Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вінаватая Беларусі 134 мільёны даляраў


Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны заяўляе, што Ўкраіна прызнала 134 мільёнаў даляраў доўгу перад Беларусьсю.


Ня толькі ў Беларусі перад суседзямі ёсьць пазыкі з шасьцізначнымі нулямі. Інфармацыйныя крыніцы паведамляюць, што і Беларусі сёе-тое вінаватыя. Прычым сумы і лічбы даўгоў вельмі падобныя. Нагадаем, што, паводле дадзеных Белстату, запазычанасьць “Белтрансгазу” перад “Газпромам” складае 133 мільёны даляраў.

У інтэрвію газэце “Лівий берег” надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Бясьсьмертны сказаў: “Сума доўгу зафіксаваная ў міждзяржаўных перамовах і прызнаная ўкраінскім бокам. Цяпер трэба шукаць мэханізм вырашэньня гэтага пытаньня. На сёньня гэтая сума складае 134 мільёны даляраў. Дыскусія вялася складаная, называлі розныя лічбы – ад 300 да мільёнаў, але названая мною лічба некалькі разоў фіксаваліся ў дакумэнтах. Відавочна, нам давядзецца вырашаць гэтую сытуацыю», – паведаміў ён.

Бясьсьмертны падкрэсьліў, што беларускі бок зьвязвае даўгавыя абавязаньні Ўкраіны з дэмаркацыяй украінска-беларускай мяжы. “У гэтым і палягае праблема: зьвязаны два пытаньні, якія ў прынцыпе ня могуць быць зьвязаныя. Таму што адно зь іх вырашаецца росчыркам пяра і супольнай працай, а другое завязанае на парлямэнт, на ўрад, на бюджэт дзяржавы”, – перадае тлумачэньні амбасадара сайт podrobnosti.ua.

Пасол паведаміў, што Беларусь таксама закранула пытаньні, зьвязаныя з маёмасьцю на тэрыторыі Крыму і Чарнігаўскай вобласьці. У той самы час, па яго словах, статус аб'ектаў, на якія прэтэндуе Беларусь, на сёньня нічыйны. “Гаворка ідзе ня толькі пра санаторыі, але і пра акваторыі, водазаборныя станцыі і некаторыя іншыя аб'екты – гэта некалькі будынкаў. Жыцьцё ідзе, дэфармуюцца вусьці рэкаў, што адбіваецца на пытаньнях маёмасьці паміж дзьвюма краінамі”, – адзначыў амбасадар.

Нагадаем, дамова аб дзяржаўнай мяжы паміж дзьвюма краінамі была падпісаная ў 1997 годзе і ў тым самым годзе ратыфікаваная Ўкраінай. Беларусь жа на працягу 13 гадоў блякавала яе ратыфікацыю, патрабуючы ад Кіева пагасіць доўг украінскіх гаспадарчых суб'ектаў перад Менскам, назапашаны да 1992 году. Кіеў са свайго боку адмаўляўся прызнаваць за сабой гэты абавязак.

17 мая 2010 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы”. Гэтая дамова была падпісаная ў Кіеве 12 траўня 1997 году і ўступіць у сілу з моманту абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG