Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумленьне Расеі


Фёдар Лук'янаў
Фёдар Лук'янаў
Над прыродай і мэтамі цяперашняга газавага канфлікту разважае ў выданьні “Газета” рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук'янаў.


Чарговы канфлікт Масквы і Менска нікога не зьдзіўляе, бо ад «саюзнага братэрства» даўно не засталося і сьледу. Але цяперашняе супрацьстаяньне не падобнае да папярэдніх раўндаў. Зьмяніўся агульны кантэкст, што паўплывала і на лёгіку паводзінаў бакоў.

Адрозьненьне расейска-беларускіх сувязяў ад стасункаў Расеі зь іншымі суседзямі палягала ў тым, што яны грунтаваліся на эканамічным падмурку. Гэта можа здацца парадоксам, бо Масква і Менск з канца 1990-х гадоў былі якраз у палітычным саюзе і практычна заўсёды займалі ідэнтычныя пазыцыі ў пытаньнях замежнай і ўнутранай палітыкі. Але гэты альянс меў пераважна дэкляратыўны характар. Затое дзякуючы наяўнасьці саюзнай дзяржавы палітычныя супярэчнасьці фармальна былі зьнятыя і не патрабавалі спэцыяльнага ўрэгуляваньня, у тым ліку з дапамогай эканамічных вагароў узьдзеяньня (як гэта мела месца ў выпадках, напрыклад, Украіны, Малдовы, Грузіі, краін Балтыі).

У двухбаковых канфліктаў нулявых гадоў, часам вельмі вострых, сутнасьць была заўсёды адна – спробы канвэртаваць палітычнае сяброўства ў эканамічныя дывідэнды. З боку Расеі гаворка ішла аб набыцьці беларускіх актываў, неабходных для аднаўленьня яшчэ савецкіх вытворчых ланцугоў, з боку Беларусі – аб забесьпячэньні максымальнага субсыдыяваньня нацыянальнай эканомікі з боку Масквы. І хоць вонкава транзытныя сутыкненьні Расеі і Беларусі нагадвалі падобны расейска-ўкраінскі сцэнар, палітычнага прысмаку, уласьцівага апошняму, яны ня мелі.

Цяпер адносіны набылі характар палітычнага супрацьстаяньня. Аляксандар Лукашэнка адкрыта выступіў супраць Крамля ў вострым і вельмі небясьпечным крызісе – перавароце ў Кіргізстане і падзеях, якія адбыліся ў гэтай краіне потым. Падтрымаўшы Курманбека Бакіева, даўшы яму трыбуну СНД (экс-прэзыдэнт выступае ў менскай штаб-кватэры гэтай арганізацыі) і фактычна абвінаваціўшы Маскву ў падтрымцы скіданьня легітымнага кіраўніка дзяржавы, беларускі лідэр паставіў пад сумнеў права Расеі на постсавецкае лідэрства. Прычым адбываецца гэта ў момант, калі для такога лідэрства ўзьніклі аб'ектыўныя перадумовы. Астатнія суб'екты вялікай сусьветнай палітыкі занураныя ва ўласныя праблемы, і па сутнасьці не пярэчаць таму, каб з праблемамі на тэрыторыі былога СССР, якія ўсім надакучылі, разьбіралася Масква.

У папярэднія гады ўсе сілы – інтэлектуальныя, палітычна-дыпляматычныя, эканамічныя аж да вайсковых – былі накіраваныя на тое, каб даказаць зьнешнім гульцам на Захадзе права Масквы на пераважны ўплыў у гэтай частцы плянэты. Курс атрымаў посьпех, збольшага з-за наступстваў сусьветнага крызісу, але тым ня менш. І тут высьветлілася, што прадуманага пляну аднаўленьня лідэрства няма. А Лукашэнка самастойна ўзяў на сябе ролю гэткага "сумленьня Расеі", увесь час закідаючы Маскве непасьлядоўнасьць і супярэчлівасьць яе палітыкі.

Непрызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі – напамін аб ранейшай пазыцыі Расеі адносна Косава, ад якой Масква адмовілася ў грузінскім выпадку. Абарона Бакіева – акцэнтаваньне таго, што ў часовага ўраду, падтрыманага Расеяй, адсутнічае прававая база, усё, што ён робіць, строга кажучы, незаконна, а Масква дзеліць адказнасьць за беззаконьне. Адмова далучыцца да Мытнага саюзу – падкрэсьліваньне нераўнапраўнага характару інтэграцыі, пры якой самы моцны партнэр робіць занадта мала крокаў насустрач больш слабым. Нарэшце, газавы канфлікт – выкрыцьцё падвойных стандартаў Расеі, якая ідзе на саступкі Кіеву, які ні ў якія аб'яднаньні з Масквой не ўваходзіць, але робіць больш жорсткім падыход да Менску, фармальна найбліжэйшага саюзьніка.

Усё гэта Лукашэнка кажа публічна, з уласьцівым яму талентам і пераканаўчасьцю, а таксама вельмі вольна жанглеруючы фактамі. Прэзыдэнт Беларусі, ясная рэч, дбае не пра закон і справядлівасьць увогуле, ён выбудоўвае самастойную лінію абароны супраць расейскага напору, павышаючы стаўкі на выпадак "вялікай угоды".

Самастойная лінія патрэбная, таму што разьлічваць на падтрымку Эўропы, да якой звычайна апэлююць апанэнты Расеі на постсавецкай прасторы, яму не даводзіцца. І прычына ня ў тым, што Захад не задавальняе аўтарытарная практыка «бацькі», на гэта вочы б заплюшчылі. Уласна, Эўразвяз пачаў відавочна "цяплець" да Менску яшчэ да расейска-грузінскай вайны, а пасьля жніўня 2008 г. працэс паскорыўся. Але эканамічны, а потым і палітычны крызіс Эўрапейскага Зьвязу зьвёў яго актыўнасьць на постсавецкай прасторы да мінімуму, Брусэлю і сталіцам вядучых дзяржаў відавочна не да таго. Беларусь, вядома, пастараецца рэанімаваць эўрапейскую фобію з нагоды расейскага энэргетычнага імпэрыялізму, але рэзананс ня будзе супастаўны з папярэднімі «газавымі войнамі». Да таго ж аб'ёмы транзыту празь Беларусь у разы меншыя, чым праз Украіну, на дварэ лета, а Эўропе больш за ўсё хацелася б, каб яе не адрывалі ад бітвы за еўра.

Менск гэта, праўдападобна, разумее, так што мае намер абапірацца на свае сілы. На руках у Лукашэнкі ёсьць козыры. Акрамя Мытнага саюзу, які застаецца ключавым прыярытэтам Масквы, да іх дабавілася і АДКБ. Гэтая арганізацыя неабходная Расеі для легітымацыі магчымых дзеяньняў у Кіргізстане, а Беларусь цалкам здольная накласьці вэта. Тым больш што пазыцыя Лукашэнкі па Бакіеву (нельга мяняць статус-кво) знаходзіць калі не падтрымку, то негалоснае разуменьне калегаў – Іслама Карымава, Эмамалі Рахмона і Нурсултана Назарбаева. Усе яны ў той ці іншай ступені асьцерагаюцца таго, што калі Расеі дазволіць мяшацца ва ўнутраныя справы, то рана ці позна гэта закране іх.

Для Масквы канфлікт зь Менскам на гэты раз таксама ў першую чаргу палітычны. Інтэграцыйныя праекты – стварэньне Мытнага саюзу, умацаваньне АДКБ – гэта спроба Расеі выкарыстаць сусьветную каньюнктуру і адсутнасьць цікавасьці іншых гульцоў, каб спыніць экспансію іншых цэнтраў сілы (ЭЗ, Кітай, ЗША) на постсавецкую прастору. Як ні дзіўна, менавіта Беларусь ператварылася ў галоўную перашкоду на шляху рэалізацыі гэтай мэты, асабліва таму, што Лукашэнка немагчыма назваць ні чыёйсьці марыянэткай, ні шалёным русафобам.

Адносіны Расеі і Беларусі цяпер на ростанях. Невыпадкова амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ў выпадку адмовы Менску далучыцца да Мытнага саюзу Масква можа вярнуць на мяжу паміж дзьвюма краінамі поўны мытны кантроль. Гэта лягічна. Праект саюзнай дзяржавы ў тым выглядзе, у якім яго калісьці задумлялі Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка, сябе цалкам вычарпаў. Далей павінна адбыцца якасная зьмена. Альбо гэта пачатак сапраўднай паэтапнай інтэграцыі, што прадугледжвае праект Мытнага саюзу. Альбо вяртаньне да цалкам аўтаномнага існаваньня з татальным пераразьлікам (пастаўкі, транзыт, мыты, рынкі, аплата вайсковых аб'ектаў і г.д.).

Зрэшты, другі варыянт будзе для Расеі палітычнай паразай, паколькі прадэманструе няздольнасьць пераканаць нават самага блізкага саюзьніка ў карысьці каапэрацыі. Для Беларусі гэта таксама небясьпечна – без ільготных умоваў і субсыдыяваньня з боку Масквы беларуская эканоміка апынецца ў вельмі цяжкім становішчы, а разьлічваць ёй асабліва няма на каго.

Цяперашняе супрацьстаяньне Масквы і Менску – вайна нэрваў. Расеі трэба што б там ні было даказаць, што яна здольная пераадолець любую фронду і дамагацца пастаўленых мэтаў. Беларусі – замацаваць статус прывілеяванага партнэра, зь якім трэба дамаўляцца сур'ёзна і з поўнай да яго павагай. Гульня ў вочкі працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG