Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Газавая вайна: у чым прычыны зацятасьці саюзьнікаў?


У аўторак «Газпром» скараціў пастаўкі газу Беларусі ўжо на 30%. У чым сапраўдныя прычыны газавай вайны? Ці сапраўды ў Беларусі няма грошай, каб выплаціць доўг? Як хутка скончыцца канфлікт?

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Андрэй Дынько
Кірыл Коктыш
Валер Карбалевіч


У чым сапраўдныя прычыны газавай вайны?


Валер Карбалевіч
: «Што ўражвае ў гэтым канфлікце — гэта дробнасьць падставы для яго. Зімой, падчас цяжкіх перамоваў пра нафту, на кон былі пастаўлены 2 млрд. даляраў. Цяпер гаворка ідзе пра 192 млн. даляраў. Прычым высьветлілася, што „Газпром“ вінен Беларусі 217 млн. даляраў. Але, паводле вэрсіі прадстаўнікоў расейскай кампаніі, беларускі бок не падпісвае нейкія дакумэнты. У адказ афіцыйны прадстаўнік Беларусі паказвае журналістам гэтыя дакумэнты, дзе нібыта няма подпісу расейскіх чыноўнікаў. Усё гэта нагадвае дзіцячы садок. У чым жа сапраўдныя прычыны газавай вайны?»

Андрэй Дынько: «Існуе тэорыя, што газавая вайна — гэта сродак скіданьня Лукашэнкі. Я яе не падзяляю. Пакуль я ня бачу ні такой магчымасьці, ні жаданьня Масквы ажыцьцявіць такі плян.

Я бачу толькі адну рацыянальную прычыну гэтай заварухі — Мытны саюз, які патрэбен Пуціну для будаўніцтва новай сучаснай імпэрыі. І каб падштурхнуць Беларусь да ўступленьня ў Мытны саюз, Масква і распачала гэтую газавую вайну».

Кірыл Коктыш: «Магчыма, сапраўды праблема ў Мытным саюзе. Але калі Беларусь ня ўступіць у гэты саюз, то аўтаматычна ліквідуецца тая агульная мытная прастора ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Але гэта будзе азначаць, што Беларусь страціць расейскі рынак.

Але ёсьць яшчэ адна вэрсія. Ультыматум Расеі быў прад’яўлены пасьля таго, як Беларусь адмовілася выдаць Бакіева ўладам Кіргізстану».

Ці сапраўды ў Беларусі няма грошай, каб выплаціць доўг?


Карбалевіч: «Ня ўпэўнены, што выдача Беларусьсю Бакіева ня выкліча новых забурэньняў у Кіргізстане. Але вернемся да газу. Можа, прычына канфлікту банальная — у Беларусі няма валюты? Пра гэта сказаў учора віце-прэм’ер Сямашка».

Дынько: «Гэтыя грошы недзе працуюць. І каб заплаціць „Газпрому“, іх трэба здымаць з адных рахункаў, перакладваць на іншыя. А адкладваньнем аплаты на два тыдні Лукашэнка паказвае, што мы ня будзем паддавацца дыктату. А Масква, наадварот, імкнецца дыктаваць. Прычым у прыніжальнай для Лукашэнкі форме.

Я лічу, што з гледзішча далёкасяжнай пэрспэктывы лепш дарагі газ, чым Мытны саюз.
А беларускае кіраўніцтва дэманструе цьвёрдасьць для свайго насельніцтва. Але насамрэч не гатовае да радыкальнага вырашэньня пытаньня. Я лічу, што з гледзішча далёкасяжнай пэрспэктывы лепш дарагі газ, чым Мытны саюз».

Карбалевіч: «Радыкальнае вырашэньне гэтай праблемы — гэта перавод эканомікі Беларусі на рынкавыя рэйкі, каб яна магла быць эфэктыўнай, купляючы газ і нафту па сусьветных цэнах. Але для гэтага патрабуецца немалы час.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што падчас мінулых газавых войнаў Расеі зь Беларусьсю і Ўкраінай ультыматумы і інфармацыю пра скарачэньне паставак газу абвяшчалі прадстаўнікі „Газпрому“, прычым не заўсёды першыя асобы гэтай кампаніі. Маўляў, спрэчка гаспадарчых суб’ектаў. А цяпер усё гэта зрабіў сам прэзыдэнт Мядзьведзеў. І гэта пераводзіць канфлікт на іншы ўзровень».

Коктыш: «Наконт грошай. Беларускія ўлады прадаюць газ гаспадарчым суб’ектам паводле вышэйшых цэнаў, чым тая, за якую атрымліваюць ад „Газпрому“. Так што грошы ва ўраду павінны быць, яны сабраныя».

Карбалевіч: «Яны сабраныя, але, мусіць, ужо і патрачаныя».


Як хутка скончыцца канфлікт?


Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы вырашэньня канфлікту?»

Дынько:
Страціць мытны саюз з Расеяй і расейскі рынак Беларусь ня зможа. Бо гэта было б самагубствам.
«Думаю, Беларусь заплаціць гэты доўг, і хутка пастаўкі адновяцца. Але калі казаць пра Мытны саюз, які ляжыць у аснове канфлікту, то могуць быць два варыянты рашэньня. Першы варыянт: Лукашэнка падпісвае дамову аб далучэньні Беларусі да Мытнага саюзу і тым самым прывязвае нашу краіну да Расеі. Другі варыянт. Лукашэнка адмаўляецца ўступаць у Мытны саюз і выкарыстоўвае гэтую газавую вайну як падставу для пераасэнсаваньня адносін з Расеяй. У такой сытуацыі ЭЗ і ЗША дапамогуць Беларусі перажыць цяжкі пераходны этап».

Карбалевіч: «Мне цяжка ўявіць, што Захад можа кампэнсаваць Беларусі тыя страты, якія панясе Беларусь, калі Расея ўвядзе паўнавартасную мытную мяжу з нашай краінай».

Коктыш: «Страціць мытны саюз з Расеяй і расейскі рынак Беларусь ня зможа. Бо гэта было б самагубствам. Бо ніякага іншага выйсьця няма. Сусьветны крызіс працягваецца, рынкі падаюць».


Спыненьне транзыту расейскага газу ў Эўропу


Карбалевіч: «Зьявілася інфармацыя. што Лукашэнка даў каманду спыніць транзыт расейскага газу ў Эўропу. Як гэта ацаніць?»

Дынько: «Лукашэнка змагаецца за захаваньне статус-кво ў дачыненьнях з Расеяй. Але ён ня хоча іх прынцыпова мяняць».

Коктыш: «Гэта азначае, што канфлікт сапраўдны і доўгатэрміновы. Гэта гульня нэрваў і характараў. У кароткі пэрыяд Беларусь, можа, і выйграе. Але ў доўгатэрміновым пэрыядзе яна моцна страціць».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG