Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтым кароценькім цыклі пра польскія прэзыдэнцкія выбары мне некалькі разоў даводзілася канстатаваць, што выбарчая кампанія ў Польшчы праходзіць вельмі млява і нудна. Маўляў, два галоўныя кандыдаты як бы баяліся сказаць нешта лішняе, што журналісты потым маглі б разьнесьці па ўсіх закутках мэдыйнай прасторы.

Але вось апошні тыдзень кампаніі ўнёс жвавейшы павеў у палітычнае жыцьцё Польшчы. Яраслаў Качынскі сказаў падчас аднаго з выступаў перад выбарцамі, што ягоны супернік, Браніслаў Камароўскі, хоча прыватызаваць службу аховы здароўя. Неэфэктыўная сфэра аховы здароўя — адзін зь вельмі балючых пунктаў у грамадзкім жыцьці Польшчы, як, дарэчы, і ў кожнай іншай посткамуністычнай краіне. Камароўскі абвінаваціў Качынскага ў хлусьні і падаў на яго ў суд. Суд, які выбарчыя скаргі разглядае вельмі апэратыўна, абавязаў Качынскага прынесьці публічнае прабачэньне — яно мае быць "паволі і выразна" адчытанае ўпаўнаважаным выбарчага камітэту Качынскага ў тэлебачаньні. Качынскі падаў апэляцыю, але выглядае, што шанцы зьмяніць гэты прысуд у яго невялікія.

А самым яркім момантам выбарчай кампаніі стала зьяўленьне на гэтым тыдні выбарчага відэароліка ў падтрымку Камароўскага, у якім ягоныя мэдыйныя экспэрты вельмі дасьціпна і вельмі жорстка абсьмяялі Качынскага (мы прэзэнтуем гэты ролік на нашым сайце).



Каб ацаніць мастацкую сілу гэтага роліка, трэба прыгадаць казку пра Чырвоную Шапачку і злога ваўка (якую ведаюць дзеці па ўсім сьвеце) ды мець на ўвазе некаторыя дробязі з кампаніі Камароўскага і Качынскага, якія ведаюць пераважна толькі палякі.

Па-першае, Камароўскага ў выбарчай кампаніі прыхільнікі Качынскага называюць "лесьніком" (gajowy). Гэтая мянушка мае выразнае ганьбавальнае адценьне. У 1970-я ў трэцяй праграме Польскага радыё была вельмі папулярная сатырычная штотыднёвая перадача, пад канец якой эпізадычна, але заўсёдна, зьяўляўся "лясьнік Маруха" (gajowy Marucha) — увасабленьне нейкага засьцянковага доўбні з дубальтоўкай. Камароўскі атрымаў мянушку "gajowy" пасьля таго, як падчас выбарчай сустрэчы зь лесьнікамі ён прызнаўся, што любіць хадзіць з дубальтоўкай на паляваньне. Дык вось, за гэтага "лесьніка" і ўхапіліся прыхільнікі Качынскага, каб падаць Камароўскага народу як нейкага крыважэрнага асталопа.

Па-другое, на пачатку траўня Качынскі выступіў зь відэазваротам да расіянаў пад Дзень Перамогі, у якім заклікаў абодва народы забыць пра гістарычныя крыўды і паяднацца. Зварот быў сыгналам, што Яраслаў Качынскі — вядомы раней як зацяты русафоб — прайшоў унутраную перамену пасьля сьмерці брата Леха ў авіякатастрофе пад Смаленскам. Ролік быў зьняты ў нязвыклым для Качынскага антуражы — у пакоі, дзе ён чытаў свой зварот, стаяла піяніна (Качынскі не іграе ні на якім інструмэнце), а сам Качынскі быў у акулярах, у якіх раней ён ніколі не паказваўся і якія надавалі яму салідны прафэсарскі выгляд. Ён гаварыў па-польску, а ўнізе экрана ішлі расейскія тытры перакладу.

Дык вось, маючы на ўвазе ўсё сказанае вышэй, можна ацаніць мастацтва прапагандыстаў Камароўскага, якія змаглі абыграць усе гэтыя казачна-палітычныя элемэнты на карысьць свайго шэфа.

Ніякай псыхалягічна-палітычнай трансфармацыі Качынскага са злоснага ваўка ў добранькую бабулю не адбылося. Бедную Чырвоную Шапачку — то бок, Польшчу — можа выратаваць толькі gajowy. Галасуйце за яго 20 чэрвеня!

Я цешу сябе надзеяй, што выбары ў Польшчы не закончацца ў нядзелю 20 чэрвеня, а будзе яшчэ другі тур праз два тыдні. Не таму, што мне асабіста хочацца пайсьці прагаласаваць два разы, а таму, што мне вельмі хочацца паглядзець яшчэ хоць адзін падобны ролік перад другім турам.

П.С. Зьвярніце ўвагу на наўмысна "корявый" расейскі пераклад роліка ў тытрах. Гэта ня толькі зьдзек зь Яраслава Качынскага, які ніякай замежнай мовы толкам ня ведае, але і дасьціпная канстатацыя факту, што і ўсе палякі, якіх калісьці абавязкова вучылі расейскай мове ў школе, ужо развучыліся гаварыць і пісаць па-расейску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG