Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праведнікі сустрэліся з прэзыдэнтам Ізраілю


Шымон Пэрэс

Шымон Пэрэс

Праведнікі народаў сьвету зь Беларусі, якія знаходзяцца зь візытам у Ізраілі, сустрэліся з прэзыдэнтам гэтай краіны Шымонам Пэрэсам.


Як паведамляе БЕЛТА, Шымон Пэрэс прыняў групу зь дзевяці беларускіх праведнікаў народаў і членаў іх сем’яў у сваёй рэзыдэнцыі ў Ерусаліме. Ад імя ўсяго габрэйскага народа ён падзякаваў праведнікам, якія ратавалі габрэяў у гады вайны.

Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала сустрэча выратавальніцы і выратаванай — Ганны Трафімавай і Рахель Шмайловіч. Жанчыны распавялі пра тое, як у гады акупацыі сям’я Ганны дапамагала габрэям менскага гета прадуктамі харчаваньня, хавала сям’ю Рахель падчас пагромаў і дапамагла пасьля ўцёкаў з гета перабрацца ў партызанскі атрад.

Беларуская дэлегацыя праведнікаў народаў сьвету з дваццаці чалавек накіравалася ў Ізраіль 20 чэрвеня і прабудзе там да 25 чэрвеня. Паездка ўпершыню арганізаваная Міністэрствам замежных спраў Ізраілю.

Візыт прысьвечаны 65-годзьдзю Перамогі і зьяўляецца знакам глыбокай удзячнасьці Ізраілю і ўсяго габрэйскага народа беларусам, якія, рызыкуючы сваім жыцьцём, а часьцяком і жыцьцём сваіх блізкіх, ратавалі габрэяў у гады Галакосту.

Імёны праведнікаў заносяцца на сьцяну гонару ў Садзе праведнікаў народаў сьвету на тэрыторыі комплексу Яд Вашэм у Ерусаліме. У гонар кожнага праведніка на Алеі праведнікаў у Яд Вашым пасаджанае дрэва.

Званьне «Праведнік народаў сьвету» прысвоенае каля 700 жыхарам Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG