Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт, бард. Нарадзіўся 16 кастрычніка 1957 году ў вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну Віцебскай вобласьці у сям’і настаўнікаў. Скончыў беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў настаўнікам у Наваполацку, навуковым супрацоўнікам філіі музэю Якуба Коласа (вёска Мікалаеўшчына, Стаўпецкі раён), загадваў літаратурнай часткай лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск), на Радыё Свабода ў Празе. Цяпер жыве з сям’ёй у Нью-Ёрку. Аўтар паэтычнага зборніка «Кроў на сумётах», п’есы-казкі «Сьвецяць, сьвецяць зорачкі», рамана «Крывавы памол» і паэмы «Мяккі знак», песенных альбомаў зь ягонымі «Нефармальны беларус» і «Песьні Лісоўчыкаў». Сам свой пра свой жыцьцяпіс напісаў: «Крывіцкага роду. Ліцьвінскага народу. Беларус.


Нібы імкнем, нібы да мэты,
Нібыта з пэўнасьцю… Але
У Беларусі ўсе паэты,
Таму й жывем, як Бог пашле.


Што для вас свабода?

Для мяне свабода — гэта пусты гук, архаічны адпаведнік нашых зьмястоўных волі, вольніцы, вольнасьці. Нездарма продкі, спрабуючы зьБеларусіць зьмест, намагаліся адаптаваць гэтае паняцьце ў форме «слабода». Слабода — слабада — паселішча вясковага кшталту, дзе, на эмацыйным узроўні, прысутнічае «слаб» — слабасьць, нямогласьць, слабіна.

* * *

Як гэты сьвет сябе зьняволіў!
Як адарваўся ад прыроды,
Калі ўвагнаў бязьмежжа волі
У межы штучнае свабоды!
2000 г.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Нельга абмежаваць пустога гуку г.зн. таго, чаго няма. Зь іншага боку:

* * *

Каб «гарлапаны» розныя ня вякалі —
Абмежавалі злыдні нават вакувум,
Абнесьлі абняслаўленымі знакамі,
І вартавых ваставілі з сабакамі.

Маўчыць пустэча ў апусьцелым розуме,
Пустэча зьнемачоная пагрозамі,
Ды неяк існуе, бо, ўсё ж, наяўная…
Старога фота стужка непраяўная.

А праявіць няможна. Забаронена.
Пацьверджана ўказам. Указонена.
А ўзаконіць… Што вы! Засакрэчана.
Сьвятло праяўнік?
Шчоўк!
Гамон!
Засьвечана.
2010 г.


Што для вас шчасьце?


Бачыць шчасьлівымі тых, хто гэтага варты.

* * *
не забуду пра нявартых памяці
і нявартых жалю пашкадую
можа перад божаю пасьцеляй
іх асьвеціць яска пакаяньня
2010 г.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Ператварэньня народу ў насельніцтва.


* * *
Насельніцтва маўчыць. Народ змагаецца.
На кухні студзень пры стале вагаецца.
Між сьметнікам і страўнікам. Асуджаны…
Аднымі грэты, іншымі астуджаны.

І вось ужо з губы наалкаголенай
Цякуць па кухні галасы крамольныя,
І студзень студнем заядае горкую
За гэткай самай горкаю гаворкаю.

Ды званітуе праўдай… абрыгаецца,
А заўтра зноўку мужна завагаецца.
Насельніцтва змаўчыць. Мо перамеліцца.
Крывавы сьлед народа плошчай сьцеліцца.
2010 г.


і… незадаволеных Беларусак:


* * *
Страх не для нас, бо ён — прытулак слабых.
Ды ад аднога страху не ўцячы:
Няма страшней нездавалёнай бабы,
Якой ніхто ня хоча памагчы!

Такая сьвет абрыне ў раструску,
Сябе і іншых вынішчыць да дна…
Калі ж незадаволіць Беларуску,
То тут Сусьвету цэламу хана!
1997 г.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент зарабляць хоць нешта на тым, што пішу.

* * *
Аксане

Як плынь рачулак, як спакой ставоў
У сталасьці радкі сябе сталююць,
А парушэньні аўтарскіх правоў
Няхай зуброў паэзіі хвалююць.

Мой верш — нічый. Махнуў крылом пяра,
Расстаньне рэхам рымаў разьлілося,
І аніякі ў сьвеце капірайт
Яму не забароніць шматгалосься.
2001 г.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Сучасьнікамі й сучасьніцамі. Ненавіджу пазачасьнікаў, надчасьнікаў і бязчасьнікаў.


* * *
500 на пляцы… Тысячы ў вязьніцах
Уласных думак, страхаў, асьцярогаў.
У асьцярогах б’ецца боль вастрогаў,
Як сьлёзы, прыхавана, ў вербах ніцых.

500 у турмах… Тысячы на пляцы…
На кірмашовым… Горкія навіны…
І дождж сячэ. Крывавыя крывіны
Фарбуюць ціхі сьвет мяшчанскіх рацый.

Той сьвет сьмяецца — невідушчы, сонны,
Яму няўцям. Навошта кроў і сьлёзы?
Ён плоць ад плодзі зжыўся з каматозам
Узьняўшы пазачаснасьць парасонам.

Ну, што ж, так ёсьць… 500 таксама сіла.
Як ёсьць 500 — 500 на падыходзе
Над пляцам як заклён: «…тады, народзе…»
Каб пад сярпом жывіла й каласіла…
Каб нават на няўдобе, на жарстве
Буяла жыцьцядайнае: ЖЫВЕ!
2010 г.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Быць самім сабой.


* * *
Падман, хлусьня, ілжа,
Няшчырасьць, дзьвюхаблічнасьць
Лунае акалічнасьць:
Дачасная іржа
На вастраку нажа.
Заганная цыклічнасьць:
Падман, хлусьня, ілжа,
Няшчырасьць, дзьвюхаблічнасьць.
2010 г.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Ну, выходзіў жа ён на плошчу пару разоў разам з дэпутатамі ад апазыцыі… Стаяў за крок ад мяне. Вось бы ведаць наперад, як усё павернецца… Калі ўпершыню пабачыў здымак, на якім разам ідуць дэпутаты Сямдзянава, Пазьняк і Лукашэнка, адразу ж напісалася:


* * *
Быў шанец зьберагчы краiну,
Якая шчыльнымi радамi…
Не скарыстаў Зянон хвiлiны -
Ня змог пры даме…
1999 г.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ідзі на фіг!


Які ваш улюбёны дэвіз?

Жыве Беларусь!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У бясхібнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Дома.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

А ў якой эпосе мяне не было? «Быў. Ёсьць. Буду».


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Залежыць ад сытуацыі на той момант.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Раўнапраўныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

А дзе гэта? Ага… усходняя ўскраіна.


* * *
Ня плачу. Не верашчу.
Каб нават на сьмерць закулі —
Расею ў сэрца пушчу
Толькі ў вабліччы кулі.
1995 г.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

А мы не некаторыя.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

А хто сказаў, што яна ёсьць? Дыктатура — ня форма ўлады, а форма гвалту й зьдзеку.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Беларусы гавораць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

А гэта як? Так не бывае…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG