Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычныя хітрыкі Лаўрова і Мартынава


Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў у Менску.

Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў у Менску.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які 21-22 чэрвеня знаходзіўся з рабочым візытам у Менску, сёньня дыстанцыяваўся ад газавай вайны. І ён, і ягоны беларускі калега Сяргей Мартынаў казалі журналістам, што энэргетычныя пытаньні не ўваходзяць у кампэтэнцыю міністэрстваў замежных спраў. Адначасова міністры выказалі спадзяваньне, што газавы канфлікт урэшце рэшт вырашыцца. Пра гэта яны заявілі пасьля таго, як пабывалі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.


Журналісты найперш цікавіліся ў міністраў пытаньнем пра газавы канфлікт.



Сяргей Мартынаў
адразу адмежаваўся ад гэтай праблемы:

«Пытаньні паставак і транзыту газу, як і іншыя энэргетычныя пытаньні, у перамовах міністраў замежных спраў Беларусі і Расеі не фігуруюць. Для гэтага ёсьць міністэрствы энэргетыкі і эканомікі, якія і вядуць гэтыя перамовы.

Натуральна, мы шкадуем, што рашэньне гэтых пытаньняў перайшло ў напружаную фазу. Але ўпэўненыя, што ўрэшце рэшт, і даволі хутка, пытаньне будзе вырашанае на задавальненьне абодвух бакоў».

Сяргей Лаўроў пацьвердзіў гэтую пазыцыю і сказаў, што як у МЗС, так і ў іншых міністэрствах Беларусі і Расеі ёсьць узгодненыя і падпісаныя дакумэнты:

«Думаю, што і ва ўсіх іншых сфэрах нашага супрацоўніцтва патрэбна іх адпаведнымі ведамствамі, адпаведнымі кампаніямі гэтаксама выконваць чэсна і дакладна».



Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі называе выказваньні абодвух міністраў «дыпляматычнымі хітрыкамі»:

«На сёньняшні дзень газавы канфлікт ужо многія адкрыта называюць газавай вайною. Ён набыў такія памеры, што казаць пра тое, што нібыта міністэрствы замежных спраў ня маюць да гэтага дачыненьня, — гэта проста дыпляматычныя хітрыкі. Безумоўна, гэтае пытаньне было адным з галоўных. І я не выключаю, што Лаўроў быў тут зь нейкім асабістым вусным пасланьнем. І размова з Лукашэнкам была вельмі сур’ёзнай».

Што тычыцца пытаньня польскага журналіста да абодвух міністраў — ці могуць яны супакоіць ягоных суайчыньнікаў адносна таго, што газ будзе даходзіць празь Беларусь да Польшчы, — Мартынаў параіў пачытаць заяву Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Лаўроў дадаў, што такія пытаньні трэба накіроўваць у профільныя ведамствы.
XS
SM
MD
LG