Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваградак: пасаду актывісткі скарачаюць


Дашу Бахар, бухгальтарку спартовай школы, адміністрацыя паставіла сёньня перад фактам, што з 1 ліпеня яе пасада трапляе пад скарачэньне. З гэтай нагоды ёй прапанавалі падпісацца пад загадам дырэктара. Даша Бахар адмовілася ставіць подпіс пад загадам, бо лічыць, што яе скарачаюць з палітычных прычынаў.

Даша Бахар працуе ў спартовай школе Наваградку бугальтарам і на палову стаўкі займаецца кадравымі пытаньнямі. Зь яе слоў, загад аб скарачэньні быў поўнай нечаканасьцю і напачатку яна як бы не надала гэтаму значэньня.

Аднак пазьней, зь яе слоў, адзін чалавек, імя якога дзяўчына адмовілася называць, патлумачыў ёй, што ад яе пазбаўляюцца за актыўную палітычную пазыцыю.

Даша Бахар — верніца пратэстанцкай царквы «Новае пакаленьне», сябра незарэгістраванай партыі БХД, брала актыўны ўдзел у апошняй выбарчай кампаніі, вылучала сваю кандыдатуру ў мясцовыя Саветы.

Дырэктарка спартовай школы Зоя Шулькевіч патлумачыла нашаму радыё, што пад скарачэньне Даша Бахар патрапіла з прычыны зьмены штатнага раскладу, бо ў іхнай школе ёсьць адна бухгальтарка, і другая папросту не патрэбная.

Спадарыня Шулькевіч дадала, што Даша Бахар — ня першая, хто патрапіў пад скарачэньне. Скарачэньні штатаў, маўляў, будуць працягвацца і далей — з прычыны нястачы фінансавых сродкаў.
XS
SM
MD
LG