Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над адзіным працуе “круглы стол”


На чарговым пасяджэньні «круглага стала» па вызначэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл зацьверджаны асновы «Аб’яднанай стратэгіі перамогі і патрабаваньні да адзінага кандыдата, якія зь яе вынікаюць».


У пасяджэньні ўзялі ўдзел Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Уладзімер Колас, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч і Аляксандар Ярашук.

Паводле ўдзельнікаў пасяджэньня, аб’яднаная стратэгія перамогі «Прэзыдэнт-вызваліцель» павінна вырашаць шэраг задачаў. Сярод іх абраньне і рэгістрацыя адзінага кандыдата, фармаваньне яго каманды і выбарчай праграмы, барацьба супраць фальсыфікацый у дзень галасаваньня шляхам арганізацыі ў Менску масавай акцыі пратэсту.

Стратэгія байкоту, паводле ўдзельнікаў «круглага стала», можа разглядацца апазыцыяй як запасная ці вымушаная, калі адзіны кандыдат ня будзе зарэгістраваны.

Сярод патрабаваньняў да адзінага кандыдата — выбіральнасьць, якая залежыць ад харызмы кандыдата, яго аратарскіх здольнасьцяў, сацыяльнага статусу і прафэсійнага досьведу. Таксама здольнасьць рэалізаваць стратэгію перамогі і гатоўнасьць узяць на сябе арганізацыю і кіраваньне акцыямі пратэсту.

Адзіны кандыдат павінен таксама гарантаваць, што ў выпадку няўдачы дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году, ён ня будзе прэтэндаваць на кандыдацтва на наступных выбарах.

На пасяджэньні «круглага стала» ў канцы чэрвеня пачнецца разгляд працэдуры выбараў адзінага кандыдата.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG