Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў едзе абмяркоўваць беларуска-расейскае супрацоўніцтва


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Пачынаецца візыт кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова. Міністар замежных справаў сустрэнецца са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.

"Плянуецца абмеркаваць шырокае кола пытаньняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, узаемадзеяньня ў рамках міжнародных арганізацый, абмяняцца думкамі якія ўяўляюць узаемную цікавасьць", - паведамілі БелаПАН у прэсавай службе МЗС Беларусі.

Раней МЗС Беларусі выступіў з крытыкай на адрас Расеі, якая абмежавальнымі захадамі ў гандлі наносіць краіне найбольшыя страты.

Паводле МЗС, зараз у гандлі зь Беларусьсю замежныя дзяржавы ўжываюць 28 абмежавальных захадаў. Пры гэтым найбольшая іх колькасьць прыпадае на Расею — 12. Як заявіла беларускае зьнешнепалітычнае ведамства, у Расеі створаны няроўныя канкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў, якія бяруць удзел у тэндэрах сыстэмы дзяржаўных закупаў — у выглядзе ўсталяваньня цэнавых прэфэрэнцыяў у памеры 15% толькі для пастаўшчыкоў расейскіх тавараў. "Згаданыя прэфэрэнцыі распаўсюджваюцца толькі на абмежаваны пералік беларускіх тавараў", — падкрэсьліваюць у МЗС.

Гэтаксама дзейнічаюць абмежаваньні на доступ беларускай аўтамабільнай і камунальнай тэхнікі, якая вырабляецца на тэрыторыі Расіі, да закупу фэдэральнымі органамі выканаўчай улады і суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі з выкарыстаньнем субсыдый. Апрача таго, існуе забарона на распаўсюджваньне ільготных умоваў крэдытаваньня ў расейскіх банках з субсыдыяваньнем працэнтных ставак і набыцьця сельгастэхнікі ў лізінг. Абмяжоўваецца доступ беларускай аўта і сельгастэхнікі да лізінгу яе сельскагаспадарчым таваравытворцам і сельскагаспадарчым спажывецкім каапэратывам.

Шэраг абмежавальных захадаў тычацца і ўзаемаадносінаў у энэргетычнай сфэры. У прыватнасьці, падкрэсьлілі ў МЗС, зьбіраньне ад 1 студзеня 2010 году вывазной мытнай пошліны на асобныя катэгорыі нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расеі, парушае палажэньні міжнародных абавязаньняў Расейскай Фэдэрацыі.

Абмежаваньнем таксама называецца наданьне "Газпраму" выключнага права на экспарт газу — бо гэта сродак нетарыфнага рэгуляваньня зьнешняга гандлю. Пры гэтым унутраная расейская цана на газ істотна ніжэйшая за кошт на газ у Беларусі нават з улікам транспартных выдаткаў. "Гэта стварае істотныя цэнавыя перавагі для расейскіх кампаній і тавараў, якія імі вырабляюцца, як на ўнутраным, так і на беларускім рынку, і, па сутнасьці, зьяўляецца франтальнай субсыдыяй усёй расейскай эканоміцы", — гаворыцца ў паведамленьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG