Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію імя Васіля Быкава ўручылі Адзе Райчонак


Ада Райчонак: “Прэмію я адна не зарабіла б, мне заўжды дапамагалі сябры”

Ада Райчонак: “Прэмію я адна не зарабіла б, мне заўжды дапамагалі сябры”

Сёньня на радзіме Васіля Быкава на Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі, адбылося ўручэньне прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Гэта прэмія заснаваная Рухам “За Свабоду” пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча і традыцыйна ўручаецца на ўгодкі Васіля Быкава, якому сёньня споўнілася б 86 гадоў.

Прэмія “За свабоду думкі” была заснаваная тры гады таму на ўзор прэміі “За свабоду” імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Сёлета ён прыехаў у Бычкі, дзе прэмія ўручалася ўжо ў трэці раз.

“Я думаю, што кожны чалавек, які нарадзіўся, хоча жыць у свабодзе. І для мяне Васіль Быкаў - гэта чалавек, які паказваў, што трэба жыць у свабодзе, у годнасьці, у праўдзе. І таму гэтая прэмія тым, хто працягвае ягоную гэтую справу. Ён любіў свой народ, і хацеў, каб народ жыў лепш. Гэтага хочам і мы. І мы вырашылі штогод у дзень народзінаў Быкава ўручаць гэтую прэмію тым, хто працягвае ягоную справу - тым, хто робіць тое, што можа, што ўмее, і паказвае прыклад”, -- сказаў Аляксандар Мілінкевіч.
Сёлета ганаровы дыплём і сымбалічную статуэтку аўтарства Віктара Копача атрымала Ада Райчонак, актывістка з Шаркоўшчынскага раёну, арганізатарка шматлікіх мастацкіх пленэраў і заснавальніца Цэнтру імя Язэпа Драздовіча. Уручыў прэмію леташні ляўрэат Алесь Пушкін:

“Гэтая прэмія павінна несьці адбітак жыцьця Васіля Быкава - гэта справядлівасьць, гэта праўда. Каб гэтая прэмія несла годнасьць Васіля Быкава, каб яна была ўручана справядліва. І ў гэтым годзе прэмію атрымлівае чалавек, які жыве не ў вялікім горадзе, бо беларушчына робіцца на месцах, тымі людзямі, якія жывуць у самай гушчы свайго народу. І сёлета прэмія “За свабоду думкі” уручаецца Адзе Райчонак!”

Прэмія Адзе Райчонак уручалася ў прысутнасьці шматлікіх гасьцей - на ўгодкі Быкава ў Бычкі прыяжджаюць пісьменьнікі, дэмакратычныя актывісты і ўсе, хто шануе памяць пісьменьніка-земляка. Прыехалі ў Бычкі і прадстаўнікі Вушацкага райвыканкаму.
Каля мэмарыяльнага музэя ў Бычках прайшлі літаратурныя чытаньні. А потым усе ахвотныя мелі мажлівасьць напісаць агульнанацыянальную дыктоўку, тэкст якой зачытала Зінаіда Бандарэнка.

Госьцяй сьвяткаваньня была сястра Васіля Быкава, спадарыня Валянціна. На жаль, па стане здароўя ня змог прыехаць у Бычкі Рыгор Барадулін, блізкі сябар Васіля Быкава.

На малую радзіму знакамітага пісьменьніка сёлета зьехаліся людзі зь Менску, Гомеля, Баранавічаў і практычна з усёй Віцебскай вобласьці - больш за сотню чалавек. Так на ўгодкі Быкава бывае штогод - яго кнігі і ягоныя запаветы не забываюць. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Віцебскае абласное адзьдзяленьне ТБМ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG