Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў маўчыць пра галадоўку Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Зь сёньняшняга дня вязень менскага сьледчага ізалятара Мікалай Аўтуховіч абяцаў пачаць сухую галадоўку, калі прадстаўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў не сустрэнецца зь ім у справе пратэзаваньня зубоў.

Адвакат Павал Сапелка паведаміў «Свабодзе», што Мікалаю Аўтуховічу абяцалі сёньня, 22 чэрвеня, наладзіць сустрэчу з прадстаўніком Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, каб абмеркаваць ягоныя патрабаваньні адносна лячэньня зубоў. Нагадаю, раней Аўтуховіч праінфармаваў адміністрацыю ізалятара, што пачне з 22 чэрвеня сухую галадоўку. Ці адбылася сёньня такая сустрэча, адвакат, аднак, ня ведае, бо не наведваў Аўтуховіча ў ізалятары.

Дзяжурны ізалятара на вуліцы Валадарскага адмовіўся паведамляць зьвесткі пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча, перанакіраваўшы мяне да кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Мой званок засьпеў на працоўным месцы намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юрыя Баранкова, якога я спытаў, ці адбылася сустрэча Аўтуховіча з прадстаўніком Дэпартамэнту. Аднак міліцыянт адмовіўся размаўляць на гэтую тэму:

«Ён у СІЗА знаходзіцца, дык… Увогуле, ніхто вам такую інфармацыю даваць ня будзе. Аўтуховіч, Сідараў, Іваноў, Баранкоў… Я дык праз тэлефон такой інфармацыі даваць ня буду».

Начальнік мэдычнай управы Дэпартамэнту Аляксандар Кралько таксама адмовіўся паведамляць, ці сустракаўся ён альбо хто іншы зь ягоных калегаў зь Мікалаем Аўтуховічам у справе патрабаваньняў вязьня наконт пратэзаваньня зубоў.

Ці верагодна, што Мікалай Аўтуховіч пачне сухую галадоўку? Сябра Аўтуховіча, таксама былы вэтэран Аўганістану Аляксандар Камароўскі мяркуе, што Аўтуховіч выканае сваё абяцаньне пачаць сухую галадоўку, калі ягоныя патрабаваньні ня будуць выкананыя:

«Ён усё можа, і сухую, і ўсякую. І на сьмерць пойдзе, нічым яго не запалохаць. Бо і сям’ю ў чалавека разьбілі, і бізнэс зьнішчылі, усё. Як ня сорамна гэтай дзяржаве — ніякай прыстойнасьці!»

Аляксандар Камароўскі згадвае, што летась падчас 90-дзённай галадоўкі Аўтуховіча ён угаворваў яго спыніць галадоўку, бо заўчасная сьмерць вязьня была б толькі на карысьць тым, хто кінуў яго за краты і разьлічваў «сьпісаць» на яго тэракт. «Зараз сытуацыя паўтараецца. Таму я буду перадаваць Мікалаю нашу просьбу спыніць галадоўку, каб захаваць сябе».

Мікалай Аўтуховіч пачаў галадоўку 16 чэрвеня. Ён заяўляе, што ягоную заяву аб тэрміновым пратэзаваньні не перадаюць з ізалятара ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, дзе павінны вырашыць пытаньне пра тэрміновае лячэньне. За кратамі Аўтуховіч зь лютага 2009 году. За гэты час вязень страціў некалькі зубоў і цяпер ня ў стане нармальна харчавацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG