Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім сьледчым ізалятары галадуе палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які дамагаецца тэрміновай стаматалагічнай дапамогі. Ці ёсьць у беларускіх турмах магчымасьці для лячэньня зубоў?


Мікалай Аўтуховіч пачаў галадоўку 16-га чэрвеня. 21 чэрвеня галадоўка працягвалася. Калі патрабаваньне Аўтуховіча адносна тэрміновага лячэньня ня выканаюць, ён пачне сухую галадоўку ўжо з аўторка. Пра гэта паведаміў адвакат Павал Сапелка, які сёньня наведаў вязьня ў сьледчым ізалятары. Вось што сказаў адвакат пра стан здароўя Аўтуховіча:

«Адчувае сябе не найлепшым чынам. Гэтак заўсёды на пачатку галадоўкі, бо абвастраюцца хранічныя захворваньні, якія атрымаў раней».

6 траўня Мікалая Аўтуховіча Вярхоўны суд Беларусі прызнаў вінаватым у незаконным захоўваньні боепрыпасаў і асудзіў на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня. Нават на судзе Аўтуховіч казаў, што страціў за кратамі некалькі зубоў і яму патрэбна тэрміновае пратэзаваньне. Больш за месяц мінуў пасьля заканчэньня працэсу, вязьня ў любы момант могуць перавесьці ў калёнію, але лячыць зубы яму не пачалі. Мікалай Аўтуховіч патрабуе лячэньня ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, паколькі мяркуе, што ў беларускіх калёніях умоў для лячэньня зубоў няма. Ці гэта так?

Былы палітвязень, прадпрымальнік Валер Леванеўскі адбыў у розных беларускіх калёніях 2 гады. Валер Леванеўскі страціў за час зьняволеньня некалькі зубоў і склаў пэўнае меркаваньне наконт гэтага:

Такога няма ўвогуле, каб у зоне лячылі зубы вязьням. Рвуць — так, але ня лечаць.
«Такога няма ўвогуле, каб у зоне лячылі зубы вязьням. Рвуць — так, але ня лечаць. Пэнітэнцыярная сыстэма так уладкаваная, каб максымальна зьняважыць чалавека, зьнішчыць яго, у тым ліку паводле мэдычных паказчыкаў. Але ня вылечыць. Такая міліцэйская псыхалёгія: калі чалавек патрапіў у зону, дык яго трэба зьнішчыць».

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адмовіліся камэнтаваць галадоўку Мікалая Аўтуховіча. Паводле дзяжурнага Дэпартамэнту, вылечыць зубы можна ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі. На пытаньне, чаму туды не кладуць Мікалая Аўтуховіча, міліцыянт адказаў гэтак:

«Хай сваякі напішуць заяву ці прыйдуць на прыём да начальніка Дэпартамэнту і дамовяцца. Ці сам хай піша».

Паводле адваката Паўла Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч накіраваў заяву на імя намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па мэдычнай частцы аб тэрміновым лячэньні зубоў, але гэтую заяву, паводле яго, не перадалі зь менскага сьледчага ізалятара.

У СІЗА на Валадарскага сытуацыю зь Мікалаем Аўтуховічам не камэнтуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG