Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усе, хто чуў, як чытала свае вершы Ларыса Геніюш, адзінадушна прызнаюць за ёй яшчэ і акторскі талент. На жаль, запісаў голасу паэткі засталося няшмат, да таго ж, ня ўсе яны добрай якасьці. Але цуды працягваюць здарацца, паколькі ня толькі рукапісы не гараць, але і плёнкі ня тлеюць. Перад стагодзьдзем Геніюш у прыватным архіве адшукаўся паўгадзінны запіс паэтычнага пасланьня сябрам, зроблены трыццаць гадоў таму мастацтвазнаўцай Валянцінай Трыгубовіч.


Міхась Скобла
Валянціна Трыгубовіч


Міхась Скобла: “Спадарыня Валянціна, да гэтай пары лічылася, што існуе ўсяго адзін запіс голасу Ларысы Геніюш, зроблены Сяргеем Панізьнікам у 1968 годзе. І тут у вашым архіве знаходзіцца стужка, на якой паэтка паўгадзіны чытае свае вершы. Якая гісторыя гэтага запісу?”
Памятаю, быў позьні вечар, мы зачынілі вокны і дзьверы ...

Валянціна Трыгубовіч: “Здарылася так, што пры кватэрных пераездах касэта з запісам завалілася ў нейкую скрыню. Я спрабавала знайсьці яе, калі выдаваўся дыск зь песьнямі на словы Ларысы Геніюш, але, на жаль, не знайшла. Касэта, дзякаваць Богу, знайшлася пры чарговым ператрусе рэчаў. На шчасьце, яна засталася непашкоджаннай, і цяперашняя тэхніка дазваляе праслухаць і памножыць запіс, які быў зроблены амаль трыццаць гадоў таму. Запісваліся вершы ў Зэльве, у доме Ларысы Антонаўны. Памятаю, быў позьні вечар, мы зачынілі вокны і дзьверы, каб ніхто ня бачыў і ня чуў, каб гэта было таямніцаю для ўсіх тых слухачоў, якія маглі быць у Зэльве. А прызначаўся запіс для сяброў паэткі ў Менску. Меліся на ўвазе канкрэтныя сябры: мастакі, літаратары, навукоўцы, якія ўваходзілі, як цяпер кажуць, у суполку “На паддашку”. Ларыса Антонаўна сама выбірала вершы, сама будавала кампазыцыю. Гэта такое вершаванае пасланьне. Вершы яна выбірала з тых, што былі пад рукою, і начытвала. Трэба сказаць, што сама паездка была надзвычай цікавай. Трапіла я ў Зэльву ў траўні 1981 году”.

Скобла: “Вы тады, здаецца, працавалі ў газэце “Голас Радзімы”, якая мела даволі сумнеўную рэпутацыю. Як паставіўся рэдактар газэты да той вашай паездкі?”

Трыгубовіч: “Зьездзіць у Зэльву да Ларысы Геніюш не было праблемай – бярэш квіток і едзеш. Многія з маіх знаёмых езьдзілі. Але была звышзадача – паехаць туды афіцыйным шляхам, зрабіць публікацыю ў газэце, каб гэта нейкім чынам выйшла на людзі. Вы кажаце, газэта мела тады сумнеўную рэпутацыю... Ну так, з аднаго боку, яна знаходзілася пад апекай Камітэту дзяжбясьпекі, і мы мелі сталага куратара, які чытаў усе тэксты перад тым, як яны выходзілі ў сьвет. А з другога боку, газэта выдавалася для беларусаў замежжа і з прапагандысцкіх мэтаў імкнулася быць больш перадавой, чым уся беларуская прэса. Таму магчымую публікацыю пра Ларысу Антонаўну сябры суполкі “На паддашку” разглядалі як акт падтрымкі, нейкі ўнёсак у беларускую справу”.

Скобла: “А калі і пры якіх абставаінах вы пазнаёміліся з Ларысай Геніюш?”

Трыгубовіч: “Знаёмства маё з Ларысай Геніюш адбылося ў 1981 годзе на зьезьдзе пісьменьнікаў. Ён праходзіў у менскім Палацы прафсаюзаў. Я была там якраз як карэспандэнт “Голасу Радзімы”. У перапынку, калі ўсе пачалі гуртавацца па інтарэсах, і я ўжо прымервалася, да каго падысьці, каб узяць інтэрвію, бо трэба ж пра зьезд нейкую публікацыю падрыхтаваць. Бачу, што мне махае рукою Фёдар Янкоўскі – слынны мовазнаўца і пісьменьнік. “Хадзіце сюды, я хачу вас пазнаёміць…” І падводзіць мяне да відочна немаладой жанчыны з праніклівымі вачыма і шчырай усьмешкай. Размовы не атрымалася, бо маю новую знаёмую адразу “скралі” Данута Бічэль і Валянціна Коўтун, яшчэ той-сёй падышоў павітацца, мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін засыпалі паэтку пытаньнямі. І я тады падумала: “А чаму б мне не напісаць пра Геніюш? Унь зь якой пашанай павітаўся зь ёю Ўладзімер Караткевіч… І я з наіўнай верай у свабоду журналісцкага выбару сказала Ларысе Антонаўне, што хацела б узяць у яе інтэрвію для газэты. І пачула ў адказ: “Прыяжджайце ў Зэльву. Спакойна пагаворым”.

Скобла: “Чаму ўсё ж не атрымалася тое задуманае інтэрвію?”
Мне здаецца, што ёй вельмі не хапала ў Зэльве інтэлектуальнага асяродзьдзя. Ёй хацелася са сваім паэтычным словам выходзіць на людзі ...

Трыгубовіч
: “Так сталася, што нашая размова адразу пайшла ў другі бок. Хоць я прыехала ў Зэльву ўпершыню, мы з Ларысай Антонаўнай размаўлялі, як старыя знаёмыя, пра ўсё на сьвеце. Але афіцыйнае інтэрвію адразу не атрымлівалася. Паэтка не хацела, каб наша размова запісвалася, таму давялося магнітафон адставіць убок і не дакранацца да яго. Потым, у працэсе нашай размовы ўзьнікла жаданьне зьвярнуцца да сяброў. Потым Ларыса Антонаўна вырашыла пачытаць ім вершы. Мне здаецца, што ёй вельмі не хапала ў Зэльве інтэлектуальнага асяродзьдзя. Ёй хацелася са сваім паэтычным словам выходзіць на людзі. У той час, калі памятаеце, паэзія была вельмі моднай і папулярнай, цэлыя стадыёны зьбіраліся і слухалі вершы. Ларыса Геніюш была гатовая да гэтага. Калі б яна мела выйсьце да людзей, то выхавала б цэлае пакаленьне беларусаў, а так яна выхавала толькі дзясяткі”.

Скобла: “Усе, хто чуў, як Ларыса Геніюш чытае вершы, падкрэсьлівалі яе своесаблівую манэру чытаньня. А што запомнілася вам падчас запісу?”

Трыгубовіч: “Паэтка была вельмі артыстычнаю падчас чытаньня вершаў. Яна ўвогуле была вельмі арыгінальнай і своеасаблівай жанчынай, але калі яна пачынала чытаць вершы, яна пераўтваралася неімаверна, яна ўся сьвяцілася знутры. І яе жэсты… Вось яна ўзмахвае рукой, адкідае сівую пасмачку валасоў, адстаўляе трошкі далей аркуш з вершам – і ўсё, ты адчуваеш, што для яе ў гэты момант не існуе нічога, толькі яна і паэзія, і тыя ўяўныя людзі, да якіх яна зьвяртаецца”.

Скобла: “Тады, у 1981 годзе, Ларыса Геніюш ужо заставалася адна пасьля сьмерці мужа. Наколькі мне вядома, у гэты час яе зноў пачалі актыўна ўгаворваць прыняць савецкае грамадзянства, уступіць у Саюз пісьменьнікаў. Ці дзялілася паэтка з вамі сваімі роздумамі на гэты конт?”
Ларыса Геніюш непарушнай скалой стаяла за беларускасьць. Гэта быў унікальны прыклад па тым часе ...

Трыгубовіч: “Так, гэта была адна з магістральных тэмаў нашай гаворкі, чаму мы і не ўключалі магнітафон. Ларыса Геніюш мела шмат знаёмых, якія прыяжджалі, пераконвалі, угаворвалі. І гэта былі ня штатныя правакатары, а людзі з найлепшых меркаваньняў хацелі, каб яна мела пашпарт, атрымала магчымасьць езьдзіць да сына ў Польшчу. І каб яна ўступіла ў Саюз пісьменьнікаў, то Літаратурны фонд мог бы яе фінансава падтрымліваць. А так яна часам атрымлівала падтрымку Саюзу пісьменьнікаў толькі таму, што Максім Танк ставіўся да яе вельмі пашанліва і разумеў, наколькі гэта значная асоба і вялікі талент. Часам Ларыса Геніюш нібы раілася зь сябрамі наконт грамадзянства. Але сёньня, ведаючы пра паэтку значна больш, чым ведала пры яе жыцьці, я перакананая, што не было ў яе сумненьняў наконт таго грамадзянства. Проста яна такім чынам выпрабоўвала людзей, гэта быў свайго роду тэст. Усе размовы пра грамадзянства і пра членства ў пісьменьніцкім саюзе зыходзілі з таго, што ў СССР, каб выжыць, трэба было быць, як усе. А яна якраз была не як усе. Ларыса Геніюш непарушнай скалой стаяла за беларускасьць. Гэта быў унікальны прыклад па тым часе. Многія пісьменьнікі, якія шчыра працавалі на беларускай ніве, пасьля таго, як прайшлі сталінскі лягер, сталі вельмі асьцярожныя і не распавядалі пра перажытае. А Ларыса Геніюш гаварыла пра ўсё адкрыта. Прытым, у яе не было злосьці. Яна гаварыла заўсёды з хрысьціянскай пазыцыі, і яе адчуваньне свабоды асобы было настолькі моцнае, што палохала тых людзей, якія зь ёю сустракаліся. Яны не разумелі гэтага. Паэтка не выступала зь лёзунгамі супраць савецкай улады, яна яе не прымала арганічна, як амаральнасьць. І тое, што яна была шчырай праваслаўнай верніцай, і тое, як яна ацэньвала людзей пры ўладзе, іх дзеяньні як амаральныя, усё гэта ўзьдзейнічала на яе сяброў і знаёмых. І таму да яе цягнуліся ўсе простыя людзі. Узгадайце, на пахаваньне паэткі выйшла ўся Зэльва. Гэтага ня сталася б, калі б яна не была маральным аўтарытэтам для гэтых людзей”.

Скобла: “З малазнаёмымі людзьмі Ларыса Геніюш старалася ня весьці шчырых размоваў. Як вам удалося выклікаць яе давер?”
Князь, як грамадзянін Нямеччыны, пакінуў Савецкі Саюз і ў 1957 годзе езьдзіў па Эўропе і чытаў лекцыі ...

Трыгубовіч: “Я гэтага не магу растлумачыць. Я магу толькі сказаць, што я раптам адчула нейкую невыказную патрэбу кантакту зь ёй. Тое самае, відаць, адчула і Ларыса Антонаўна, на нейкай хвалі мы зь ёй супалі. Каб я тады ведала пра паэтку тое, што я ведаю пра яе сёньня, я б задала ёй безьліч пытаньняў. Адно зь іх было б, напрыклад, пра князя Базыля Сьвятаполк-Мірскага. Тады, калі яна пра яго згадвала і нешта распавядала, то я ўвогуле ня ведала, хто гэта такі. А тады, памятаю, Ларыса Антонаўна, распавядаючы пра свае лягерныя і пасьлялягерныя гады, раптам сказала, што ў яе была магчымасьць выехаць з Савецкага Саюзу. І такую магчымасьць ёй даваў князь Святаполк-Мірскі, які раней за яе вызваліўся зь лягеру. Князь быў вельмі нацыянальна сьвядомым чалавекам і разумеў, хто такая Ларыса Геніюш для беларускай нацыі. Князь спрабаваў дапамагчы і прапанаваў паэтцы пабрацца зь ім шлюбам, і такім чынам выехаць з Савецкага Саюзу. Сьвятаполк-Мірскі меў нямецкае грамадзянства, а паэтка на той час была пазбаўленая чэскага грамадзянства. Князь, як грамадзянін Нямеччыны, пакінуў Савецкі Саюз і ў 1957 годзе езьдзіў па Эўропе і чытаў лекцыі. У прыватнасьці, выступаў у Гішпаніі, распавядаў пра савецкія лягеры (я чытала пра гэта ў газэце “Бацькаўшчына”). Але князь не называў імёнаў людзей, зь якімі сустракаўся, не згадаў ён у сваім выступе і імя Ларысы Геніюш, гэта мне пацьвердзіў Янка Запруднік. Сьвятаполк-Мірскі баяўся такім чынам нашкодзіць гэтым людзям. З тае самай прычыны вершы Геніюш друкаваліся ў тагачаснай эмігранцкай прэсе або пад псэўданімам, або як ананімныя”.

Скобла: “Як вы вырашылі распарадзіцца вашым унікальным запісам? Можа, аддасьцё ў Літаратурны музэй?”

Трыгубовіч: “Магчыма, зь цягам часу ён і трапіць у музэй. Трэба сказаць, што ня ўсе вершы, запісаныя на дыску, мне ўдалося знайсьці ў надрукаваных на сёньняшні дзень кніжках Ларысы Геніюш. Магчыма, нейкія творы засталіся толькі ў гэтым запісе. Цяпер, да стагодзьдзя Ларысы Антонаўны, рыхтуецца да друку пэрсанальны біяграфічны альманах “Асоба і час”. І мы вырашылі зрабіць дадатак да альманаху – дыск з голасам Ларысы Геніюш. Думаю, гэта будзе добрым падарункам для ўсіх прыхільнікаў яе творчасьці”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG