Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь тэхналягічна ня зможа ў поўнай меры падтрымліваць транзыт расейскага газу ў Эўропу ў выпадку абмежаваньня паставак газу на 85%, заявіла РИА "Новости" ў нядзелю высокапастаўленая крыніца ў Мінэнэргетыкі Беларусі.


Беларусь з пачатку гэтага года плаціць Расеі не па кантракце, а па ўсталяванай ёю ў аднабаковым парадку цане, у выніку чаго ўжо завінавацілася парадку 200 мільёнаў даляраў. Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер сказаў, што скарачэньне можа скласці 85%.

"Калі ўвядуць абмежаваньне, цяжка будзе не закрануць пытаньні транзыту. Каб газатранспартная сыстэма працавала, у ёй тэхналягічна трэба падтрымліваць пэўны ціск", - сказала крыніца ў Мінэнэргетыкі Беларусі.

Між тым, як заявіў у суботу ўвечары кіраўнік Газпрома Аляксей Мілер, тэхнічныя магчымасці для перанакіраваньняў паставак паліва ў абыход Беларусі ў газавай манаполіі ёсьць. "Я думаю, на гэтыя праблемы варта глядзець вельмі-вельмі спакойна. Ёсць тэхнічная магчымасьць паставіць газ праз Украіну ў Польшчу", - сказаў Мілер.

Ён растлумачыў, што ўлетку спажываньне газу традыцыйна скарачаецца, пры гэтым за апошнія паўтара месяца попыт у Эўропе - за выключэньнем Нямеччыны і Паўночнай Эўропы - зьнізіўся, і газатранспартныя магутнасьці "ў любым выпадку не загружаны на 100%".
Акрамя экспартных паставак газу ў Эўропу праз Беларусь палівам забясьпечваецца Калінінградская вобласьць.

Па словах крыніцы ў Мінэнэргетыкі Беларусі, 85-працэнтнае абмежаваньне паставак газу можа нанесьці істотны ўрон беларускай эканоміцы. "Ніхто не ўлічвае, што ў нас ёсьць вытворчасьць, якой трэба чатыры-пяць сутак - тыдзень для іх вывядзеньня з рэжыму вытворчасьці", - сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён удакладніў, што гэта тычыцца, у прыватнасці, азотной, шкляной вытворчасьцяў, дзе ў выпадку рэзкага адключэньня газу магчымыя сур'ёзныя аварыі. Крыніца таксама паведаміла, што 15% ад паставак у Беларусь газу хопіць толькі для забеспячэньня невялікай колькасьці небуйных спажыўцоў. "Гэта толькі насельніцтва і хлебазаводы з малаказаводамі", - сказаў ён.

Гаворачы аб перамовах беларускага Мінэнэргетыкі з Газпромам, якія прайшлі ў суботу, прадстаўнік ведамства пацьвердзіў, што яны скончыліся безвынікова. "У Мілера не было жаданьня прыняць разумныя узважаныя рашэньні", - заявіў ён. Па словах суразмоўцы агенцтва, беларускі бок прапаноўвала вырашыць пытаньне беларускага доўгу за пастаўлены газ і доўгу Газпрома за транзыт газу шляхам узаемазаліку.

Позна ўвечары ў пятніцу беларускі бок абвясьціў, што Газпром завінаваціўся Менску за транзыт газу столькі ж, у колькі Масква ацэньвае пазыку Менску, - каля 200 мільёнаў даляраў. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю з боку расейскіх уладаў: па іх словах, Газпром у адрозненьне ад Беларусі можа дакумэнтальна пацьвердзіць абавязак.

Крыніца ў Мінэнергетыкі заявіла, што "пытаньне аб расейскім доўгу за транзыт падымаецца на кожным пасяджэньні назіральнага савету" з удзелам, у прыватнасьці, старшыні назіральнага савету, намесьніка старшыні праўленьня Газпрома Валерыя Голубева, паведамляе РИА "Новости".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG