Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затулін: беларускае кіраўніцтва паводзіць сябе неразумна


Канстанцін Затулін

Канстанцін Затулін

Дырэктар маскоўскага інстытуту СНД Канстанцін Затулін раіць кіраўніцтву Беларусі "заплаціць даўгі". Ён не разумее, "чаму так доўга ў Беларусі да гэтага рашэньня сасьпяваюць".

"З пункту гледжаньня кантракта гаворка ідзе пра невыкананьне абавязацельстваў і "Газпром" мае права дзейнічаць так, як ён дзейнічае".

К.Затулін заявіў "Свабодзе", што канфлікт па пастаўках газу, як правіла, мае і палітычныя наступствы, і палітычныя перадумовы.

"Масква ня мела б нагоды для нейкіх патрабаваньняў, калі б Беларусь выконвала дамоўленасьці. Беларускі бок парушае дамоўленасьці па пастаўках энэрганосьбітаў і падводзіць пад гэта яшчэ і ідэйную аснову і лічыць, што ён не абавязаны плаціць альбо плаціць у такім аб'ёме. Гэта, безумоўна, раздражняе расейскіх кіраўнікоў, тым больш, што ў Расеі беларускія тавары прадаюцца па іх кошту, а не са скідкай, якую нам беларускія вытворцы робяць".

Атмасфэра, у якой праходзіць газавы канфлікт, паводле К.Затуліна, характарызуецца "вельмі зьменлівымі" паводзінамі Беларусі ў пытаньні інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза.

"Прэзыдэнт Лукашэнка не саромеючыся ішоў і ідзе насуперак Маскве ў многіх палітычных пытаньнях. Некаторыя зь іх прыводзяць да крайне адчувальных наступстваў. Напрыклад, той факт, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца Курманбек Бакіеў, канечне, не зьяўляецца нагодай для нейкіх сур'ёзных канфліктаў у газавай сфэры. Але вось камэнтары і заахвочваньні, якія робіць прэзыдэнт Беларусі Бакіеву і яго хаўрусьнікам, сталі адным з фактаў няўстолівага становішча ў Кіргізстане. Бо сваякі Бакіева, відаць, замешаныя ў спробах яго дэстабілізацыі. Я ня буду казаць пра слоўную вайну, якую пэрыядычна пачынае прэзыдэнт Беларусі, але на сёньняшні дзень беларускае кіраўніцтва паводзіць сябе неразумна. Замест наладжваньня стасункаў з Расеяй, яно бясконца займаецца самапіярам для пацьвярджэньня ва ўласнага электарату, што ў любы момант можа рабіць што захоча. Таму ўзаемадачыненьні не паляпшаюцца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG