Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сытуацыя ў Кіргізстане застаецца нестабільная


Кіргіскі спэцназ на адным з блёк-пастоў у Ошы

Кіргіскі спэцназ на адным з блёк-пастоў у Ошы

У паўднёвы Кіргізстан, дзе каля 400 тысячаў людзей пакінулі сваё жытло, ратуючыся ад этнічнага гвалту, працягвае паступаць гуманітарная дапамога, аднак сытуацыя там надалей застаецца нестабільная.


Учора самалёты Агенцтва ААН у справах уцекачоў і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа прызямліліся з гуманітарным грузам у Ўзьбекістане, дзе, паводле ААН, знайшлі часовы прытулак каля ста тысячаў этнічных узьбекаў з суседняга Кіргізстану.

Найбліжэйшымі днямі чакаецца прыбыцьцё ў Узьбекістан новых гуманітарных грузаў.

Паводле інфармацыі ААН, яшчэ каля 300 тысячаў чалавек пакінулі сваё жытло, але застаюцца ў межах Кіргізстану, пасьля таго, як у мінулую пятніцу выбухнулі хваляваньні ў Ошаўскай і Джалал-абадзкай абласьцях.

Этнічныя ўзьбекі перасякаюць мяжу, вяртаючыся з Узьбекістану ў Кіргізстан

Гуманітарная дапамога Чырвонага Крыжа паступіла таксама ў раёны канцэнтрацыі ўцекачоў у самім Кіргізстане.

Афіцыйна абвешчаная колькасьць ахвяраў на гэты дзень дасягае 190 чалавек, Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану ацэньвае колькасьць параненых на 2000 чалавек. Сярод ахвяроў ёсьць узьбекі, кіргізы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, якія жывуць у этнічна стракатым рэгіёне на поўдні Фэрганскай даліны.

Бальшыня нападаў была скіраваная супраць этнічных узьбекаў і іх маёмасьці.

Пашыраецца інфармацыя пра згвалтаваньні, катаваньне і жорсткае зьбіцьцё этнічных узьбекаў натоўпамі ўзброеных кіргізаў.

Узьбекі расказваюць, што нападнікі падпальваюць іх дамы, калі ў іх застаюцца людзі, у тым ліку дзеці.

Этнічныя ўзьбекі ў Ошы ставяць барыкады, каб прадухіліць напады на свае дамы

Паведамляецца, што супрацоўнікі Чырвонага Крыжа сустракаліся зь некалькімі жанчынамі ў ваколіцах Ошу і запэўнілі, што іх расказы аб згвалтаваньнях вартыя даверу. Як мінімум адна зь іх была агледжаная гінэколягам.

У сродках масавай інфармацыі ў розных краінах падаюцца сьведчаньні этнічных узьбекаў з паўднёвага Кіргізстану, якія цьвердзяць, што кіргіскія вайскоўцы – або прынамсі ўзброеныя людзі ў форме кіргіскіх вайскоўцаў – нападалі на этнічных узьбекаў у Ошы і Джалал-Абадзе ў першыя дні канфлікту.

Так, адзін кіргіскі вайсковец, этнічны ўзьбек, пацьвердзіў, што салдаты нападалі на ўзьбекаў, хоць іх камандзіры загадвалі ім гэтага не рабіць.

Кіргіскія ўлады паведамілі, што ў сувязі з нападамі было арыштавана некалькі чалавек у форме кіргіскіх вайскоўцаў.

Узьбечка зь дзіцем пры разбураных у часе сутыкненьняў дамох у вёсцы Кыр-Арык

Праз тыдзень пасьля пачатку канфлікту захоўваецца напружаньне ў паўднёвых раёнах, асабліва ў горадзе Джалал-Абадзе і прылеглых мясцовасьцях.

Карэспандэнты Радыё Свабода паведамляюць, што караван з гуманітарнай дапамогай трапіў пад снайпэрскую атаку пры выезьдзе зь лётнішча ў Ошы.

Наш карэспандэнт Брус Панье, які сочыць за падзеямі ў Ошы, апісвае сцэны разбурэньняў, згарэлых дамоў з выбітымі вокнамі. Паводле яго, у некаторых раёнах гораду назіраецца сыстэматычнае зьнішчэньне маёмасьці ўзьбекаў.

Ош, горад з насельніцтвам 220 тысячаў чалавек, часам называны паўднёвай сталіцай Кіргізстану, стаўся арэнай міжэтнічных канфліктаў паміж кіргізамі і ўзьбекамі ў 1990 годзе, калі загінулі сотні чалавек.

Часовы ўрад Кіргізстану, які прыйшоў да ўлады сёлета ў красавіку, змагаецца за кантроль над поўднем краіны, дзе зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў мае найбольшую падтрымку.

Урад Бакіева быў адхілены ад улады ў выніку народнага паўстаньня. Прадстаўнікі часовага ўраду абвінавачваюць прыхільнікаў Бакіева ў распальваньні і фінансаваньні канфліктаў на поўдні краіны. Сам Бакіеў неаднаразова зьняпраўджваў гэтыя абвінавачаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG