Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганьба Францыі — сьвята Ірляндыі


Швайцарскія заўзятары - радавацца ці плакаць яны будуць у пятніцу

Швайцарскія заўзятары - радавацца ці плакаць яны будуць у пятніцу

Зборная Францыі скончыла свой выступ на мундыялі — яна яго і не заслугоўвала, бо трапіла ў Паўднёвую Афрыку зусім не па-джэнтэльмэнску. Узгадваеце? Адборачны матч з Ірляндыяй, дадатковы час, Анры спыняе мяч рукой, рукой скідае сабе на нагу, і… арбітар залічвае гол, і Францыя выпраўляецца на чэмпіянат сьвету. Хочаце вострых адчуваньняў? Прыедзьце ў Ірляндыю і загаварыце ў пабе па-француску…




Пасьля ганебнага вылету Францыі з апошняга месца ў групе, думаю, гарачыя ірляндцы крыху супакояцца. Падчас матчаў зборнай Дамэнэка ўся Ірляндыя жадала ўдачы супернікам "пеўняў" і ўсяляк выказвала сваё "фэ" французам. Напрыклад, сетка дублінскіх піцэрый выдавала бясплатныя піцы ўсім карыстальнікам свайго сайту, якія былі онлайн у той момант, як мяч залятаў у сетку варотаў зборнай Францыі.

Рука Анры, аднак, ніяк не дацягвае да знакамітай "Рукі Бога". Гэта Марадона забіў ангельцам на чэмпіянаце сьвету 1986 году, у тым матчы Аргентына перамагла 2:1 і ў выніку выйграла золата.



Мае прагнозы наконт трыюмфатараў з групаў A ды B спраўдзіліся толькі часткова. Уругвай не падпісаў міравую з Мэксыкай, але ў выніку абедзьве каманды трапілі ў 1/8 фіналу. Зборная Паўднёвай Афрыкі адчайна спрабавала забіць шмат у вароты французаў, але зладзіла толькі 2 мячы — гэтага хапіла для перамогі, але не хапіла для таго, каб апярэдзіць мэксыканцаў. Пасьля перапынку лік быў 2:0 — якраз такі, як прагназавала афрыканская вядзьмарка ў эфіры "Эўраспорту" напярэдадні гульні.

Нігерыя была за крок ад перамогі ў матчы супраць Паўднёвай Карэі. Капітан нігерыйцаў Якубу ня здолеў пацэліць у пустыя вароты з паўмэтра. Паўднёвыя карэйцы ўсьлед за аргентынцамі выйшлі з групы.



У 1994 годзе за аўтагол, празь які зборная вылецела з турніру, на радзіме быў расстраляны з аўтамата абаронца калюмбійскай зборнай Андрэс Эскабар. Беражы цябе Божа, Якубу…

XS
SM
MD
LG