Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава, у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску адбылася прэзэнтацыя аўдыёкнігі Быкава "Доўгая дарога дадому", якая выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Кніга ўспамінаў Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому" гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены восем гадоў таму ў Празе ў студыі Радыё Свабода.


На менскую прэзэнтацыю аўдыёкнігі прыйшло каля ста чалавек. Гэта ўжо трэцяя па ліку прэзэнтацыя дыска. Першая адбылася ў Горадні, другая – у Бабруйску.

У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры ў асобным пакоі аформілі адмысловую экспазыцыю пра Васіля Быкава, на якой разьмясьцілі рукапісы, малюнкі, кнігі, фатаграфіі і асабістыя рэчы пісьменьніка. Экспазыцыю ўпрыгожылі вялікі фотапартрэт і скульптура Быкава.

У часе прэзэнтацыі быў паказаны фрагмэнт фільма пра Васіля Быкава пад назвай "Я раскажу вам пра вайну", які ў 2009 годзе зьняў рэжысэр Сяргей Ісакаў па сцэнары Ўладзімера Халіпа. Выкарыстаны ў фільме фрагмэнт інтэрвію з Васілём Быкавым быў зроблены Алесем Адамовічам.





Менскую прэзэнтацыю аўдыёкнігі "Доўгая дарога дадому" адкрыў паэт Міхась Скобла:

"Аўдыёкнігі – зараз модны жанр. Часам сэнс таго ці іншага слова можна знайсьці толькі праз прамоўленае, праз інтанацыю, праз націск.... Часам пісьменьнікаў трэба ня толькі чытаць, а і слухаць. І вось гэтую шчасьлівую магчымасьць нам дае Радыё Свабода. Многія слухалі голас Быкава ў эфіры, а зараз выйшла аўдыёкніга "Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому".

Ініцыятар і куратар праекта, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук заявіў, што ў кожнага чалавека ёсьць свой Быкаў:

"Ёсьць свой Быкаў у Франака Вячоркі, які выстаяў, не зламаўся ў супрацьстаяньні з тупой сілай рэжыму. Свой Быкаў ёсьць у маладых
Свой Быкаў ёсьць у маладых амэрыканскіх салдат, якія вяптаюцца зь Іраку і Аўганістану.
амэрыканскіх салдат, якія зараз вяртаюцца на радзіму з палёў Аўганістану, Іраку.

На гэтым тыдні выйшла аповесьць Быкава "Мёртвым не баліць" у перакладзе на ангельскую мову. Учора Сяргей Навумчык узяў інтэрв'ю у перакладчыка Джозэфа Мозура, які сказаў: "Псыхалёгія героя-апавядальніка, сталага Васілевіча нагадвае перажываньні амэрыканскіх салдат, якія вярнуліся зь Іраку і Аўганістану, з сындромам посттраўматычнага стрэсу. Сёньня ў нашых ўнівэрсытэтах вучыцца даволі шмат маладых вэтэранаў, якія, безумоўна, здольныя зразумець і спачуваць малодшаму лейтэнанту Васілевічу".

Свой Быкаў ёсьць і ў мяне. Сярод самых дарагіх рэчаў, якія я маю ў жыцьці, гэта словы ягонай прадмовы да маёй першай кнігі, напісанай больш за 20 гадоў таму, якія ён потым уключыў у свой збор твораў, гэта лісты, якія пачыналіся словамі :"Саша, дарагі дружа..." Гэта сустрэчы ў гасьціннай кватэры Ірыны Міхайлаўны і Васіля Ўладзімеравіча, прагулкі па праскіх вуліцах...

Калі гаварыць на тэму "Быкаў і Свабода", трэба гаварыць пра чатырох Быкавых. Быкаў першы – Быкаў-слухач. Быкаў пачаў слухаць
Калі гаварыць на тэму "Быкаў і Свабода", трэба гаварыць пра чатырох Быкавых.
замежнае радыё, як ён сам пра гэта расказвае, у 50-я гады. Калі зьявіліся ў яго першыя прымачы, ён настройваўся на "Свабоду", на ВВС, на "Голас Амэрыкі". Ён даў нам хіба самую вялікую ацэнку і пашану: "Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычкай і патрэбай душы..."

Другі Быкаў – Быкаў-герой Свабоды. Радыё Свабода расказвала, камэнтавала, аналізавала ягоныя творы. Кніга "Мёртвым не баліць" была апублікаваная ў Мюнхэне супрацоўнікамі Беларускай службы Радыё Свабода ў 1967 годзе. Ягоныя прамовы на зьездах пісьменьнікаў, ягоныя публікацыі ў маскоўскім друку вярталіся да слухачоў Беларусі вельмі часта праз Радыё Свабода. Свабода расказвала пра яго ролю ў стварэньні Беларускага Народнага Фронту, "Мартыралёга Беларусі", Беларускага ПЭН-цэнтру.

Трэці Быкаў – гэта Быкаў-удзельнік перадачаў. Нам як журналістам было вельмі лёгка працаваць з Быкавым. Я не прыпомню ніводнага выпадку, калі б Быкаў адмовіўся даць інтэрв'ю, калі ён не пагадзіўся на ўдзел у перадачы... Зьмест гэтых інтэрв'ю, выступаў склаў каля 500 старонак кнігі "Быкаў на Свабодзе".

І чацьвёрты Быкаў – гэта аўтар Свабоды. Калі Быкаў зь Ірынай Міхайлаўнай быў вымушаны зьехаць зь Беларусі ў Фінляндыю, калі
І чацьвёрты Быкаў – гэта аўтар Свабоды.
пачаўся іх вандроўны пэрыяд жыцьця, у рэдакцыю пачалі прыходзіць лісты ад Васіля Ўладзімеравіча. Вельмі часта я атрымліваў канвэрт, у якім ляжалі тэксты прыпавесьцяў, апавяданьняў, аповесьцяў. Кожны раз яны суправаджаліся прыпіскай: "Калі я вам ужо надакучыў, ня трэба, не чытайце..." І гэтыя творы чыталі журналісты.

І з гэтым чацьвёртым Быкавым, аўтарам Свабоды, мы не раз вялі гаворку пра ягоныя ўспаміны, пра мэмуары... Аднойчы ў тэлефоннай размове, калі ён жыў у Франкфурце, ён сказаў, што нешта напісаў". Мы зь вялікім энтузіязмам сталі прасіць яго прыслаць гэта. І калі ўспаміны былі завершаныя, ён паабяцаў прыслаць. І даслаў.

Адразу стала ясна, што гэты тэкст, гэты твор ня могуць чытаць журналісты, ня могуць чытаць дыктары. Гэтыя словы павінны быць
І ўрэшце рэшт удалося яго пераканаць прыехаць у Прагу.
агучаныя самім аўтарам. Васіль Уладзімеравіч не пагадзіўся: маўляў, у вас добрыя галасы... Але мы не здаваліся, навучаныя быкаўскай прозай, настойвалі. І ўрэшце рэшт удалося яго пераканаць прыехаць у Прагу".

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук далей распавёў, што ў сярэдзіне чэрвеня 2002 году Васіль Уладзімеравіч з Ірынай Міхайлаўнай прыехалі на некалькі дзён у Прагу. Частка кнігі, якая была начытаная Быкавым датычыць пэрыяду ягонага жыцьця, пачынаецца з 50-х гадоў, калі адбылося ягонае другое вяртаньне ў Горадню, з моманту, калі пачынаецца ягоная сур'ёзная літаратурная біяграфія. Васіль Быкаў падзяліў гэтую частку тэксту на 40 разьдзелаў і за чатыры дні запісаў частку мэмуараў для радыё. Аляксандар Лукашук працягвае:

"Чытаць любы тэкст цяжка. Як цяжка нават старонку тэксту прачытаць без памылак! Гэта зусім іншы і настрой, і праца моўнага апарата, нават калі ты малады чалавек. Васіль Уладзімеравіч здолеў начытаць 40 частак за тыя чатыры з паловай дні, калі прыходзіў у студыю.
Уключаўся запіс, і пачыналася магія чытаньня, магія гучаньня незабыўнага голаса Быкава.
Уключаўся запіс, і пачыналася магія чытаньня, магія гучаньня незабыўнага, адзінага, стрыманага, моцнага і таямнічага голаса Быкава.

Запісы кнігі "Доўгая дарога дадому" на радыё Свабода гучалі летам 2002 года, гучалі і калі памёр Быкаў. Кожны чэрвень на Радыё Свабода называецца "Чэрвень з Быкавым". І зараз, у гэтыя дні, гучыць яго голас. Упершыню ў гэтым чэрвені нам удалося зрабіць тое, чаго чакалі многія тысячы прыхільнікаў творчасьці Васіля Ўладзімеравіча – сабраць усё гэта разам і зьмясьціць на адзін дыск".

Сябар Васіля Быкава паэт Анатоль Вярцінскі трапна заўважыў:

"Усё мяняецца ў чалавека. Вонкава чалавек мяняецца, а тэмбр голасу не мяняецца. Тое, што Быкаў запісаны,– гэта яшчэ дадатковы чыньнік, які гарантуе тое, што ў нас будзе магчымасьць слухаць жывога Быкава".
У нас будзе магчымасьць слухаць жывога Быкава.


Анатоль Вярцінскі шчыра прызнаўся, што сябар Васіль яму часта сьніцца, і ён нават напісаў пра гэта верш.


Анатоль Вярцінскі

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў паведаміў, што ён цяпер піша працяг сваёй дзіцячай кнігі "Адкуль наш род", якая будзе даведзеная да нашых дзён.

"Сярод герояў будуць нашы сучасьнікі. І адно з апавяданьняў будзе прысьвечанае Васілю Быкаву. Быкаву быў прысьвечана і разьдзел
Быкаў казаў: "Мой лёс пэсымістычны, хаця душа мая прагне аптымізму".
іншай маёй кнігі "Імёны Свабоды": "Сапраўднае адкрыцьцё Быкава як пісьменьніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасьля зьяўленьня аповесьці "Знак бяды". Васіль Уладзімеравіч ня раз казаў, што яму блізкі экзыстэнцыялізм, асабліва раман Альбэра Камю "Чума". Адрозна ад французскага калегі, Быкаў, нягледзячы на моцную падтрымку Вацлава Гаўла і Чэслава Мілаша, ня быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй. Але ці была гэтая ўзнагарода зь яе сёньняшнім пахіснутым аўтарытэтам вартая Быкава?.. У нашай апошняй размове Быкаў паўтарыў фінальныя словы сваёй "Доўгай дарогі дадому": "Мой лёс пэсымістычны, хаця душа мая прагне аптымізму".


Выступае Ўладзімер Арлоў

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч распавёў, што 8 з 14 тамоў з поўнага збору твораў Быкава ўжо выдадзеныя:

"Сёлета зьявяцца наступныя 9 і 10 тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава, куды ўвойдуць усе вядомыя п'есы, драматургічныя тэксты, а таксама ўсе сцэнары, якія ён аўтарызаваў".


Алесь Пашкевіч

На завяршэньне імпрэзы Міхась Скобла згадаў:

"У 1963 годзе Быкаў, літаратурны кансультант "Гродзенскай праўды" пісаў у лістах ў Зэльву да Ларысы Геніюш: "Ганаруся вашай
Падтрымкі ад Васіля Быкава нам цяпер бракуе.
"залатой жылачкай". Друкаваў вершы на старонках газэты. І гэта для апальнай паэткі было вялікай падтрымкай. Вось гэтай падтрымкі нам вось як бы ад Васіля Быкава бракуе, але ў той жа час яна ёсьць. Яна ёсць у ягоных творах, яна ёсьць ў ягоным голасе, яна ёсьць у ягоных інтанацыях. І каб беспамылкова ўспрымаць Васіля Быкава, слухайце яго "Доўгую дарогу дадому", якую выдала Беларуская служба Радыё Свабода".

На дыску, акрамя аўдыёкнігі з голасам Васіля Быкава, зьмешчаныя тэкст самой кнігі "Доўгая дарога дадому", ягоныя нататкі "Парадоксы жыцьця", далітаратурная біяграфія "Пункціры жыцьця", а таксама ўся Бібліятэка Свабоды.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG