Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палеміка ў Брытаніі: ці можна перасаджваць органы нездаровых людзей?


У Вялікабрытаніі і іншых краінах Эўразьвязу разгарнулася дыскусія пра тое, што лекары-трансплянтолягі вымушаныя перасаджваць сваім пацыентам органы людзей, якія пакутавалі на самыя розныя захворваньні. Сваякі тых, хто загінуў ад падобных апэрацыяў, распачынаюць крымінальныя справы супраць мэдыкаў. Самі мэдыкі тлумачаць, што інакш пацыенты могуць памерці, не дачакаўшыся апэрацыі.


Выпадак, які здарыўся з 28-гадовай брытанкай, жыхаркай Манчэстэра Ліндсі Скот, выклікаў гарачыя дэбаты як у лекарскіх колах, так і сярод шырокай грамадзкасьці. У маладой жанчыны была невылечная хвароба абмену рэчываў — мукавісцыдоз, якая надзвычай абцяжарвае працу лёгкіх. У крытычных выпадках пацыентам застаецца адзіны шанец — трансплянтацыя.

Паўгода таму Ліндсі перасадзілі абодва лёгкія. Днямі яна памерла ад пнэўманіі. Зразумела, кожнага пацыента, які ідзе на падобную складаную апэрацыю, а таксама яго сваякоў і блізкіх папярэджваюць пра магчымасьць лятальнага выніку. Нярэдка арганізм чалавека проста не прымае чужы орган. Пацыенту праводзяць складаную тэрапію, каб аслабіць імунную сыстэму і не дапусьціць адтаргненьня чужых тканак. Аднак пасьля гэтага чалавек можа памерці ад самай банальнай інфэкцыі.
Мэдычныя цэнтры Вялікабрытаніі і іншых краін ЭЗ вымушаныя пашыраць крытэры адбору і браць донарскія органы ў тых, хто, магчыма, пры жыцьці і ня вёў здаровага ладу жыцьця, мог злоўжываць нікатынам ці алькаголем.


Тым часам сваякі Ліндсі Скот настойваюць на тым, што прычынай сьмерці дзяўчыны стала зусім ня гэтая, так бы мовіць, тэхнічная прычына. Яны даведаліся, што донарам быў курэц з 30-гадовым стажам. Бацькі нябожчыцы падалі ў суд, да адказнасьці прыцягнутыя супрацоўнікі ўнівэрсытэцкай клінікі ў Манчэстэры, якія мелі дачыненьне да лекаваньня Ліндсі.

Брыгада трансплянтолягаў ужо выступіла з заявай, што "лёгкія курцоў могуць быць цалкам прыдатнымі для падобных перасадак. Гэта паказалі і дэталёвыя дасьледаваньні канкрэтнага органу". Былі праведзеныя неабходныя ў такіх выпадках рэнтгенаўскае дасьледаваньне, бронхаскапія, вывучаліся сьлізь, гной, бактэрыяльная флёра, былі зробленыя ўсе магчымыя лябараторныя і функцыянальныя тэсты. Паводле кіраўніцтва манчэстэрскага шпіталя, усё было праведзена надзвычай карэктна. Донары такога органу, як лёгкія, сустракаюцца ўвогуле надзвычай рэдка, да 30% рэцыпіентаў рызыкуюць памерці, не дачакаўшыся свайго шанцу. Таму мэдычныя цэнтры вымушаныя пашыраць крытэры адбору і браць донарскія органы ў тых, хто, магчыма, пры жыцьці і ня вёў здаровага ладу жыцьця, мог злоўжываць нікатынам ці алькаголем.

Як паказалі расьсьледаваньні, праведзеныя шэрагам брытанскіх выданьняў, дэфіцыт донараў у Аб’яднаным Каралеўстве настолькі востры, што мэдыкі вымушаныя выкарыстоўваць нават органы памерлых ад раку. Згодна з афіцыйнымі інструкцыямі, органы донараў, якія калісьці хварэлі на рак, выкарыстоўваць ня варта, бо існуе пэўная рызыка разьвіцьця пухлінаў у рэцыпіента.Тым часам адзін зь вядучых трансплянтолягаў Вялікабрытаніі, прэзыдэнт Брытанскага трансплянтацыйнага таварыства Пітэр Фрэнд паведаміў у інтэрвію The Times, што падобная рэкамэндацыя найчасьцей ігнаруецца, і заклікаў хірургаў супастаўляць магчымую рызыку з рэальнай карысьцю ад перасадкі органаў.

Згодна з брытанскай статыстыкай, у 2008—2009 гадах донарамі сталі 67 чалавек, якія або памерлі ад раку, або перанесьлі анкалягічнае захворваньне. У іх былі ўзятыя 195 органаў. Тым часам патрэбу ў перасадцы маюць да 8 тысяч чалавек. Прычым каля 400 зь іх штогод паміраюць, не дачакаўшыся апэрацыі.

Ня так даўно галоўны лекар Англіі сэр Лаем Доналдсан пры падтрымцы высокіх урадоўцаў прапанаваў увесьці прынцып прэзумпцыі пасьмяротнага ўзяцьця органаў у кожнага, хто пры жыцьці не пакінуў афіцыйнай заявы адносна нязгоды на гэтую працэдуру. Аднак супраць падобнай ідэі пачалі выказвацца многія вядомыя адмыслоўцы.

У 2008—2009 гадах донарамі сталі 67 чалавек, якія або памерлі ад раку, або перанесьлі анкалягічнае захворваньне. У іх былі ўзятыя 195 органаў, тым часам як у перасадцы штогод маюць патрэбу да 8 тысяч чалавек.


Дарэчы, беларуская трансплянталёгія кіруецца якраз прынцыпам "прэзумпцыі згоды". Паводле зьвестак, якія не былі афіцыйна агучаныя, аднак сталі вядомыя журналістам, самым першым донарам сэрца ў Беларусі стаў мужчына, якія памёр ад алькагалізму. Тым ня менш, як тлумачаць аўтарытэтныя эўрапейскія экспэрты, алькаголікі могуць быць донарамі, бо вельмі часта маюць здаровае сэрца. Могуць быць донарамі і некаторыя анкалягічныя хворыя, — напрыклад, тыя, хто мае неагрэсіўныя формы раку мозгу: гэтая хвароба звычайна не закранае ўнутраныя органы, неабходныя для перасадкі. Паводле экспэртаў, верагоднасьць заразіцца ракам ад донара з пухлінай мозгу — 1 выпадак на 200. Аднак сваякі ахвяраў трансплянтацыйных апэрацыяў называюць падобныя сьцьвярджэньні амаральнымі.
XS
SM
MD
LG