Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца прыбытку — ня рыба, а рыбак


Ранішняя рыбалка.
Ранішняя рыбалка.

Для многіх жыхароў аддаленых вёсак, дзе праца ў занядбаных калгасах не прыносіць амаль ніякага прыбытку, ледзь не адзінай крыніцай даходу становіцца тое, што можа даць навакольная прырода — рыба, зьвер, грыбы, ягады, лекавыя расьліны. Аднак на працягу апошніх гадоў гэты адвечны занятак, на які вясковыя людзі не прывыклі пытаць дазволу ўлады, стаў зьвязаны зь вялікай рызыкай.

Толькі за парушэньні правілаў рыбалоўства ў чэрвені затрыманыя больш як 30 чалавек. Кожнаму зь іх пагражаюць штрафы ад паўтара мільёна да сямі мільёнаў рублёў. На дадатак да вялікага штрафу неабходна яшчэ выплаціць грашовую кампэнсацыю шкоды, нанесенай навакольнаму асяродзьдзю.

Чаму дзяржава так жорстка карае вяскоўцаў, высьвятлялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Ішоў па лесе ў бок возера, але за паўтара кілямэтра затрымалі й склалі пратакол»

На Віцебшчыне ўзброеныя інспэктары затрымлівалі на гэтым тыдні рыбаловаў у Докшыцкім, Глыбоцкім і Талачынскім раёнах. Таксама ў тамтэйшых жыхароў забіралі чаўны, сеткі й злоўленую рыбу.

Аштрафаваць могуць нават «за спробу» лавіць рыбу з дапамогай «неўзаконеных» прыладаў або ў неналежны час, распавядае жыхар Гарадоцкага раёну Леанід Аўтухоў. У вёсцы Вярэчча, адкуль ён родам, рыбнай лоўляй займаліся спрадвеку, бо навокал шмат рэк ды азёраў. І цяпер гэта сталася ці не асноўным мужчынскім заняткам, бо іншай працы ў вяскоўцаў проста няма:

«Але сёньня гэта вельмі небясьпечна. Вось мужа маёй стрыечнай сястры аштрафавалі на 5 базавых велічынь. Ён ішоў па лесе ў бок возера, да якога яшчэ кілямэтры паўтара было. І нёс сеткі. Напісалі ў пратаколе, што «за спробу» незаконна ловіць рыбу. А ён кіроўцам у лясгасе працуе, атрымаў 280 тысяч заробку. Як сям’ю ўтрымліваць? Адна дачка ў дзявятай клясе, другая — працу шукае ў Віцебску.

Пакараньні толькі за наяўнасьць рыбацкіх прыладаў сталі тыповымі.
Пакараньні толькі за наяўнасьць рыбацкіх прыладаў сталі тыповымі на Гарадоччыне, працягвае Леанід Аўтухоў:

«Адзін хлопец з Канашоў ішоў па вёсцы з восьцямі — такія ёсьць, шчупакоў увесну калоць. І ехаў рыбнагляд. Спыніў. Далі дзесяць базавых штрафу. Я быў на тым судовым пасяджэньні. Кажу потым: чаму ты не сказаў, што ішоў куранёнка закалоць ці ката гнаў? Ён кажа: «Яны мне аўтамат у бок прыставілі і гавораць: «Тут мы цябе і закапаем». Ён і спалохаўся.

На думку Леаніда Аўтухова, з інспэктараў рыбнагляду зрабілі нейкую ўзброеную групоўку па «выбіваньні» штрафаў у дзяржаўны бюджэт:

«Ім павыдавалі лодкі зь японскімі рухавікамі, яны магутныя. Машыны ў іх новыя, тыпу джыпы. І езьдзяць яны са зброяй — з аўтаматамі Калашнікава. Калі што, то аўтамат у бок, і — паказвай, што ў цябе ў мяху!»

Каб штрафаваць яшчэ больш інтэнсіўна, інспэктараў ня толькі выпраўляюць у рэйды: у Віцебскай вобласьці ў 11-ці раёнах працуюць кругласуткавыя «гарачыя лініі» — каб грамадзяне маглі тэлефанаваць пра заўважаныя парушэньні. Толькі тэлефануюць на іх ня часта: землякі разумеюць, што незаконная рыбалка — гэта не ад добрага жыцьця.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Фэрмэра змушаюць збываць сваю рыбную гаспадарку

Самай гучнай браканьерскай справай сёлета на Гомельшчыне стаўся, бадай, гаспадарчы суд супраць фэрмэра Ўладзімера Цярэнцьева зь вёскі Баравікі Сьветлагорскага раёну. На падставе акту міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету фэрмэра аштрафавалі на 17,5 мільёна рублёў. Разам з сынам ён злавіў на тэрыторыі сваёй гаспадаркі не зарэгістраванымі ў інспэкцыі сеткай і брадніком пяць з паловай кіляграмаў рыбы — 11 шчупачкоў, 19 акунькоў і 11 плотачак.

Сына аштрафавалі за браканьерства на 350 тысячаў рублёў у судзе агульнай юрысдыкцыі, а бацьку — праз гаспадарчы суд:

Прыцягнулі мяне да адказнасьці за тое, што я лавіў рыбу ў сваёй гаспадарцы, на сваіх вадаёмах.
«Прыцягнулі мяне да адказнасьці за тое, што я лавіў рыбу ў сваёй гаспадарцы, на сваіх вадаёмах, якія я пабудаваў за свае грошы — уклаў 75 мільёнаў. Мець такое высокае званьне — інспэкцыя аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пры прэзыдэнце — і чыніць такое самаўпраўства наагул недапушчальна. Шукаюць у законах усялякія зачэпкі, каб толькі аштрафаваць. Лічу, што гэта ідзе па чыімсьці ўказаньні зьнішчэньне гаспадаркі».

Фэрмэр Цярэнцьеў спрабаваў аспрэчыць буйны штраф у Вышэйшым гаспадарчым судзе, але безвынікова. Зараз ён імкнецца збыць гаспадарку, на стварэньне якой аддаў пятнаццаць гадоў жыцьця.

«На Прыпяці рыба вышэйшая за чалавека»

За 2009 год на падставе актаў інспэктараў аховы жывёльнага й расьліннага сьвету на Гомельшчыне аштрафаваны дзясяткі людзей. Сотні мільёнаў рублёў яны павінны сплачваць за так званае нанясеньне шкоды прыродзе.

Былы начальнік Петрыкаўскай раённай інспэкцыі аховы прыроды Анатоль Хамец кажа, што цяперашнія парадкі, па сутнасьці, аддзялілі палешукоў ад ракі Прыпяць:

«У нас на Прыпяці рыба вышэйшая за чалавека стала. Падчас веснавога разводзьдзя чалавек ня можа пераехаць праз Прыпяць да сваіх сваякоў. А за права пасядзець з вудаю я павінен плаціць: ад 1 кручка да 10 — 30 тысяч рублёў на суткі, а ад 10 да 20 — 50 тысяч. Гэта я мушу заплаціць у экспэрымэнтальную гаспадарку „Ляскавічы“ пры кіраўніцтве спраў прэзыдэнта. Іначай да ракі з вудай не падыдзеш. А ў Дарашэвічах наагул дарогу да рэчкі плотам загарадзілі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«На Палесьсі было спрадвеку: выйшаў, злавіў і зьеў»

На Берасьцейшчыне менавіта палескія раёны — Іванаўскі, Пінскі й Столінскі — апярэджваюць іншыя паводле колькасьці браканьераў. Пра гэта нашаму карэспандэнту распавялі ў Брэсцкай абласной інспэкцыі аховы прыроды.

Штрафы і пакараньні за правапарушэньні на рэках і вадаёмах складаюць дзясяткі базавых велічынь. Прычым у Іванаўскім раёне інспэктары выкрылі лаўцоў рыбы сярод глыбокай ночы на вадасховішчы ў вёсцы Опаль, дзе знаходзіўся тарфаўчастак. Увогуле ў Пінскай раённай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў лічаць, што выкараніць браканьерства на Палесьсі практычна немагчыма:

Прасьцей было б стварыць спрыяльныя ўмовы для людзей.
«Гэта спэцыфіка Палесься, і так было здаўна, што выйшаў, злавіў і зьеў. Гэта выкараніць немагчыма на Палесьсі. Так заўсёды было. Тут жа — на Піншчыне, Століншчыне — вельмі шмат азёраў, працякаюць Прыпяць, Стыр».

Прасьцей было б стварыць для людзей спрыяльныя ўмовы, каб можна было карыстацца дарамі прыроды, адзначаюць у раённай арганізацыі. Часам бывае, што пакараньні несувымерныя з учыненым:

«Калі той няшчасны дзед зловіць некалькі рыбак, якія потым сьпячэ на патэльні, а на яго складаюць пазьней пратакол… То самі тады мяркуйце».

Паводле інспэкцыі аховы прыроды, акрамя незаконнай рыбалкі, за якую рыбакоў затрымліваюць, у вобласьці зарэгістраваны таксама шэраг выпадкаў незаконнага паляваньня, высечкі лесу. Штрафы за такія правапарушэньні складаюць дзясяткі мільёнаў рублёў, якія папаўняюць бюджэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG