Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны рыхтуюцца да газавай атакі


Сёньня расейскі "Газпром" павялічыў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь да 30%. У адказ на гэта Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзыт расейскага газу празь Беларусь. Кіраўніцтву беларускіх рэгіёнаў загадана тэрмінова рыхтавацца да магчымых экстрэмальных сытуацыяў.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

"Вэртыкальшчыкі" ня могуць пакідаць рэгіён

Старшыні райвыканкамаў Берасьцейшчыны ня могуць пакідаць межы сваіх раёнаў. Такое рашэньне прыняў аблвыканкам. Пры ўнітарным прадпрыемстве "Брэстаблгаз" створаны абласны штаб, у рэгіёнах таксама рыхтуюцца да магчымых наступстваў "газавай вайны" з Расеяй.

У паліўна-энэргетычным балянсе рэгіёну расейскі газ займае каля 80%. Выкарыстаньне мясцовых відаў паліва, як адзначаюць у Берасьцейскім гарпалівазбыце, цалкам магчымае, але на гэта патрэбны ня толькі час, а і грошы на зьмену абсталяваньня. Таму ў выпадку скарачэньня паставак газу сытуацыя можа стаць надзвычай складанай. Дырэктар "Брэстаблгазу" Віктар Путрык кажа, што цяпер на прадпрыемстве ствараюцца апэратыўныя штабы, каб нэўтралізаваць магчымыя нэгатыўныя наступствы. Газавікі чакаюць загадаў кіраўніцтва:
Дадзена каманда раённаму кіраўніцтву не пакідаць межы раёнаў ...

"Адзінае, што мы можам рабіць, — чакаць загадаў зьверху. У нас створаны апэратыўныя групы, штаб. Такія структуры створаны і ў Берасьці, і ў раёнах, дзе ў нас існуюць філіялы. Дадзена каманда раённаму кіраўніцтву не пакідаць межы раёнаў".

Аблвыканкам імкнецца перавесьці некаторыя прадпрыемствы на альтэрнатыўныя віды паліва. Найбольш газу ў вобласьці спажываюць Бярозаўская гідраэлектрастанцыя, Жабінкаўскі цукровы завод і малочны завод "Савушкін прадукт". Менавіта гэтыя прадпрыемствы ў выпадку абмежаваньняў паставак газу будуць пераведзены на мазут. Запасы яго на згаданых прадпрыемствах ёсьць. Тым ня менш, паводле словаў кіраўніка "Брэстаблгазу", пакуль пэўных распараджэньняў не паступала:

"На сёньняшні дзень няма ніякіх загадаў ці каманд. Пакуль знаходзімся ў рэжыме чаканьня. Калі ж штосьці здарыцца — будзем працаваць".

Прадпрымальнік з Кобрына, які займаецца пытаньнямі газу і энэргазабесьпячэньня, Аляксандар Мех перакананы, што кошт газу для Беларусі вырасьце. Варта чакаць для простых грамадзян таксама павелічэньня коштаў на паслугі ЖКГ. Разам з гэтым вырастуць кошты і на харчы ды нехарчовыя тавары. Канфлікт, які ўсё ж знаходзіцца ў палітычнай плоскасьці, а не эканамічнай, кажа Аляксандар Мех, будзе працягвацца і далей:

Алесь Мех
"Пагасіць гэтую запазычанасьць дзяржава можа вельмі хутка, на гэта грошы, я думаю, ёсьць. Але будзе эскаляцыя канфлікту. Бо ў нас усё непразрыста, а па-другое, вядзецца торг за рамачныя пагадненьні паміж Расеяй і Беларусьсю".


МАГІЛЁЎШЧЫНА

"Пакуль працуем, пакуль яшчэ вытворчасьць дыхае"

У рэгіёне абмежаваньні паставак расейскага газу адаб'юцца на прадпрыемствах, якія маюць ліцейныя вытворчасьці. Спэцыялісты гэтых прадпрыемстваў перакананыя, што нават калі газавы канфлікт улагодзяць, то цэны на газ не застануцца ранейшымі.

На Магілёўскім мэталюргічным заводзе газ — адзін з асноўных кампанэнтаў вытворчасьці. Яго запасаў на прадпрыемстве няма. На завод ён паступае цэнтралізавана. Пакуль перабояў зь ім не было. Як паведамілі на прадпрыемстве, апошнім часам спажываньне газу ў вытворчасьці значна ўзрасло:
Верагодна, адбудзецца падаражэньне газу ...

"Мы выходзім з крызісу. Ідзе нарошчваньне аб’ёмаў вытворчасьці. Верагодна, адбудзецца падаражэньне газу. Для прадпрыемства гэта будзе дужа затратна. Адбудзецца павышэньне сабекошту прадукцыі. Сёньня мы напісалі ліст у Міністэрства прамысловасьці са сваім бачаньнем гэтага пытаньня. Мы ж яшчэ павінны й эканоміць. Мы ж ува ўсіх дзяржаўных праграмах удзельнічаем. А мы да гэтага не заўжды гатовыя", — зазначыў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік заводзкай адміністрацыі.

Шмат газу спажывае і Бабруйскі машынабудаўнічы завод. Тут таксама ёсьць ліцейная вытворчасьць. Замяніць газ на прадпрыемстве могуць мазутам. Яго невялікі запас ёсьць. Замяняць газ на мазут, аднак, непажадана, бо давядзецца пераналаджваць абсталяваньне, кажуць заводзкія спэцыялісты. Паводле іх, перабояў з газам на прадпрыемстве пакуль няма.
ёсьць інфармацыя, што газ падаражэе ...

"Пакуль працуем, пакуль усё дыхае. На колькі можа зацягнуцца канфлікт, мы не пралічвалі, але ёсьць інфармацыя, што газ падаражэе. Падаражэньне — гэта нашы выдаткі на выпуск таварнай прадукцыі, у якія ўваходзяць яшчэ тыя ж матэрыялы, якія мы набываем у Расеі. У Беларусі няма сыравіны для вырабу нашай прадукцыі", — зазначае супрацоўнік адміністрацыі заводу.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

"Пры скарачэньні паставак газу на 30% давядзецца прымаць меры"

На прадпрыемствах Гарадзеншчыны, якія спажываюць багата газу, спадзяюцца, што ў хуткім часе чарговая "газавая вайна" скончыцца.

На прадпрыемстве "Гроднааблгаз" галоўны інжынэр Мікалай Голец патлумачыў, што пры скарачэньні паставак газу на 15% рэгіён укладваецца ў патрэбны ліміт "блакітнага паліва" — за кошт таго, што некаторыя прадпрыемствы ўжо пэўны час з розных прычынаў не выбіралі свой ліміт.

А вось пры скарачэньні 30% паставак газу давядзецца прымаць меры.
Калі будзе ўведзена 30%-е абмежаваньне паставак, то ў нейкай ступені гэта адаб’ецца на працы прадпрыемстваўe ...

Голец: "Калі будзе ўведзена 30%-е абмежаваньне паставак, то ў нейкай ступені гэта адаб’ецца на працы прадпрыемстваў. І тыя прадпрыемствы, якія маюць рэзэрвовыя віды паліва, да прыкладу — мазут, будуць пераведзеныя на гэтыя віды паліва. Але пакуль да гэтага не дайшло, і няма неабходнасьці прымаць такія меры".

На Краснасельскім цэмэнтным заводзе — гэта другі спажывец газу ў вобласьці пасьля "Гродна-Азоту" — галоўны інжынэр Мікалай Ярмолік кажа, што пакуль газавая вайна іх не закранула.

Зь яго слоў, калі нават і прыпыняцца пастаўкі газу, то прадпрыемства здолее працаваць далей.

Ярмолік: "Мы заўсёды гатовыя да розных сытуацый. Пакуль працуем у звычайным рэжыме, а калі ня будзе падачы газу, пяройдзем на мінкеры і будзем надалей вырабляць цэмэнт".

Мінкеры, пра якія згадаў спадар Ярмолік – прыстасаваньні, якія працуюць на электраэнергіі.

На прадпрыемстве "Хімвалакно" ў Горадні галоўны энэргетык, Віктар Окунеў, таксама кажа, што тут рыхтуюцца да розных сцэнараў разьвіцьця падзей, але вытворчасьць спыняць не зьбіраюцца.
Няма газу — значыцца, няма, пяройдзем на мазут ...

Окунеў: "А якія ў нас могуць быць праблемы? Няма газу — значыцца, няма, пяройдзем на мазут. Калі на 100% перакрыюць газ — усё роўна вытворчасьць ня спыніцца, прыпыняцца толькі некаторыя мэханізмы".


ВІЦЕБШЧЫНА


ЦЭЦ і ДРЭС пераходзяць на мазут

У рэгіёне найбольш залежаць ад паставак газу энэргетычныя прадпрыемствы.

Да прыкладу, Лукомская ДРЭС, якая забясьпечвае электраэнэргіяй больш як палову тэрыторыі Беларусі. І там ужо пачалі пераходзіць замест газу на мазут, распавёў актывіст мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу Аляксандар Латышаў:
Калі трэба будзе, уся станцыя будзе на мазуце ...

"ДРЭС Лукомская на мазут пераходзіць. Некалькі блёкаў яшчэ на газе, а некалькі ўжо мазут паляць. Калі трэба будзе, уся станцыя будзе на мазуце. Мы ж ужо гады паўтара таму на мазуце і адпрацавалі — калі Расея кошты на газ падвышала. Палічылі, што на мазуце працаваць выгадней. Мазут жа таксама можна закупляць у той самай Расеі. Але як і колькі каштуе — тут вам сказаць нічога не магу. Вы ж ведаеце, усё гэта ў нас дзяржаўная таямніца!"

Паводле Аляксандра Латышава, працаўнікам Лукомскай ДРЭС прычынаў пераходу на мазут не тлумачаць. Аднак шмат хто падазрае, што газавы канфлікт з Расеяй — справа палітычная.

Таму распавядаць пра пераход на вадкае паліва работнік Аршанскай ЦЭЦ пагадзіўся толькі ананімна. І вельмі нешматслоўна:

"Учора рыхтавалі мазут. Гэта ж усё толькі пачынаецца. А там убачым, якія павевы адкуль будуць. У нас жа ўсё ў эксплюатацыі робяць выключна па камандзе "зьверху". Гэта ж не прадпрыемства, якое калі захоча — смажыць шашлык, а калі не захоча, дык не… Раней у нас усё працавала менавіта на мазуце, а потым на газ перавялі. І машыніст па падачы мазуту ў нас заўжды ў зьмене ёсьць. Таму што ў любы момант могуць скамандаваць…"

"Шкловалакно" на іншае паліва нельга перавесьці"

У адрозьненьне ад ЦЭЦ і ДРЭС, полацкае прадпрыемства "Шкловалакно" на іншае паліва не перавядзеш. Раней асноўным відам паліва была газа, але тое абсталяваньне даўно разабралі. Бо, напэўна, спадзяваліся, што расейскі газ будзе заўсёды, разважае рабочы Віктар Стукаў:
нельга, каб спыніць падачу газу зусім, а прыз тыдзень, скажам, аднавіць. Бо гэта печ давядзецца рамантаваць месяц, і гэта дужа вялікія выдаткі ...

"У нас у печы ідзе газ, і зь яго дапамогай плавіцца шкло. І нельга, каб спыніць падачу газу зусім, а прыз тыдзень, скажам, аднавіць. Бо гэта печ давядзецца рамантаваць месяц, і гэта дужа вялікія выдаткі. Гэта лічыцца аварыйным спыненьнем вытворчасьці, і печ потым трэба разбураць і будаваць нанова. Але ж нельга так зусім і спыніць падачу газу! Ну, зьменіцца ціск, фарсунку памяняюць тады ў трубе, ці што…"

На полацкім "Шкловалакне" не баяцца, што падачу газу спыняць, але разумеюць палітычны падтэкст газавага канфлікту, — кажа Віктар Стукаў:

"Ну вось на Радыё Свабода Лявон Вольскі нешта сьпяваў пра газ. А я запісаў на мабільны тэлефон і даў людзям паслухаць. Там нешта накшталт "Расея, зараза, ня хоча дзяліцца газам"… І рэакцыя людзей цікавая: здаецца, сьпяваюць, што Расея — зараза, а яны кажуць, што надакучыў нам ужо гэты прэзыдэнт і калі ўжо ён сыйдзе!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG