Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці аспрэчыў заявы Дзьмітрыя Мядзьведзева і кіраўніцтва "Газпрому" пра 200-мільённы газавы доўг Беларусі, назваў ультыматум Крамля "недапушчальным" і акрэсьліў умовы, пры якіх Беларусь пагодзіцца падпісаць дакумэнты Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам.


Аляксандар Лукашэнка пасьля трохдзённай паўзы даў адказ на ўльтыматум расейскага кіраўніка Дзьмітрыя Мядзьведзева, які запатрабаваў ад Беларусі аплаціць газавы доўг у памеры 200 мільёнаў даляраў цягам пяці дзён.

Спадар Лукашэнка ўвогуле паставіў пад сумнеў, што такі доўг існуе ў прынцыпе:

"Мы вядзем зараз адпаведныя перамовы. Калі зыходзіць з пункту гледжаньня Расеі — гэта доўг. Калі зыходзіць з таго, што я тут сказаў, — ніякага доўгу няма", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён ня выключыў, што Беларусь заплаціць гэтыя грошы, калі прызнае іх доўгам "і калі Расеі вельмі цяжка гэта перажыць" ды пакінуць леташнюю цану на газ для Беларусі.

Беларусь без узгадненьня з Расеяй з Новага году плаціць за газ па 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Расея настойвае, што цана газу для Беларусі паводле кантракту 2006 году павінна на сёньня складаць 169 даляраў.

Як цьвердзіць А. Лукашэнка, Беларусі цяпер няпроста ва ўмовах крызісу. Краіна, паводле ягоных слоў, застаецца зборачным цэхам Расеі, і таму такая пазыцыя Расеі па пастаўках газу ў Беларусь недапушчальная:

"Нельга сябе так паводзіць у адносінах да Беларусі: іншым паніжаючы цэны на газ альбо фіксуючы, а нам — павышаючы. Шмат на гэтым расейцы і "Газпром" не нажывуцца, а вось страціць могуць многае".

Аляксандар Лукашэнка пры гэтым прывёў прыклады Ўкраіны і Вугоршчыны, для якіх Расея паніжае кошт газу на 30 працэнтаў, і выказаў крыўду, што для Беларусі цана газу, наадварот, падвышаецца. Расея сапраўды зьнізіла цану на газ для Ўкраіны з 330 да 230 даляраў, пасьля таго як тая пагадзілася пакінуць у сябе Чарнаморскі флёт.

А. Лукашэнка зазначыў, што газавае пытаньне абмяркоўвалася ім падчас нядаўняй сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, і тады расейскі прэзыдэнт "цьвёрда сказаў", што ён абмяркуе ўсе пытаньні, цягам 2—3 дзён вызначыцца і патэлефануе.

"Вось, па тэлебачаньні "патэлефанаваў", вы чулі", — іранічна згадаў Лукашэнка ўльтыматум Мядзьведзева.

"Мы не загінем, мы выжывем. Але так паводзіць сябе ў дачыненьнях зь дзяржавай, зь якой знаходзісься ў цесным саюзе, з народам, які фактычна не адрозьніваецца ад расейскага, паводзіць сябе так з народам, зь якім у адных акопах гнілі, — гэта недапушчальна", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Закрануў А. Лукашэнка і нафтавыя супярэчнасьці з Расеяй.

Паводле ягоных слоў, Беларусь пойдзе на падпісаньне ўсіх дакумэнтаў па Мытным саюзе ў тым выпадку, калі зь 1 ліпеня гэтага году будзе адменена экспартнае мыта на нафтапрадукты для Беларусі, а з 1 студзеня будучага году — мыта на нафту.

"Я ўнёс прапановы, магу іх агучыць. Каб прасунуцца да Мытнага саюзу ўшчыльную і падпісаць усе дакумэнты, трэба скасаваць усе мытныя пошліны. Я сказаў: "Добра, давайце з 1 студзеня наступнага года скасуем усе пошліны, а зараз, як крок добрай волі, здымем мыта на нафтапрадукты. У такім выпадку, не чакаючы 1 студзеня, мы падпішам усе дакумэнты па Мытным саюзе, якія, перш за ўсё, у інтарэсах Расеі ", — заявіў А. Лукашэнка.

Закрануў А. Лукашэнка і іншыя пытаньні. У прыватнасьці, ён заявіў, што каб разьвязаць сытуацыю ў Кіргізстане, трэба да гэтага прыцягнуць былога прэзыдэнта гэтай краіны Бакіева, які хаваецца ў Беларусі. Апрача таго, ён паабяцаў да канца году беларусам сярэдні заробак у 500 даляраў і заявіў, што яго не хвалюе, каго палякі абяруць новым прэзыдэнтам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG