Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок рыхтуе адказ «Газпрому» на яго прэтэнзіі ў сувязі з доўгам і на папярэджаньне пра магчымае адключэньне паставак газу. Падрыхтоўка зойме час да 21 чэрвеня. Як прайшоў другі дзень газавага ўльтыматуму? Ці дойдзе справа да санкцыяў?

Падчас сёньняшняй прэм’еры беларуска-расейскага фільму «Брэсцкая крэпасьць» Аляксандар Лукашэнка заклікаў як мага хутчэй паказаць яго расейскаму кіраўніцтву, бо ён выклікае «цэлую буру ўражаньняў на злобу дня». Маўляў, цяпер у Маскве часта кажуць пра «прагматызм», але «сёньня трэба памятаць, што стасункі паміж краінамі і народамі вымяраюцца не кубамэтрамі газу і ня тонамі мытнай ці бязмытнай нафты».

Аднак пакуль невядома, ці заплаціць Беларусь Расеі доўг за газ.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец згадаў учорашнюю гутарку з карэспандэнтам «Свабоды» і пацьвердзіў, што ад «Газпрому» атрыманае паведамленьне:

Эдуард Таўпянец
«На той момант, калі мы з вамі размаўлялі, мы афіцыйных паведамленьняў з „Газпрому“ ня мелі. Цяпер ужо ёсьць».

Эдуард Таўпянец сказаў Інтэрфаксу, што з фармальнага пункту гледжаньня прэтэнзіі «Газпрому» абгрунтаваныя, бо згодна з кантрактам ёсьць пэўныя ўмовы аплаты за газ. Афіцыйнага рашэньня пра дадатковую зьніжку на газ для Беларусі не прынята, хаця беларускі бок прапаноўваў зьменшыць адмысловы каэфіцыент на гэты год. Спадар Таўпянец сказаў, што беларускі бок рыхтуе адказ «Газпрому».

У «Белтрансгазе» наагул адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю.

Прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што пакуль нічога новага: рэакцыі з боку афіцыйнага Менску не паступіла, таксама не прыйшлі і грошы. У мэдыях падаюцца розныя сумы запазычанасьці за газ: паводле Белстату, запазычанасьць «Белтрансгазу» перад «Газпромам» складае 133 мільёны даляраў, а паводле «Газпрому» — 192 мільёны даляраў. Сяргей Купрыянаў патлумачыў:

Сяргей Купрыянаў
«Мы называем запазычанасьць на якую дату? На сёньняшні дзень. А Белстат на якую дату? А там у паведамленьні напісана, што гэта дадзеныя на 1 траўня. А 23 траўня быў яшчэ адзін плацёж — зноў паводле старой цаны».

На пытаньне, ці дойдзе справа да санкцыяў, спадар Купрыянаў сказаў, што «трэба заплаціць — і ня дойдзе». «Газпром» прапанаваў зрабіць «вычарпальныя захады», каб пагасіць запазычанасьць, да 21 чэрвеня.

Экспэрт расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін адзначае, што пакуль ёсьць ультыматум, а вынікаў ніякіх.

«Калі кажуць, што „Газпром“ — гэта палітычная зброя Крамля, то якраз усё наадварот. Якраз зьнешняя палітыка Крамля — гэта зброя для атрыманьня нейкіх матэрыяльных выгодаў „Газпромам“. У гэтым выпадку ўсе дачыненьні зь Беларусьсю могуць быць прынесеныя ў ахвяру таму, што „Газпром“ хоча атрымаць свае грошы. Кампанія ў вельмі дрэннай фінансавай сытуацыі, і кожная капейчына ў яе на ўліку».

Спадар Круціхін выключае магчымасьць набыцьця «Газпромам» акцыяў «Белтрансгазу» ў абмен на доўг, бо «ў гэты момант кампаніі патрэбныя грошы, а не актывы». А калі Менск пойдзе на несанкцыянаваны адбор газу з трубы? Спадар Круціхін сказаў:

«Калі пойдзе на абвастрэньне канфлікту, то магчымае паўтарэньне сытуацыі 2004 году, будзе такі скандал, як і раней. Я прыгадваю 2002-2004 год, калі „Газпром“ проста спыняў транзыт газу празь Беларусь і ад гэтага ўжо пачыналіся непрыемнасьці ў Польшчы і Нямеччыны».

Міхась Залескі
Ці напалохалася Беларусь абяцаных газавых санкцыяў? Эканаміст Міхась Залескі сказаў:

«Беларусаў нічым не напалохаеш, вырыем зямлянкі і будзем сядзець. Ужо Расея не палохае, а яны канкрэтна робяць. Яны сказалі, што мы павінны плаціць паводле дамоўленасьці. І будуць рабіць так: мы заплацілі за тысячу кубамэтраў — вось вам тысяча кубамэтраў. Пакуль лета, яшчэ нічога. А калі будзе набліжацца зіма, то будзе нам горш і горш. Яны пытаньне так ставяць: вы плаціце, колькі ў вас ёсьць грошай, а мы вам даем, колькі лічым патрэбным. Розьніца ў цане складае недзе шостую частку. На адну шостую будзеце меней атрымліваць газу, а там круціцеся як хочаце. Можаце выключыць, да прыкладу, гродзенскі „Азот“, які спажывае 12% газу, і жывіце сабе спакойна».


XS
SM
MD
LG