Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Транзыт энэрганосьбітаў не павінен скарачацца або перарывацца, заявіў генэральны сакратар Энэргетычнай хартыі ў сувязі з загадам Аляксандра Лукашэнкі спыніць транзыт расейскага газу праз Беларусь у Эўропу.


«Спрэчка пра плацяжы за газ і транзыт знаходзіцца ў сфэры камэрцыі, аднак важна зьвярнуць увагу на прынцып бесьперапыннасьці транзыту, які зьяўляецца ключавым элемэнтам дамовы аб Энэргетычнай хартыі». Пра гэта гаворыцца ў заяве генэральнага сакратара Энэргетычнай хартыі Андрэ Мэрнье, тэкст якога паступіў у БелаПАН.

У адпаведнасьці з артыкулам 7 (6) дамовы бок пагадненьня, праз тэрыторыю якой ажыцьцяўляецца транзыт энэрганосьбітаў, ня мае права ў выпадку ўзьнікненьня любога пытаньня па транзыце перарываць альбо скарачаць яго. Бок пагадненьня не павінен таксама дазваляць (ці патрабаваць) ажыцьцяўляць падобныя дзеяньні любому суб’екту гаспадараньня, які знаходзіцца пад яго кантролем або юрысдыкцыяй. Дамова прадугледжвае спэцыяльную працэдуру дазволу спрэчкі з удзелам пасярэдніка. Падчас гэтай працэдуры транзытныя патокі павінны быць нязьменнымі.

Генэральны сакратар Энэргетычнай хартыі спадзяецца, што своечасовае рашэньне праблемы будзе знойдзена такім чынам, каб «астатнія пытаньні ня мелі нэгатыўнага ўплыву на аб’ёмы транзыту».

22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзыт расейскага газу празь Беларусь, пакуль «Газпром» не заплаціць за яго 260 млн. даляраў. У сваю чаргу «Газпром» патрабуе 192 млн. даляраў доўгу за пастаўкі газу ў Беларусь.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG