Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Элтан Джон выканае любімыя песьні беларусаў


Элтан Джон абяцаў прыслухацца да меркаваньня беларускіх гледачоў пры выбары гітоў для выкананьня на канцэрце ў Менску. На канцэрце, хутчэй за ўсё, прагучыць песьня Believe і іншыя самыя папулярныя хіты выканаўцы.

Адзін з арганізатараў канцэрту, кіраўнік кампаніі "БелАрт Прадакшн энд Энтэртэйнмэнт" Расьціслаў Крымер на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што канцэрт пачнецца роўна а 8-й вечара 26 чэрвеня ў комплексе "Мінск-Арэна". "Элтан Джон вядомы сваёй пунктуальнасьцю", — адзначыў ён. Арганізатары гарантуюць высокую якасьць гуку на канцэрце — музыка прыедзе ў Менск са сваёй апаратурай. Падчас выступу таксама прадугледжаны сьветлавыя эфэкты і трансьляцыя выявы на экраны. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Прыхільнікам творчасьці Элтана Джона Крымер рэкамэндаваў прыходзіць на канцэрт з чырвонымі ружамі без шыпоў. Ён таксама паведаміў, што сьпявак ня мае намеру размаўляць ні з прыхільнікамі, ні з журналістамі.

Арганізатар не сказаў, колькі білетаў на канцэрт ужо прададзена, адзначыўшы толькі, што з акупляльнасьцю "ўсё ў парадку". Чакаецца, што паслухаць папулярнага выканаўцу ў Менск прыедуць каля 700 гледачоў з Расеі, Украіны і краін Балтыі.

Тэлевэрсію выступленьня плянуецца паказаць у эфіры ОНТ на наступны дзень. У яе ўвойдзе ад траціны да паловы лепшых гітоў, выкананых на канцэрце.

Паводле Крымера, Элтан Джон пагадзіўся даць канцэрт у Менску пасьля таго, як выбар месца ўхваліў яго мэнэджэр. "Мэнэджэр сказаў, што тут добрыя людзі і што вельмі ўсё дагледжана, добра, яны не чакалі гэтага", — адзначыў арганізатар.

Музыкант прыляціць зь Лёндану на сваім асабістым самалёце і паляціць зь Беларусі адразу пасьля канцэрту. Яго будуць суправаджаць каля 30 тэхнікаў, гукарэжысэраў, пастаноўшчыкаў, відэаінжынэраў, а таксама асабістая ахова. Выканаўца таксама прывязе з сабой фургон строяў і свой знакаміты чорны раяль.

Для сьпевака рыхтуюць грымёрку, дзе ўсё вытрымана ў бэжавым колеры, на сьценах — адмысловая абшыўка, дыван і мэбля маюць загадзя абгавораныя памеры. Найбольшай складанасьцю для арганізатараў стаў пошук таршэраў, якія павінны глядзець уверх, даючы мяккае сьвятло.

Што да прадуктаў харчаваньня, то патрабаваньні музыкі ў гэтым пляне выканаць нескладана. Паводле Крымера, абед для Элтана Джона і яго каманды будуць рыхтаваць беларускія кухары, нічога надта вышуканага ён не замаўляў. Асаблівы пункт у райдэры выканаўцы — гэта лёд, які павінен ахалоджваць усе напоі. Са сьпіртнога музыка папрасіў толькі бутэльку белага віна і пару бляшанак піва. Элтан Джон і яго каманда гатовыя пакаштаваць традыцыйныя стравы беларускай кухні, напрыклад, дранікі.
XS
SM
MD
LG