Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: 1941-1944 — вайна сьвяшчэнная, вайна грамадзянская


22 чэрвеня 1941 году Беларусь прыняла ўдар фашысцкай Нямеччыны і да сярэдзіны 1944-га заставалася пад акупацыяй.

Аднак час паказвае, што насаджаны афіцыйнай прапагандай Беларусі вобраз рэспублікі-партызанкі не зусім бясспрэчны: празь дзесяцігодзьдзі дасьледчыкі загаварылі пра тое, што беларускі супраціў ня быў такім аднародным, як сьцьвярджаюць падручнікі, а закінутыя з расейскага тылу партызаны ў сваіх мэтадах часта не адрозьніваліся ад карных атрадаў вэрмахту. Апроч таго, поруч з франтавымі баталіямі на тэрыторыі Беларусі разгортвалася самая сапраўдная грамадзянская вайна.

Аўтар дакумэнтальна-біяграфічнай кнігі "Менская зямля", прысьвечанай акупаванаму Менску і паваеннаму ліхалецьцю, Алесь Клышка згадвае пра тое, як зьнянацку вайна напаткала менчукоў:

Алесь Клышка
"Трэба памятаць: 2/3 гараджанаў засталіся ў нямецкай акупацыі. Проста фізычна людзі не пасьпелі выйсьці з гэтага менскага катла. Дый увогуле партыйнае кіраўніцтва на той час не зрабіла ніякіх высілкаў, намаганьняў, каб людзей найхутчэй вывесьці зь Менску. Першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка ў гутарцы са Сталіным (і гэта дакумэнтальна пацьверджаныя дадзеныя) у адказ на пытаньне, ці пасьпелі ўсе менчукі выйсьці з гораду, адказаў: так, усе пасьпелі, засталіся толькі здраднікі і тыя, хто хацеў сустрэць хлебам-сольлю немцаў. І калі бацька яшчэ здолеў прарвацца і ўсю вайну правёў на фронце, то маці, якая тады працавала адказнай рэдактаркай Беларускага радыё, з трыма маленькімі дзецьмі вымушаная была застацца тут. Таму выглядае, што і мая маці, як акрэсьліў Панамарэнка, таксама трапіла ў гэтае кола "здраднікаў".

Тое, які "супраціў" у чэрвені 1941 году аказалі захопнікам рэгулярныя часткі Чырвонай арміі, прызнае нават афіцыйная гістарыяграфія. Спадзеў Сталіна на хаўрус з Гітлерам выліўся ў тое, што ў першыя дні на шляху нямецкага войска сустракаліся толькі асобныя баяздольныя адзінкі. Днямі на старонках "Народнай волі" будзе надрукаванае дасьледаваньне, прысьвечанае малавядомым старонкам вайны — пачатку акупацыі. Гаворка пра тое, як 24-26 чэрвеня таемна і ганебна ўцякала са сталіцы беларуская камуністычная намэнклятура. Паводле некаторых зьвестак, у сьпешцы чыноўнікі забыліся нават сваю сьвятыню — дзяржаўны сьцяг БССР з ордэнам Леніна. Натуральна, што такія факты ніяк ня ўпісваюцца ў гераічныя справаздачы пра павальна антыфашысцкі супраціў. Зрэшты, як і многія іншыя.

Напярэдадні адзначэньня Дня Перамогі пад вокнамі згаданай ужо "Народнай волі" вэтэраны наладзілі пікет супраць так званай "фальсыфікацыі ваеннай гісторыі". Нагодай — надрукаваныя ў газэце ўрыўкі зь біяграфічнай кнігі маёра артылерыі ў адстаўцы Ільлі Копыла "Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка". Чаму ў Беларусі культывуецца толькі стэрэатыпная праўда? Спадар Копыл лічыць, што пакуль да нейкай альтэрнатывы ня будзе гатовае кіраўніцтва краіны, чакаць зрухаў надзвычай складана:

Ільля Копыл
"Прыкладам, у пэрыяд з 1 верасьня 1939 году і да 22 чэрвеня 1941-га ў заходняй частцы рэспублікі праводзіліся масавыя рэпрэсіі. І толькі пачатак вайны гэтым рэпрэсіям паклаў канец. Хоць, паказальна, эшалёны з апошнімі рэпрэсаванымі пасьпелі накіраваць у Сыбір яшчэ нават 22 чэрвеня! Таму такі стан рэчаў цалкам вытлумачальны — людзі ня моцна былі схільныя дапамагаць бальшавіцкай уладзе. Я гляджу па сваёй вёсцы: у 1941 годзе і ўвесь 1942-гі ніводзін чалавек у нас не пайшоў у партызаны. Усе працавалі на зямлі. А ў лясы былі вымушаныя падацца, калі прамаскоўскія партызаны зьявіліся на тэрыторыі нашага Бягомльскага раёну. Увогуле ўнутранае супрацьстаяньне было такое: партызаны і мірнае насельніцтва, а таксама партызаны чырвоныя і польскія — Армія Людова, Армія Краёва. Гэтае супрацьстаяньне было рэальнасьцю: рэгулярна здараліся сутычкі паміж партызанамі прамаскоўскімі і, так бы мовіць, партызанамі прапольскімі".

У 1941—1942 гадах партызанскія атрады ў Беларусі амаль стопрацэнтна складаліся з супрацоўнікаў органаў НКВД і партыйна-камсамольскіх актывістаў, закінутых з-за лініі фронту, а таксама з "акружэнцаў" — салдат Чырвонай арміі. Да пачатку апэрацыі "Багратыён" у ліпені 1944 году, як падаваў Цэнтральны штаб партызанскага руху, тут дзейнічалі 272 тысячы партызанаў. Праўда, цяперашнія дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што ў партызанах было крыху болей за 143 тысячы чалавек.

Колькасьць людзей, якія ўхіляліся ад супрацоўніцтва з савецкімі войскамі, дакладна таксама невядомая. Аднак корпус Беларускай краёвай абароны, створаны пры падтрымцы акупацыйных уладаў, да красавіка 1944 года налічваў больш за 21 тысячу чалавек. І нават калі падзеньне гітлераўскага рэжыму было ўжо толькі пытаньнем часу, на прызыўныя пункты зьявіліся блізу 40 тысяч добраахвотнікаў. Каля 90 тысяч юнакоў і дзяўчат налічваў Саюз беларускай моладзі, які дзейнічаў на акупаванай тэрыторыі. Па зьвестках гісторыкаў, да сярэдзіны 1945 году органы НКВД арыштавалі каля 100 тысяч чалавек, абвінаваціўшы іх у супрацоўніцтве з акупацыйным рэжымам.

Згодна зь перагледжанымі дадзенымі, Беларусь за чатыры ваенныя гады, да вызваленьня ў ліпені 1944-га, страціла кожнага трэцяга жыхара. У лічбах — блізу 3 мільёнаў чалавек (да сярэдзіны 1980-х сьцьвярджалася, што загінуў ці памёр ад ранаў кожны чацьвёрты беларус). Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што на самой справе стратаў было меней — 700—800 тысяч, а "прыпіскі" спатрэбіліся савецкаму кіраўніцтву, каб яшчэ больш дэманізаваць крывавы вобраз ворага. Пры гэтым, кажуць дасьледчыкі, немалая колькасьць рэальных ахвяраў — на сумленьні ня толькі нямецкіх акупантаў, але і паліцаяў зь ліку мясцовых жыхароў, разнастайных партызанскіх злучэньняў, карных атрадаў, закінутых з сумежных тэрыторый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG