Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бычках трэці раз уручаць прэмію “За свабоду думкі”


Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі "За свабоду слова" імя Васіля Быкава
Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі "За свабоду слова" імя Васіля Быкава

19 чэрвеня, у дзень 86-х угодкаў Васіля Быкава, на ягонай малой радзіме адбудзецца ўжо традыцыйнае ўручэньне прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам.

Сёлетняга ляўрэата мае ўганараваць Рыгор Барадулін – ён першы атрымаў гэтую прэмію ў 2008 годзе. Тады ж ляўрэатамі сталіся таксама Ўладзімер Арлоў і Павал Севярынец. Летась прэмія “За свабоду думкі” была ўручана Алесю Пушкіну.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, гэтая прэмія была заснавана на ўзор прэміі Эўрапарлямэнту За свабоду думкі імя Сахарава. Ёй ўзнагароджваюць тых, хто, на думку адмысловага журы, яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды. Усе ляўрэаты атрымліваюць стылізаваныя статуэткі аўтарства скульптара Віктара Копача і памятныя дыплёмы.

На ўгодкі Васіля Быкава на ягоную радзіму, у вёску Бычкі Вушацкага раёну, зьяжджаюцца ня толькі прадстаўнікі руху “За свабоду”. Каля мэмарыяльнага музэя пісьменьніка зьбіраюцца грамадзкія актывісты, палітыкі, пісьменьнікі і і проста аматары творчасьці Васіля Быкава. Пачэсная госьця ўсіх імпрэзаў – і родная сястра пісьменьніка, Валянціна Ўладзімераўна.

Мяркуецца, што сёньня ў Бычках пройдуць літаратурныя чытаньні, адбудзецца падвядзеньне вынікаў конкурсу “Што я ведаю пра Быкава?” і нацыянальная дыктоўка, якую ахвотныя напішуць проста ў “быкаўскім” музэі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG