Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На экзамэн у інвалідзкім вазку


Аляксандар Жук, інвалід-вазочнік, прыехаў здаваць іспыты ва ўнівэрсытэт
Аляксандар Жук, інвалід-вазочнік, прыехаў здаваць іспыты ва ўнівэрсытэт

Аляксандар Жук, якому 21 год, — адзіны цяпер інвалід-вазочнік, які вучыцца ў Гарадзенскім унівэрсытэце на стацыянары. Гэта азначае, што яго кожны дзень трэба дастаўляць на заняткі ў зусім не прыстасаваны для інвалідаў галоўны ўнівэрсытэцкі будынак на вул. Ажэшкі.

Чаго гэта каштуе Аляксандру і тым людзям, якія яму дапамагаюць? Сёньня Аляксандар здаваў экзамэн.


Аляксандра Жука прывезьлі на машыне, вынялі з багажніка вазок, пасадзілі ў яго. Затым было самае цяжкае — узьнімаць па прыступках: спачатку на высокі ўнівэрсытэцкі ганак, а потым — па лесьвіцах на трэці паверх. Далей вазок можна было правезьці калідорам да 316-й аўдыторыі, дзе пачынаўся экзамэн. Нідзе не было відаць нават намёку на тое, каб ва ўнівэрсытэце дапускалі, што сюды можа завітаць інвалід. Аляксандар Жук прызнаецца:

"Дабірацца да ўнівэру — самае цяжкае, на лесьвіцы заяжджаць".

Аляксандар заканчвае трэці курс, вучыцца на праграміста, прызнаецца, што любіць матэматыку. Яго маці Натальля кажа, што прыезд сына на заняткі — гэта штодзённы клопат:

"Вось бачыце, як падняцца на трэці паверх? Аўдыторыі ж розныя, часам нават на пятым паверсе ставяць. Таму цяжка. Муж раніцай прывозіць, потым забірае, але ўвогуле хлопцы з групы ягонай дапамагаюць, яны малайцы".


Натальля Жук кажа, што просіць, каб аўдыторыі для заняткаў былі на першым-другім паверхах, але так робяць не заўсёды. Чаму бацькі падтрымалі няпростае рашэньне сына вучыцца на стацыянары?

Н.Жук: "Праграмісты сёньня могуць працаваць удома, узяць нейкую працу. Гэта — ягонае, ён любіць кампутар. Калі паўстала пытаньне — вучыцца, мы думалі пра завочнае, але праграмаваньне вывучаецца толькі на дзённым, а ён хацеў толькі сюды. Гэта ягонае рашэньне".


Чатыры гады таму Саша страціў рухомасьць. У яго даволі рэдкае захворваньне — міяпатыя. Натальля Жук гаворыць аб праблемах, якія агульныя для беларускіх інвалідаў:

"Ва ўсім праблемы: у нас жа нішто не прыстасавана ў нашай дзяржаве, безбар’ернае асяродзьдзе існуе толькі на словах. У нас ёсьць электрычны добры вазок, нам падаравалі італьянцы дабрачынна. Мы яго атрымалі зь цяжкасьцю, таму што падаткі хацелі займець, груд папераў зьбіралі і адпраўлялі ў дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі. Але карыстацца мы ім цалкам ня можам. Мы выходзім на вуліцу, дзе суцэльныя бардзюры, церазь якія трэба яму дапамагаць пераяжджаць. Ва ўнівэрсытэт мы таксама ня можам на ім прыехаць: на прыступках вазок разаб’еш, ён цяжкі, з акумулятарам".


Натальля Жук, аднак, зазначае, што Аляксандар кантактуе з аднакурсьнікамі і гэта яму вельмі дапамагае ў жыцьці і навучаньні. Таму бацькі вельмі радыя, што ён студэнт унівэрсытэту.



Прыцягнуць увагу да становішча вазочнікаў вырашыла сёньня Беларуская асацыяцыя журналістаў. Быў арганізаваны "прэс-тур" пад назвай "Інваліды Беларусі. Як ратаваць сябе самім?" Пасьля Гарадзенскага ўнівэрсытэту журналісты накіраваліся ў Ваўкавыск, дзе наладзілі ўзаемападтрымку інваліды— удзельнікі грамадзкай арганізацыі "Памяць".

У другой палове дня ў Горадні кіраўнік абласной філіі асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Фешчанка паказаў журналістам, што ў цэнтры гораду праграма ўладаў, накіраваная на стварэньне безбар’ернага асяродзьдзя, шмат дзе застаецца на паперы. Сяргей Фешчанка выйграў сёлета суд з гарадзенскім ДАІ, пасьля таго як з-за адсутнасьці пандуса ўпаў на прыступках будынку абласнога ДАІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG