Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыні райвыканкамаў Берасьцейшчыны ня могуць пакідаць межы сваіх раёнаў. Такое рашэньне прынята аблвыканкамам. Пры ўнітарным прадпрыемстве "Брэстаблгаз" створаны абласны штаб, у рэгіёнах таксама рыхтуюцца да магчымых наступстваў "газавай вайны" з Расеяй.


У паліўна-энэргетычным балянсе краіны расейскі газ займае каля 80%. Выкарыстаньне мясцовых відаў паліва, як адзначаюць у Берасьцейскім гарпалівазбыце, цалкам магчымае, але на гэта патрэбен ня толькі час, а і грошы на зьмену абсталяваньня. Таму ў выпадку скарачэньня паставак газу сытуацыя можа стаць надзвычай складанай. Дырэктар "Брэстаблгазу" Віктар Путрык кажа, што цяпер на прадпрыемстве ствараюцца апэратыўныя штабы, каб нэўтралізаваць магчымыя нэгатыўныя наступствы. Газавікі чакаюць загадаў кіраўніцтва:

"Адзінае, што мы можам рабіць, — чакаць загадаў зьверху. У нас створаны апэратыўныя групы, штаб. Такія структуры створаны і ў Берасьці, і ў раёнах, дзе ў нас існуюць філіялы. Дадзена каманда раённаму кіраўніцтву не пакідаць межы раёнаў".

Аблвыканкамам распрацаваны пытаньні пераводу некаторых прадпрыемстваў на альтэрнатыўныя віды паліва. Найбольш газу ў вобласьці спажываюць Бярозаўская гідраэлектрастанцыя, Жабінкаўскі цукровы завод і малочны завод "Савушкін прадукт". Менавіта гэтыя прадпрыемствы ў выпадку абмежаваньняў паставак газу будуць пераведзены на мазут. Запасы яго на згаданых прадпрыемствах ёсьць. Тым ня менш, паводле словаў кіраўніка "Брэстаблгазу", пакуль пэўных распараджэньняў не паступала:

"На сёньняшні дзень няма ніякіх загадаў ці каманд. Пакуль знаходзімся ў рэжыме чаканьня. Калі ж штосьці здарыцца — будзем працаваць".

Падрабязнасьці пазьней у эфіры і на сайце "Свабоды"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG