Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Польшчы: Камароўскі - 41%, Качынскі - 37%


Яраслаў Качыньскі прымае віншаваньні з выхадам у другі тур

Яраслаў Качыньскі прымае віншаваньні з выхадам у другі тур

Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы падала вынікі галасаваньня з амаль 95% выбарчых участкаў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. У другі тур выйшлі Браніслаў Камароўскі (41,22%) і Яраслаў Качыньскі (36,74%), аднак спікер Сэйму апярэдзіў лідэра апазыцыі меней чым на 5% - гэта галоўная неспадзяванка нядзельнага галасаваньня.

Перамогі ў першым туры не будзе – з гэтым вымушаныя зьмірыцца прыхільнікі выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, хаця напярэдадні выбараў некаторыя сацыялягічныя дасьледаваньні давалі яму такі шанец.

“Перад другім турам я зраблю ўсё магчымае, і прашу вашае дапамогі, каб знайсьці падыход да сэрцаў і розуму тых, хто будзе вымушаны выбіраць яшчэ раз, бо іхны кандыдат не прайшоў у другі тур”, - кажа Браніслаў Камароўскі.

Тут гаворка ідзе перадусім пра Гжэгажа Наперальскага, кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад левых сілаў, які набраў амаль 14% галасоў ды апынуўся на 3 месцы.

“Я дзякую ўсім выбарцам ды аўтарытэтным асобам, якія паверылі ў тое, што ў Польшчы ёсьць альтэрнатыва для правых. Гэта мы давялі ў сёлетняй кампаніі”, - заявіў Наперальскі.

Альтэрнатыва правым і тое нешматлікая ёсьць пакуль толькі ў польскім парлямэнце, шансаў выйграць у кандыдата ад левых не было, ёсьць затое магчымасьць уплываць на вынікі галасаваньня ў другім туры.

Камароўскі і Качынські разьлічваюць на тое, што выбарцы Наперальскага прагаласуюць за іх – абодва пераможцы першага туру дзякавалі кандыдату ад левых.

“Я дзякую спадару Наперальскаму за тое, што ён выступіў з ініцыятываю правядзеньня круглага стала ў справе сытуацыі ў службе аховы здароўя”, - казаў Яраслаў Качыньскі.

Адметна, што менавіта за кандыдата ад апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” галасавала большасьць выбарцаў ва ўсходняй частцы Польшчы, у тым ліку і на Беласточчыне, дзе жывуць прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасьці.

Галасаваньне ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы адбудзецца 4 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG