Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч пачне сухую галадоўку, калі не выканаюць ягоных патрабаваньняў


Мікалай Аўтуховіч папярэджвае, што пачне сухую галадоўку. Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка галадуе ўжо 5 дзён, пратэстуючы супраць незаконнага, як ён лічыць, прысуду. Чаму вязень калёніі "Воўчыі норы" Ўладзімер Асіпенка спыніў ліставаньне са сваякамі?

З 16-га чэрвеня галадуе Мікалай Аўтуховіч, які патрабуе тэрміновага лячэньня зубоў. Пра галадоўку Аўтуховіча "Свабодзе" паведаміў адвакат Павал Сапелка пасьля чарговага наведваньня падабароннага ў Менскім сьледчым ізалятары.

Паводле адваката Сапелкі, Аўтуховічу не аказваюць неабходную дапамогу ў пратэзаваньні зубоў. Адміністрацыя спасылаецца на тое, што ў сьледчым ізалятары нібыта няма ўмоваў для гэтага лячэньня, між тым і ў шпіталь вязьня не кладуць. Мікалай Аўтуховіч накіраваў скаргу на імя намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па мэдычнай частцы, але ягоная скарга нават не выйшла з ізалятару.
калі не будуць выкананыя ягоныя патрабаваньні, ад аўторку ён пачне сухую галадоўку ...

"У выніку Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку і праінфармаваў адміністрацыю ізалятара, што з 22-га чэрвеня можа перайсьці да больш рашучых дзеяньняў ", -- кажа Павал Сапелка.

"Мікалай сказаў, што калі не будуць выкананыя ягоныя патрабаваньні, ад аўторку ён пачне сухую галадоўку. А ягоныя патрабаваньні такія: сустрэча з намесьнікам начальніка дэпартамэнта выкананьня пакараньняў для вырашэньня праблемы пратэзаваньня зубоў".

Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары з 8-га лютага 2009 году. Дакладна год таму Аўтуховіч ужо трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць затрыманьня і крымінальнага перасьледу. Тая галадоўка працягвалася 93 дні, вязень схуднеў болей як на 30 кіляграмаў. Як Мікалай Аўтуховіч пачуваецца цяпер?

"Ня лепшым чынам. У яго баліць галава і пачалі абвастрацца тыя хранічныя захворваньні, якія ён набыў раней", -- паведаміў адвакат Павал Сапелка.

Тым часам ў Шклоўскай калёніі з 15-га чэрвеня галадуе прадпрымальнік, сябра АГП Андрэй Бандарэнка. Зьвесткі пра акцыю пратэсту пацьвердзіла сястра вязьня Ірына, якая атрымала ліст ад брата. Бандарэнка патрабуе адмены прысуду, які лічыць незаконным. Адвакат Зьміцер Лаеўскі паведаміў наступную інфармацыю пра абскарджваньне прысуду..
у хуткім часе буду падаваць скаргу ...

"Днямі я атрымаў копію касацыйнай пастановы. Нават адразу дзьве копіі – у ў Першамайскім раённым судзе і даслалі такую ж копію з Менскага гарадзкога суду, куды я скардзіўся, што не дасылаюць копіі. Я Андрэю напісаў ліст ў калёнію, патлумачыў сытуацыю і ў хуткім часе буду падаваць скаргу".

Вязень калёніі ў пасёлку "Воўчыі норы" пад Івацэвічамі Ўладзімер Асіпенка на сувязь з сваякамі і адвакатам за гэты тыдзень не выходзіў. Адвакат Тамара Сідарэнка выказвае сваю вэрсію гэтага маўчаньня.

"Няма ад яго нічога. Мяркуе, што гэта зьвязана з тым, што ён ў карантыне і ня мае магчымасьці для ліставаньня ці тэлефонных званкоў".

Адвакат Тамара Сідарэнка разьлічвае на тое, што яе падабаронны выйдзе на волю паводле бліжэйшай амністыі.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, які нібыта дапамагаў Аўтуховічу і Асіпенку, пакараны 2 гадамі калёніі за невыкананьне службовых абавязкаў.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Першы прысуд Бандарэнку, які летась вынес Першамайскі суд Менску, быў адменены, справу накіравалі на новы разгляд, але з другой спробы прадпрымальніка прызналі вінаватым у крадзяжы праз махлярства і асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG