Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сталі на абарону беларускамоўнага прызыўніка


Яўген Якавенка

Яўген Якавенка

У Гомелі ўсьлед за Менскам створаны грамадзкі аргкамітэт у абарону Яўгена Якавенкі, пакаранага годам абмежаваньня волі за ўхіленьне ад прызыву ў войска.


Як паведаміў каардынатар БХД Кастусь Жукоўскі, у склад аргкамітэту ўвайшлі звыш 20 праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці, палітычных партыяў, творчай інтэлігенцыі.

Прынята заява, у якой абгрунтавана законнасьць патрабаваньняў Яўгена Якавенкі да ваенкамату — камунікаваць зь ім на беларускай мове й забясьпечыць яму гарантаваную Канстытуцыяй магчымасьць праходзіць альтэрнатыўную службу.

Сумесны дакумэнт аргкамітэт накіроўвае ў Канстытуцыйны суд, Адміністрацыю прэзыдэнта, Генэральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі й мясцовыя органы ўлады.

Ад сёньняшняга дня ў рэгіёне на дошках аб’яў пачалі вывешваць партрэты пакаранага актывіста з надпісам: «Свабоду Якавенку!»

Тым часам сам Яўген і ягоны адвакат накіравалі касацыйныя скаргі ў абласны суд на адмену выраку.

Нагадаем, што 4 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Тацьцяна Швец пакарала 25-гадовага актывіста БХД Якавенку годам «хіміі».

Сутнасьць канфлікту прызыўніка й гарадзкога ваенкамату даволі простая: прызыўнік патрабаваў, каб позвы яму выпісвалі на роднай беларускай мове. На расейскай ня браў прынцыпова, паколькі прызывалі яго ў беларускае войска.

Жорсткае пакараньне Якавенкі, як лічаць сябры аргкамітэту, сталася непрыхаванай дыскрымінацыяй паводле моўнай прыкметы.
XS
SM
MD
LG