Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: 25 сем’яў адмаўляюцца вяртацца ў свой дом пасьля капрамонту


Жыхары дома № 5 па вуліцы 5-й Каапэратыўнай зьвярнуліся да журналістаў незалежных СМІ ў пошуках дапамогі. Скаргі ў дзяржаўныя інстанцыі плёну не прыносяць: людзі ня могуць вярнуцца ў свае нібыта «адрамантаваныя» кватэры.


Дом № 5 па вуліцы 5-й Каапэратыўнай рамантуюць з 2007-га году. Капітальны рамонт павінны былі скончыць у 2009-м. Але ў адрамантаваныя кватэры жыхары так і не вярнуліся: два гады яны змагаюцца за тое, каб будаўнікі рабілі сваю справу як належыць.

Некалькі сем’яў на час рамонту перасялілі ў суседні дом, і таму ўсё адбываецца на вачох у былых насельнікаў. Адзін зь іх, Уладзімер Сьвірыдзенка, на паўгода нават кінуў працу, каб адстойваць інтарэсы сваёй сям’і і суседзяў — калі ўбачыў, што ў выніку такога рамонту жыць у сваім доме немагчыма:

«Наш дом — «калідорнага тыпу», камунальныя кватэры. Ён адноўлены ў 1948 годзе, а пабудаваны на пачатку 20-га стагодзьдзя. Вось бачыце — дом яшчэ не здалі, а сьцены мокрыя наскрозь. Галоўны інжынэр будаўнічага ўпраўленьня, якое робіць рамонт, мне сказаў наўпрост: «Я нічога тут перарабляць ня буду!» Кажу: «А я ў Менск паскарджуся!» А ён: «Што ты мяне палохаеш? Усё адно ліст яны сюды перашлюць, і ўсё будзе ў нас!»

Уладзімер Сьвірыдзенка сабраў цэлую тэчку адказаў з розных інстанцый.

Так і атрымалася, кажа спадар Уладзімер. У адмысловую тэчку ён зьбірае адказы з усіх устаноў, куды даводзілася зьвяртацца. Зусім без адказу застаўся допіс на сайт прэзыдэнта. Зь Дзяржкантролю напісалі, што трэба разьбірацца ня ў Менску, а на месцы. Адзіны чыноўнік, які двойчы прыяжджаў разьбірацца са скаргамі жыхароў, — гэта намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў. Аднак і пасьля ягонага візыту таксама нічога зь месца ня зрушылася.

Зьвярталіся жыхары і ў дзяржаўную газэту «Віцьбічы». Спачатку там зьявіўся вялікі крытычны артыкул, аднак неўзабаве выйшаў яшчэ адзін — маўляў, усе недаробкі ліквідаваныя. Абураныя няпраўдай насельнікі паспрабавалі трапіць на прыём да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, але іх да яго не пусьцілі, распавядае Ўладзімер Сьвірыдзенка:

«Спадарыня Раманоўская, спэцыяліст па працы з насельніцтвам, сказала: „Да Косінца мы вас не запішам. Мне дадзена даручэньне з вамі яго ня зьвязваць“. Вось і ўсё».

Тут была дзіцячая пляцоўка.

Убачыўшы ў двары журналістаў зь відэакамэрай, фотаапаратамі і дыктафонам, да размовы далучыліся іншыя жыхары дома № 5. Бо вільгаць у кватэрах — далёка ня ўсё, што выклікае абурэньне ў тутэйшых насельнікаў.

Спадарыня: «Падлога трасецца, і сьцены гіпсакардонныя. Я сьценку страсянула, а зьверху тынк пасыпаўся. Тры мэтры ў нас столь. І дзеці малыя».

Спадарыня: «Будаўнікоў ніколі няма. Зранку здалі бутэлькі і недзе сядзяць увесь дзень. Нават не выходзяць».

Спадар: «Ёсьць указаньне зрабіць нармальную падлогу, сьцяжкі, як належыць. Але насамрэч нічога ня робіцца».

Спадарыня: «Чамусьці ўсталёўваюць электрапліты, хаця тут праведзены газ. Вось бачыце — труба па сьцяне ідзе? Гэта што — таксама адмываньне грошай?»

Новая падлога. Фота У. Сьвірыдзенкі.

Так праклалі трубы ацяпленьня . Фота У. Сьвірыдзенкі.

Тутэйшыя жыхары лічаць, што будаўнікі незаконна абыходзяцца з будматэрыяламі: некуды зьніклі чацьвёра кватэрных дзьвярэй, чамусьці былі закладзены некалькі вокнаў у калідоры, а астатнія аконныя блёкі — рознага гатунку і выгляду. Не працуе сыстэма вэнтыляцыі, трубы ацяпленьня ляжаць проста ў вадзе, якую ніхто не адпампаваў, паміж падлогай і падмуркам — друз і сьмецьце, у адной кватэры ўсталявана 3 сэкцыі ацяпляльных батарэй, затое ў другой — адразу 26… Усе недаробкі жыхары дома фатаграфуюць і здымаюць на відэа. Але й гэтыя дакумэнтальна засьведчаныя факты не бяруцца пад увагу адказнымі асобамі. Урэшце абодва пад’езды ўвогуле зачынілі на замок, і будаўнікі нікога з жыхароў усярэдзіну не пускаюць, асабліва з фотаапаратамі.

Батарэя з 26 сэкцый у адной з кватэр. Фота У. Сьвірыдзенкі.

Каля сарака чалавек ужо паўгода меліся б жыць у адрамантаваным доме. Аднак яны кажуць, што зусім ня будуць пераяжджаць, калі дом так і будзе прыняты з усімі хібамі. І дзівяцца: чаму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады так абыякава ставяцца да праблем шараговых выбарцаў? Калі пяць гадоў таму Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў на Віцебскі масла-экстракцыйны завод, які месьціцца побач, усю вуліцу 5-ю Каапэратыўную вычысьцілі да бляску. А сёньня ні тэрміны, ні якасьць рамонту ў іхным доме нікога не хвалююць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG