Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” два тыдні чакаць ня будзе


Сяргей Купрыянаў

Сяргей Купрыянаў

«Газпром» ня мае намеру два тыдні чакаць пагашэньня Беларусьсю доўгу за пастаўкі газу і не выключае новых абмежаваньняў паставак,— паведаміў афіцыйны прадстаўнік расейскага газавага канцэрну Сяргей Купрыянаў па выніках пасяджэньня апэратыўнага штабу па ўрэгуляваньні сытуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь.

«Абмеркавалі бягучую сытуацыю. Пакуль пакінулі аб’ём паставак без зьменаў. Але відавочна, што 15% — гэта толькі пачатак, два тыдні ніхто чакаць ня будзе, наступнае абмеркаваньне сытуацыі на штабе заўтра а 10:00», — цытуе Купрыянава РІА Новости.

Як паведамлялася раней, першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка заявіў журналістам у Менску, што Беларусь разьлічыцца за расейскі газ на працягу двух тыдняў.

«Мы разьлічваем, што на працягу двух тыдняў мы знойдзем магчымасьць, пазычым, але разьлічымся за газ, — сказаў Сямашка. — Мы ня ўтойваем: у нас цяжка з валютай, каб увайсьці ў рэжым рэальнага часу і аплачваць газ. Мы павінны пазычаць».

Пры гэтым беларускі бок выстаўляе расейцам сустрэчнае патрабаваньне — пагасіць доўг за транзыт газу ў памеры 217 млн. долараў.

У «Газпроме» доўг за транзыт газу па беларускай тэрыторыі прызнаюць, але пры гэтым заяўляюць, што Беларусь не дазваляе пагасіць гэтую запазычанасьць.

«Доўг існуе, сытуацыя створаная тым, што беларускі бок не дазваляе яго пагасіць, таму што не афармляе акты транзыту», — сказаў 21 чэрвеня журналістам Сяргей Купрыянаў.

«Мы чакаем ад беларускага боку хутчэйшага рашэньня па пагашэньні запазычанасьці і выкананьня абавязацельстваў па транзыце. Мы чакаем, што пастаўкі па транзыце будуць ажыцьцяўляцца ў поўным аб’ёме», — падкрэсьліў Купрыянаў.

Паводле зьвестак Купрыянава, скарачэньне паставак газу ў Беларусь склала 7 млн. з 45 млн. кубамэтраў за суткі, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG