамі Кудрына параіў Беларусі пашукаць апошнюю траншу стабілізацыйнага крэдыту там, куды Лукашэнка паслаў расейскіх інвэстараў. Газпром жа, сярод грымотаў малочнай вайны, параіў беларускаму лідэру пашукаць там жа і абяцаны раней танны газ.

Такім чынам вынікі цяперашняга канфлікту прадказаць няцяжка. Заплаціць Беларусь тую запазычанасьць, атрымае свой транзытны плацёж (без павышэньня), а з наступнага году будзе купляць газ па сусьветных цэнах...

Застаецца, аднак, яшчэ адна загадка.


Загадка трэцяя: чаму расейсцы адмовіліся ад Белтрансгазу ды НПЗ?


Запозьненая прапанова Лукашэнкі прадаць за вяртаньне ўнутрырасейскіх цэнаў на газ рэшту Белтрансгазу ды НПЗ не магла спрацаваць па дзьвюх прычынах. Па-першае, Менск ужо і так іх меўся прадаць паводле завідаўскіх пагадненьняў. За гэта ўжо было спаўна заплачана наперад. Пуцін яшчэ ні разу не выстаўляў сябе прастаком, які па дзесяць разоў плаціць за ўсё таго ж каня. І ўжо ніяк яму не выпадае пачынаць цяпер.

Бо па-другое – Менск і так будзе вымушаны прадаць усё, за што расейцы пагодзяцца даць грошай. Увядзеньне пошлінаў на нафту пакінула беларускі бюджэт зь велізарнай дзіркай, нават пры ўмове залучэньня ўсіх вядомых крэдытных магчымасьцяў (гл. блог "Кіргіскі сцэнар для Беларусі: прагнозы МВФ"). Павелічэньне коштаў на газ фактычна падпілоўвае апошнюю ножку зэдліка, які не дае пятлі канчаткова зацягнуцца на шыі беларускага эканамічнага цуду.

Цугцванг


З ацэнак МВФ і самога беларускага ўраду вынікае, што адзіны рэалістычны спосаб пазьбегнуць цягам году абвалу беларускага рубля і дэфолту банкаўскай сыстэмы – яшчэ сёлета падпісаць саюзныя пагадненьні. Прычым ня проста па Мытным саюзе (як “наіўна” прапанаваў АРЛ на мінулым тыдні) – а і па АЭП. Толькі на такіх умовах Расея гатовая даць пагандляваць бяспошліннай нафтай яшчэ год-два.

Пагадненьні ж па АЭП былі нядаўна агучаныя. Сярод іх – свабодны доступ капіталу трох краін да прыватызацыі прадпрыемстваў, а таксама гарманізацыя праграмаў датацыяў (у выпадку Беларусі – кардынальнае іх зьніжэньне). Калі ня здарыцца неспадзяванага цуду, то гэтая грымучая сумесь гарантуе Расеі і Белтрансгаз, і НПЗ, і ўсё астатняе – максымальна цягам двух год.

...


Зрэшты, цуду ня варта ўжо сьпісваць катэгарычна. Пры вялікай колькасьці “але” ды “калі”, паратунак можа прыйсьці зь нечаканага боку, абмінуўшы як Захад, так і Расею, і нават даць Беларусі новы гістарычны штуршок эканамічнага разьвіцьця...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG