Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Амаль тузін ахвочых стаць прэзыдэнтамі. А толку?.."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 23 чэрвеня 2010 году.


Галоўнай тэмай у нашай чэрвеньскай пошце працягвае заставацца неабвешчаная прэзыдэнцкая кампанія, пра ўдзел у якой у якасьці патэнцыйных кандыдатаў заявілі ўжо больш як дзясятак лідэраў і актывістаў апазыцыі. Стаўленьне многіх нашых слухачоў да гэтай зьявы супярэчлівае. Алесь Цадко з Маладэчна, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, наконт прэзыдэнцкіх амбіцыяў магчымых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі піша так:

"Амаль тузін асобаў, а толку зь іх ніякага.

На маю думку, пасьля так званай "перазагрузкі" адносін паміж ЗША і Расеяй лёс многіх кіраўнікоў колішніх савецкіх рэспублік цалкам перададзены Маскве. Тыя, хто прывёў Лукашэнку да ўлады і на працягу 16-ці гадоў падтрымліваў яго эканамічна і палітычна, цалкам расчараваліся ў ім. Апошнія падзеі пацьвярджаюць гэта. І верагоднасьць замены яго новым стаўленікам, на маю думку, даволі высокая.

Цяперашняя празаходняя апазыцыя мерацца сіламі з Крамлём ня здольная. Няма дзеля гэтага ні фінансавых, ні людзкіх рэсурсаў. Хто будзе зьбіраць подпісы, калі наступствам можа быць рэальная небясьпека вылецець з працы? Мясцовыя выбары гэта пераканаўча паказалі.

Рэальны лідэр Расеі Пуцін, якому, відаць, ужо даўно надакучыла дэмагогія так званага "саюзьніка", пачаў ціснуць на яго сваімі рычагамі. Пакуль — эканамічнымі. А для замены Лукашэнкі ў Маскве існуюць і іншыя варыянты, акрамя выбараў. Што ж, паглядзім, як гэта будзе"
.

Выбары ў іхным цяперашнім беларускім выглядзе прызначаны зусім не для зьмены ўлады. У Беларусі практычна цалкам рэанімаваныя савецкія выбарчыя тэхналёгіі, якія амаль стопрацэнтна гарантуюць патрэбны дзейнай уладзе вынік. Зрэшты, гэтак жа гарантавана яны забясьпечваюць і непрызнаньне вынікаў такіх выбараў дэмакратычнай супольнасьцю цывілізаваных дзяржаў.

Устойлівасьць палітычнага рэжыму ў Беларусі залежыць цяпер зусім не ад выбараў, а ад рэальных настрояў у грамадзтве, ад гатовасьці (ці негатовасьці) большасьці беларускай нацыі цярпець той палітычны і эканамічны лад, які стварыў Аляксандар Лукашэнка на падмурку ўласнай непадзельнай і незьмяняльнай улады. Зразумела, што гэта адэкватна ўсьведамляюць і ў Маскве, ведаючы, як значна грамадзкія настроі залежаць ад кошту расейскіх газу і нафты для Беларусі.

А вось наш слухач Уладзімір Лугаўцоў зь Менску лічыць, што тэме прэзыдэнцкіх выбараў ня варта надаваць значнай увагі. Ён піша:

"Тэлефануюць на "Свабоду" ўсё пра выбары, пра нейкіх кандыдатаў у прэзыдэнты... Трызьненьне! Якія выбары, калі ў іх удзельнічае самі ведаеце ХТО, а праводзяць кампанію Ярмошына ды Лазавік? А так званыя "кандыдаты"? Ну гэта ж сюжэт славутага авантурнага рамана Ільфа і Пятрова — "Дванаццаць крэслаў". Свой "прадвадзіцель дваранства", які важна надзімае шчокі, свой малады чалавек, падобны да афіцэра, якому абавязкова "дапаможа заграніца". А для поўнага падабенства — свой зіц-старшыня: тэхнічны кандыдат са Шклова. Яны што, Ільфа і Пятрова не чыталі? Ці гэта такі эўрапраект — праверка беларусаў на прыдуркаватасьць?

Мяне па-сапраўднаму хвалюе іншае. Вось слухаю "Свабоду" — зноў навала на "Народную волю" — трэцяе папярэджаньне ўладаў за "Нябышына. Вайна" Ільлі Копыла. І зноў паперадзе барацьбітоў супраць праўдзівых успамінаў — нейкія генэралы ды вэтэраны, якім самім з выгляду крыху больш за 60.

На заканчэньне хачу прапанаваць тэму для апытаньня жыхароў нашых гарадоў: ці цікава ім, як жыве былая намэнклятура, чым займаюцца іхныя дзеці?"


Дзякуй за падказку, спадар Уладзімір. Відавочна, людзям ня толькі цікава, як уладкавалася былая намэнклятура. Мясцовыя жыхары і самі могуць многае расказаць пра тое, як жывуць былыя начальнікі — якімі дамкамі абжыліся за гады цяжкой чыноўніцкай працы, якія кватэры набылі дзеткам у сталіцы ці за мяжой, якім мясьцінам аддаюць перавагу, выпраўляючыся ў адпачынак.

Пра выбары і мэтазгоднасьць удзелу ў іх піша нам у сваім лісьце і Галіна Александроўская з Магілёва. Яна перакананая, што апазыцыйныя лідэры павінны цяпер займацца не вылучэньнем кандыдатаў на прэзыдэнта, а падрыхтоўкай усеагульнага байкоту. Слухачка піша:

"Калі Лукашэнка казаў пра тое, што наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць вельмі цяжкімі, то яўна меў на ўвазе не сябе, а — апазыцыю. І доўга чакаць гэтых цяжкасьцяў не давялося. Пералічваць можна доўга: затрыманьне лідэраў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", раптоўныя напады на офісы гэтай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах з наступным разгромам, ператрусы ў кватэрах актывістаў і журналістаў... Мае рацыю Зянон Пазьняк: зыходзячы з усяго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, няма ніякага сэнсу браць удзел у наладжаным уладай шоў пад назвай "выбары". Усім жа зразумела: апроч уласнай так званай "элегантнай" перамогі на выбарах, ніякага іншага выніку Лукашэнка не прызнае. А таму ўсім лідэрам партый і рухаў неабходна адкінуць рознагалосьсі і разам рыхтаваць усебеларускі байкот. Народ Беларусі цалкам гатовы да гэтага. Байкатаваць такія выбары — гэта значна больш прыстойны ўчынак, чым удзельнічаць у іх".

Адказваючы на заклікі Зянона Пазьняка да байкоту, кандыдат на прэзыдэнта ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў на мінулым тыдні выказаў меркаваньне, што наладжваць такі байкот ужо позна. І ўвогуле, партыя БНФ прыняла рашэньне ісьці да выбарцаў праз вылучэньне на прэзыдэнта, бо, маўляў, калі ня ўдзельнічаць у выбарах, то немагчыма данесьці свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне...

Прыблізна такая ж пазыцыя і ў дзясятка іншых патэнцыйных кандыдатаў зь ліку апазыцыйных лідэраў. Зважаючы на тое, што выбарчую кампанію яны ўжо распачалі, цяжка ўявіць, што гэтыя ж людзі аб'яднаюцца дзеля сумеснага наладжваньня байкоту блізкіх выбараў.

Нашаму слухачу Мікалаю Цімафеенку зь вёскі Атражжа Чавускага раёну — амаль восемдзесят гадоў. Пасьля вайны скончыў вайсковае вучылішча і ўсё жыцьцё служыў у Савецкай арміі — на Ўрале, у Паволжы, у Вугоршчыне, Нямеччыне, Беларусі. Апошнім часам яго зацікавіла гісторыя роднай вёскі, асабліва ваеннага часу. Распытваючы нямногіх ацалелых сьведкаў пачатку вайны, спадар Мікалай даведаўся шмат такога, пра што афіцыйная прапаганда імкнецца маўчаць. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач так піша пра лета 1941-га году на Магілёўшчыне (цытую ліст):

"У той хаце, дзе я нарадзіўся, была калгасная кантора. Калі пачалася вайна і была абвешчана мабілізацыя, у нас сабралася каля 40 вясковых мужчын. Выпілі па чарцы, пагаманілі на разьвітаньне... Пад вокнамі стаяла 10 фурманак, на якіх яны паехалі на вайну. Цікава, што супрацоўнікі Чавускага райваенкамату, абвясьціўшы мабілізацыю, самі першымі ўцяклі з гораду. Прызваныя мужчыны ня ведалі, што ім рабіць. Многія імкнуліся далучыцца да савецкіх войскаў, якія імкліва адступалі. А ўсьлед ішлі немцы, даганяючы і забіваючы іх. З нашай вёскі было мабілізавана каля 60 чалавек. Многія зь іх загінулі ў першыя дні вайны.

Я пачаў зьбіраць пра ўсё гэта зьвесткі. Хачу захаваць памяць пра іх. У сваёй хаце задумаў зрабіць музэй — пра гісторыю вёскі, вайны... Расказаў пра гэта старшыню Благавіцкага сельсавету Мачульскаму. Папрасіў дапамогі. А ён толькі пасьмяяўся зь мяне. Ня толькі дапамогі я не дачакаўся. Неўзабаве з хаты зьніклі шыфэр, шалёўка, разабралі падлогу. Усё гэта на двух трактарных прычэпах вывезьлі ў вёску Благавічы. Скардзіўся я ў міліцыю, райвыканкам, пракуратуру, але мне нават адказу не даюць. Яшчэ і вінаватым мяне зрабілі — нібы я ўзьвёў паклёп на старшыню сельсавету. А я лічу, што ўлада павінна і аднавіць хату, і дапамагчы стварыць музэй"
.

У апісанай вамі, спадар Мікалай, гісторыі ня ўсё зразумела. Малаверагодна, каб улада распарадзілася сарваць з жылой хаты шыфэр ды разабраць падлогу... Мяркуючы па зваротным адрасе на канвэрце, самі вы жывяце ў Магілёве, а ў бацькоўскую хату наведваецеся час ад часу. Калі не ведзяце там гаспадарку і ня плаціце падатку, то, паводле беларускіх законаў, сапраўды, улада можа рабіць з такой нерухомасьцю, што пажадае. Такім вось чынам у Беларусі вырашылі разабрацца з праблемай занядбаных пабудоў у паміраючых вёсках.

Што да стварэньня музэю ў адной з такіх вёсак... Напэўна, бескарысьлівымі намаганьнямі якога-небудзь энтузіяста калі не музэй, то які-небудзь мэмарыяльны куток стварыць можна. Але разьлічваць на тое, што ствараць і ўтрымліваць яго возьмецца які-небудзь сельсавет зь ягоным мізэрным бюджэтам — у сёньняшніх беларускіх умовах гэта выглядае чымсьці малаверагодным.

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра, аўтара шматлікіх цікавых допісаў Кастуся Сырэля з Ушачаў, пра выпадак, які сам слухач называе вясёлым, але ў сапраўднасьці мае патрэбу ў камэнтары і ўдакладненьні. Спадар Кастусь піша:

"Вельмі мяне павесяліў сёньня адзін мой даўні знаёмы. Ён, як і я, даўні і сталы слухач Свабоды. Спачатку пацікавіўся ў мяне наконт дыску "Быкаў на Свабодзе", а потым… ня ведаю нават, як лаўчэй сфармуляваць. Карацей кажучы, нехта яму сказаў, быццам я атрымліваю нейкія грошы за тое, што пішу лісты на Свабоду. Акрамя слоў "што за лухта", я не знайшоў, што адказаць. А што тут адкажаш? Тое, што пісаць на Свабоду стала для мяне патрэбаю душы, як у свой час для Васіля Быкава стала патрэбаю душы вечарам уключаць радыёпрыймач і слухаць Свабоду? Чаму? А па той самай прычыне, па якой я пішу назву радыёстанцыі без двукосься, успрымаючы яе не як радыёстанцыю, а як форму існаваньня, як свабоду і маёй таксама асобы, як стан маёй душы, калі хочаце. Дык той незнаёмец проста не зразумее таго, што я кажу, тады навошта і тлумачыць нешта? Не цытаваць жа яму словы з Эвангельля ад Мацея: "Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль ды іржа точаць і злодзеі падкопваюць і крадуць, але зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе моль ды іржа ня точаць і злодзеі не падкопваюць і ня крадуць".

Адмыслова для вашага, спадар Кастусь, пільнага і падазронага знаёмца ўдакладняем: ніякіх грошай аўтарам лістоў "Свабода" не выплочвае. Ён сам можа пераканацца ў гэтым, напісаўшы нам. Адзінае ўзнагароджаньне, на якое могуць разьлічваць нашы актыўныя аўтары, — невялікія падарункі ў выглядзе кніг і дыскаў з запісамі найбольш адметных перадач, што ў розны час гучалі на нашых хвалях. Але і ня дзеля гэтага пішуць нам адданыя сябры "Свабоды", цікавыя асобы, якім ёсьць што сказаць, чым падзяліцца. Дзеля чаго ж яны гэта робяць? Гэта спадар Кастусь сам пераканаўча і вычарпальна патлумачыў у сваім допісе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG