Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Я пазычыў сёньня гэтыя грошы ў сваіх сяброў


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што загадаў ураду перакрыць транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі датуль, пакуль "Газпром" не пагасіць запазычанасьць у 260 мільёнаў даляраў за транзыт праз тэрыторыю Беларусі.


"Газпром" вінен 260 мільёнаў, з улікам траўня, за транзыт. Я загадаў ураду перакрыць транзыт газу празь Беларусь, пакуль не заплаціць "Газпром". Яны нам за паўгода ні капейкі не заплацілі. Да якога цынізму і абсурду можна дайсьці, калі ты вінен мне 260 мільёнаў даляраў, я табе — 190 мільёнаў даляраў, і ты пачынаеш мне за гэта закручваць вэнтыль", — сказаў А.Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Ён падкрэсьліў, што праблема ня ў тым, што Беларусь не выконвае кантракт:

"Гэта яны не выконваюць кантракт. Мы маўчалі, мы пра гэта не гаварылі, яны там мямлілі вуснамі прэс-сакратара, што мы нешта не падпісваем і гэтак далей", — сказаў кіраўнік краіны.
такая спрэчка можа перарасьці на ўзровень вышэйшага палітычнага кіраўніцтва краіны. Гэта ўжо ня спрэчка гаспадарчых суб'ектаў...

"Хачу публічна вас праінфармаваць пра той канфлікт, які перарастае ў газавую вайну паміж "Газпромом" і Беларусьсю. Кажуць, што гэта спрэчка гаспадарчых суб'ектаў, але я не разумею, як тады такая спрэчка можа перарасьці на ўзровень вышэйшага палітычнага кіраўніцтва краіны. Гэта ўжо ня спрэчка гаспадарчых суб'ектаў. Прабачце, калі нас пачынаюць прыніжаць ці то катлетамі, ці то каўбасой, маслам і блінамі, — мы гэта ўспрымаем як зьнявагу беларускага народу. Так не пасуе паводзіць сябе прэзыдэнту, у тым ліку суседняй саюзнай дзяржавы", — сказаў А.Лукашэнка.

Кіраўнік краіны падкрэсьліў, што падобнага цынізму ад кіраўніцтва Расеі Беларусь не чакала.

А.Лукашэнка прапанаваў зрабіць узаемазалік доўгу краіны за пастаўлены газ і запазычанасьці "Газпрому" за транзыт.

"Мы вам дадзім 192 мільёны даляраў, вы нам — 260 мільёнаў, правядзіце залік, розьніцу перавядзіце нам. Тады закрыем гэтае пытаньне".

Паводле кіраўніка Беларусі, гэтая прапанова не задавальняе расейскі бок, які настойвае на "імгненным" пагашэньні доўгу за пастаўлены газ. Ён заявіў пра наяўнасьць "непрыкрытага ціску" з расейскага боку. А.Лукашэнка сказаў, што краіна сабрала неабходную суму для пагашэньня свайго доўгу перад "Газпромам".
Я пазычыў сёньня гэтыя грошы ў сваіх сяброў ...

"Я пазычыў сёньня гэтыя грошы ў сваіх сяброў, і мы ў бліжэйшы час гэтыя грошы аддадзім. Чужыя людзі далі нам гэтыя грошы цягам аднаго дня, а Расея пачакаць ня можа".

Паводле кіраўніка Беларусі, у краіны няма свабодных грошай для пагашэньня доўгу.

"Мы ня можам узяць гэтыя грошы з золатавалютных рэзэрваў, нам трэба падтрымліваць курс. Ня можам узяць зь бюджэту, там таксама грошы расьпісаныя".

Паводле А.Лукашэнкі, Беларусь прапанавала расейскаму боку пагасіць доўг за газ цягам двух тыдняў, але гэтая прапанова не знайшла падтрымкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG