Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сапелка: “Аўтуховіч можа застацца без зубоў. Гэта сур’ёзна”


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч другі дзень як абвясьціў галадоўку, патрабуючы тэрміновага лячэньня.

Пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча «Свабодзе» паведаміў адвакат Павал Сапелка, які чарговым разам наведаў свайго падабароннага ў Менскім сьледчым ізалятары:

«Галадоўка Аўтуховіча выкліканая тым, што яму не аказваюць неабходную дапамогу ў пратэзаваньні зубоў. У сьледчым ізалятары ведаюць пра гэтую праблему Аўтуховіча, але кажуць, што ў іх там няма ўмоў для лячэньня».

Паводле адваката, напярэдадні Мікалай Аўтуховіч накіраваў скаргу на імя намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па мэдычнай частцы. Але ў Аўтуховіча ёсьць падставы меркаваць, што ягоная скарга нават не дайшла да адрасата. У выніку з 16 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку і праінфармаваў пра гэта адміністрацыю ізалятара.

Тое, што праблемы з зубамі ў Аўтуховіча надзвычай сур’ёзныя, адвакат Павал Сапелка даводзіў шмат разоў:

«Раней у нас былі надзеі, і гэта гучала ад супрацоўнікаў ізалятара, што яму будуць там лячыць зубы, але нічога не атрымалася. Ён прасіў пакласьці яго для пратэзаваньня ў рэспубліканскі турэмны шпіталь — гэтаксама нічога ня робіцца».

Галадаваў красавік, травень, чэрвень. Таму зубы і „паляцелі“.
Мікалая Аўтуховіча трымаюць у Менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага з 8 лютага 2009 году. Дакладна год таму Мікалай Аўтуховіч ужо трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць затрыманьня і крымінальнага перасьледу. Галадоўка доўжылася 93 дні, вязень схуднеў больш як на 30 кіляграмаў. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што тая галадоўка стала для Аўтуховіча непасрэднай прычынай страты здароўя:

«Галадаваў красавік, травень, чэрвень. Таму зубы і „паляцелі“ — гэта ж усё ўплывае».

Паводле адваката Паўла Сапелкі, пакуль Мікалай Аўтуховіч адчувае сябе складана: у яго баліць галава, і, як звычайна ў пачатку галадоўкі, абвастрыліся хранічныя захворваньні. Апошнія дні ён вывучае пратакол судовага паседжаньня, каб падрыхтавацца да скаргі на прысуд. «Ён працуе па-ранейшаму вельмі напружана», — кажа адвакат пра Аўтуховіча. Штодня Мікалая Аўтуховіча выводзяць на шпацыры ў турэмны дворык.

У траўні Вярхоўны суд прызнаў Мікалая Аўтуховіча вінаватым у незаконным захоўваньні баявых патронаў і асудзіў на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня. Сваёй віны прадпрымальнік не прызнаў. Аўтуховіч мяркуе, што яму помсьцяць за барацьбу з карупцыяй ва ўладзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG