Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўразьвяз не прапанаваў Беларусі нічога канкрэтнага”


Аляксандар Рар

Аляксандар Рар

Заяву кіраўнічкі зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан наконт мытнага саюзу Беларусі, Казахстану ды Расеі пракамэнтаваў экспэрт Нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.


Рар: Я, шчыра кажучы, не магу зразумець гэтае выказваньне спадарыні Эштан. Чаму яна не казала пра гэта ў Растове-на-Доне, на саміце Эўразьвяз–Расея, дзе ад яе крытыкі на адрас мытнага зьвязу ніхто не пачуў?

Тут вырашальную ролю адыгрываюць палітычныя пытаньні. Эўразьвяз хоча ўдзельнічаць у мадэрнізацыі расейскай эканомікі, таму для яго важна, каб Расея ўвайшла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю на тых умовах, якія былі ўзгодненыя раней. А мытны саюз – гэта іншыя перамовы, іншыя магчымасьці. У Эўразьвязу зараз ёсьць пэўны страх, што ён губляе Ўкраіну.

Спадарыня Эштан робіць тое, што рабілі і яе папярэднікі – яна перасьцерагае Беларусь, Украіну ды іншыя дзяржавы ад занадта шчыльных кантактаў з Расеяй, пагражаючы ў адваротным выпадку зачыніць дзьверы ў супрацоўніцтве з Эўразьвязам. Але, па шчырасьці, Эўразьвяз ні Беларусі, ні Казахстану нічога канкрэтнага прапанаваць ня змог.

Таму гэтыя краіны зараз зацікаўленыя ў больш блізкіх эканамічных стасунках з Расеяй.

Дракахруст: А ці можа Лукашэнка разьлічваць на фінансавую дапамогу з боку Эўразьвязу за сваё нежаданьне ўваходзіць у мытны саюз на ўмовах Расеі?

Рар: Калі Лукашэнка разьлічвае на нейкія грошы ад Эўразьвязу, то гэта няправільная тактыка. Такіх вялікіх грошай, якія Беларусі патрэбныя, каб выйсьці з залежнасьці ад расейскай эканомікі, на Захадзе няма, і ніхто ня будзе іх даваць.

5 гадоў Беларусь спрабавала разыграць Захад супраць Расеі і наадварот. Але так і не адкрыла дзьверы заходняму бізнэсу. І зараз Лукашэнка засталася сам на сам з расейскімі дзяржструктурамі ды алігархамі.

Ня думаю, што Захад будзе даваць грошы на падтрыманьне нерэфармаванай беларускай эканомікі, а асабліва ў перадвыбарчы пэрыяд.

Дракахруст: А ў якой ступені можна лічыць, што заява спадарыні Эштан наконт мытнага саюзу – гэта меркаваньне Эўразьвязу?

Рар: Пасада міністра замежных справаў Эўразьвязу была створаная для таго, каб асоба, якая яе займае, рабіла нейкія заявы. Але мне здаецца, што ў яе няма поўнага мандату казаць ад імя ўсіх. Галоўныя краіны Эўразьвязу занятыя зараз зусім іншымі праблемамі. На абмеркаваньне стратэгіі адносна Расеі, Беларусі, Казахстана, калі тыя збудуюць мытны саюз, да гэтага ў Эўразьвязу проста не даходзяць рукі.

Зразумела Эўразьвязу не выгадна, калі ва Ўсходняй Эўропе будзе стварацца іншая інтэграцыйная мадэль. Але канкрэтыкі ў гэтай заяве няма. Мытны саюз будзе будавацца, Эўразьвяз ня будзе гэтаму перашкаджаць. Бо ён ня можа прапанаваць альтэрнатыву, ён сёньня ня можа прыняць такія краіны, як Беларусь і Казахстан нават у асацыяваныя сябры Зьвязу. А крытыкаваць іншыя краіны за тое, што яны лічаць на дадзены момант эканамічна для сябе выгадным – гэта на сумленьні спадарыні Эштан.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG