Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нетыповая прэзыдэнцкая кампанія ў Польшчы


Качынскі раздае аўтографы

Качынскі раздае аўтографы

Заўтра ў Польшчы адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, а ўчора быў апошні дзень агітацыйнай кампаніі.


Імпрэза з канцэртам у адным з варшаўскіх клюбаў – так супрацоўнікам свайго штабу падзякаваў кандыдат ад левых сілаў Гжэгаж Наперальскі.

“Мы сапраўды паказалі, што палітыка можа быць іншаю!”

Аднак па абвяшчэньні вынікаў галасаваньня, Наперальскі, хутчэй за ўсё не будзе мець нагоды сьвяткаваць – за два дні да выбараў лідэр левых меў падтрымку толькі кожнага дзясятага выбарца.

Гжэгаж Наперальскі i яго выбарчая каманда

51% галасоў набярэ ў нядзелю Браніслаў Камароўскі, в.а. прэзыдэнта і сьпікер Сэйму, а значыць – пераможа ў першым туры, – такія дадзеныя сацыялягічых дасьледаваньняў падала напярэдадні ўплывовая “Gazeta Wyborcza”.

“Чарговая прэзыдэнтура павінна быць прэзыдэнтураю супрацоўніцтва, а не канфліктаў. Прэзыдэнт павінен шукаць таго, што аб’ядноўвае, а не падзяляе палякаў”, – кажа Браніслаў Камароўскі, маючы на ўвазе палітыку трагічна загінулага прапярэдняга прэзыдэнта, які, прыкладам, часта ўжываў права вета, блякуючы ініцыятывы ўраду.

Камароўскі зь пісьменьніцай Віславай Шымборскай, якая яго падтрымлівае

Перамога Камароўскага азначала б, што ягоная партыя “Грамадзянская плятформа” атрымае ўсю ўладу ў краіне: цяпер яна ўжо мае разам з кааліцыйнай Сялянскай партыяй большасьць у парлямэнце, урад.

Гэта мабілізуе прыхільнікаў буйнейшай апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць”, ад якой балятуецца галоўны канкурэнт Камароўскага – Яраслаў Качынскі.

“Нам непатрэбная вайна, моцныя словы і варожыя жэсты. І з нашага боку, з майго боку вы гэтага напэўна не пачуеце”, – заявіў Качынскі.

Качынскага падтрымлівае прафсаюз "Салідарнасьць"

Увогуле сёлетняя кампанія, з увагі на трагічную сьмерць Леха Качынскага, а таксама моцную паводку, што забрала жыцьці больш як за 20 чалавек, не была агрэсіўнай. Кароткі тэрмін кампаніі, з іншага боку, не даў магчымасьці выбарцам грунтоўна пазнаёміцца з поглядамі кандыдатаў на істотныя для дзяржавы пытаньні.

“На апошніх мэтрах гонкі мы ўсе бачым, што за перамогу будуць змагацца два галоўныя кандыдаты”, – кажа прадстаўнік штабу Яраслава Качынскага.

З дзесяці кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта рэальныя шансы на перамогу маюць толькі два – Камароўскі і Качынскі.

Між тым, істотнай праблемай сёлетніх выбараў можа быць нізкая, каля 30-40%, выбарчая актыўнасьць палякаў, што перадусім непакоіць штаб Браніслава Камароўскага. Другі тур, калі ён будзе патрэбны, адбудзецца чацьвертага ліпеня, у разгар сэзону адпачынкаў, а на замежныя курорты едзе перадусім электарат сьпікера Сэйму – прадстаўнікі заможнай сярэдняй клясы.

“Толькі потым не кажы, што табе нешта не пасуе”, – папярэджвае ў адным з ролікаў тых, хто не зьбіраецца галасаваць, вядомы актор Томаш Кароляк.

Прыйсьці на выбары заклікаюць ня толькі самі кандыдаты, але і недзяржаўныя арганізацыі, якія, уласна, і робяць такія відэаролікі.
XS
SM
MD
LG