Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая вайна паміж Расеяй і Беларусьсю зьяўляецца адной з асноўных тэмаў сёньняшніх выданьняў сусьветнай прэсы.




International Herald Tribune
, міжнароднае выданьне газэты The New York Times, пішучы аб загадзе Аляксандра Лукашэнкі перакрыць транзыт расейскага газу празь Беларусь у Эўропу, сьцьвярджае, што канфлікт выклікае штораз больш пытаньняў наконт эўрапейскай залежнасьці ад расейскіх газавых паставак. Разам з тым газэта цытуе Марлену Гольцнэр, прэсавага прадстаўніка камісара Эўразьвязу ў энэргетычных пытаньнях Гюнтэра Этынгера, якая сказала ўчора, што пакуль няма пацьверджаньня, што Менск насамрэч перакрыў або стрымлівае транзыт расейскага газу.

Брытанская газэта The Guardian згадвае завочны абмен рэплікамі паміж Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам, у якім першы — у "сакавіта саркастычнай" фразе, як зазначае газэта — адмовіўся браць заплату за газ "пірагамі, маслам, сырам і блінамі", а другі ўгледзеў у гэтай адмове — і слушна, паводле The Guardian — спробу прынізіць беларускага гандлёвага партнэра.

"Спрэчка падкрэсьлівае пагаршэньне адносінаў паміж Масквой і Менскам. У мінулым месяцы Лукашэнка раскрытыкаваў Крэмль за прызнаньне часовага ўраду ў Кіргізстане і нават даў прытулак зрынутаму прэзыдэнту Курманбеку Бакіеву... Абодва суседа таксама ня могуць дайсьці да ладу з новым мытным саюзам, у які ўваходзяць Расея, Беларусь і Казахстан, і які павінен уступіць у сілу з 1-га ліпеня. Гэта для Крамля палітычна і эканамічна важны праект. Але Лукашэнка адклаў яго ратыфікацыю, спадзеючыся атрымаць далейшыя саступкі ад Расеі адносна нафтавых і газавых тарыфаў ды іншых субсыдыяў з савецкай эпохі," — піша The Guardian.


Financial Times адзначае, што аналітыкі лічаць, што газавая беларуска-расейскфя спрэчка ня будзе мець такіх сур’ёзных наступстваў для Эўропы, як украінска-расейскі газавы канфлікт у студзені 2009, калі спажыўцы расейскага газу ў Эўропе сапраўды адчулі скарачэньне паставак і некалькі дзён заставаліся без абагрэву ў халодных кватэрах. Газэта прыгадвае, што сёлета Кіеў паабяцаў павялічыць пастаўкі расейскага транзытнага газу ў Эўропу, калі б на беларускім накірунку гэтыя пастаўкі адчувальна скараціліся б.

Лукашэнка палітызаваў гэты канфлікт, каб выбіць субсыдыі на нафту і газ ад Расеі напярэдадні ўступленьня ў мытны саюз — лічыць Financial Times, цытуючы аналітыка Ліліт Геварг’ян з Global Insight: "Па сутнасьці, Беларусь прапануе сваю палітычную ляяльнасьць узамен за льготны кошт энэрганосьбітаў".

Згадваючы абмен Мядзьведзева і Лукашэнкі рэплікамі наконт формы аплаты газавага доўгу, італьянская газэта La Stampa адзначае: "Сёньня ў Крамлі, як здаецца, пераважае лінія Мядзьведзева: больш увагі просьбам аб мадэрнізацыі, якія ідуць з Украіны, і менш спагадлівасьці для адданых "вытворцаў масла і сыру".

Нямецкая Frankfurter Rundschau свой іранічны камэнтар адносна расейска-беларускай газавай спрэчкі пачынае наступнай канстатацыяй: "Газпром” — гэта самы надзейны пастаўшчык газу ў сьвеце, як нагадвае ўсім віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Сечын. Ня менш надзейна “Газпром” і закручвае вэнтыль з газам, калі кліенты маюць праблемы з аплатай або калі яны спрабуюць весьці няслушную палітыку". А канчае гэты камэнтар газэта так: "Кіраўніцтва Расеі раздражняюць паводзіны Лукашэнкі: бо ён даў прытулак зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Бакіеву; бо ён хоча гаспадарчых кантактаў з Захадам; бо ён не танцуе пад маскоўскую дудку, а хоча, каб ягоны народ слухаў сваю мэлёдыю. Калі для расейскіх нацыяналістаў украінцы не зьяўляюцца ніякім сапраўдным народам, дык тым больш такімі не зьяўляюцца і беларусы. Таму “Газпром” павінен паставіць іх на правільны шлях".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG