Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўны ўрад для невядомага кандыдата


Belarus – Opposition round table, 17jun2010

Belarus – Opposition round table, 17jun2010

Сёньня ў Менску была зроблена спроба стварэньня альтэрнатыўнага (альбо, як гэта звычайна называюць, ценявога) ўраду. Ініцыятыва паходзіла ад кіраўніцтва дагэтуль афіцыйна не зарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Сёньняшнюю сустрэчу лідэры партыі акрэсьлілі як канфэрэнцыю «Пэрспэктывы пераменаў у Беларусі, 2010-2011 год: альтэрнатыўны ўрад».

Сучасная беларуская гісторыя ўжо ведае некалькі ценявых урадаў. Быў урад БНФ, якім кіраваў Уладзімер Заблоцкі, урад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які спачатку ачольваў Генадзь Карпенка, а пасьля ягонай сьмерці — Мечыслаў Грыб. Нарэшце, і цяпер існуе Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, які падрыхтаваў, дарэчы, «малую Канстытуцыю» і эканамічную антыкрызісную плятформу.

Галоўнае адрозьненьне новага праекту ад папярэдніх — альтэрнатыўны ўрад ствараецца ў сытуацыі, калі ў апазыцыі няма адзінства. Павал Севярынец палічыў — з чатырнаццаці чалавек, якія заявілі пра намер вылучацца ў прэзыдэнты, на паседжаньне зьявіліся дзевяць. Восем зь іх удзельнічалі ў дыскусіі. І толькі Аляксандар Казулін не выступаў, а слухаў іншых.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць станоўчым, што сёньня за круглым сталом сабраліся не адны палітыкі, але і эканамісты, сацыёлягі, філёзафы, спэцыялісты ў канкрэтных галінах гаспадаркі:

«Палітыкі на словах гавораць, што яны зацікаўленыя ў адукацыі, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы і г.д. Дык прыходзьце туды, дзе гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца, шукайце людзей, якія хочуць там нешта зрабіць. І падтрымайце, калі можаце, іх сваімі палітычнымі рэсурсамі. Вы патрабуеце ад грамадзянскай супольнасьці падтрымкі вас на выбарах, дык паміж выбарамі падтрымлівайце сваімі магчымасьцямі грамадзкую, грунтоўную справу гэтых людзей. Тады, можа, стасункі паміж грамадзянскай супольнасьцю і палітыкамі будуць нармалізаваныя. І ўзаемная падтрымка, узаемнае ўзмацненьне будуць істотнымі».

Мечыслаў Грыб прызнаўся: ніводная з апазыцыйных структураў не перарасла ў паўнавартасны ценявы ўрад. Але гэта не азначае, што на самой ідэі альтэрнатыўнага ўраду трэба ставіць крыж, лічыць спадар Грыб:

«Апазыцыя ўжо працяглы тэрмін знаходзіцца па-за сыстэмай. І ў ёй вельмі мала людзей, якія тэарэтычна, тым больш практычна маюць досьвед адміністратыўнай дзейнасьці. І пра гэта трэба думаць, трэба людзей рыхтаваць. Зразумела, што ў апазыцыі ёсьць маладыя, адукаваныя, здольныя людзі.
Лягчэй будзе вылучыць кандыдата ў прэзыдэнты, чым знайсьці чалавека, які будзе адказваць за канкрэтны кірунак працы ва ўрадзе.

Ведаеце, лягчэй будзе вылучыць кандыдата ў прэзыдэнты, чым знайсьці чалавека, які будзе адказваць за канкрэтны кірунак працы ва ўрадзе. Таму што ўрад — гэта фундамэнт для таго ж самага прэзыдэнта. Калі ня будзе моцнага фундамэнту, тады ніякі прэзыдэнт не ўтрымаецца».

Паводле агучанага праекту, альтэрнатыўны ўрад павінен дзяліцца на тры блёкі: адміністрацыйны, эканамічны і сацыяльны. Поўны сьпіс кандыдатаў можна пабачыць на сайце нашага радыё. Аднак ужо сёньня ўзьніклі некаторыя непаразуменьні. Высьветлілася, што ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты ва ўрадоўцы давалі на гэта згоду. Пра гэта, у прыватнасьці, публічна заявілі Лявон Баршчэўскі і Аляксандар Старыкевіч.

У размове са «Свабодай» Лявон Баршчэўскі, якому прапаноўваецца кіроўная пасада ў Міністэрстве адукацыі, адзначыў:

«Для мяне заўсёды больш цікавая праца зьнізу. З другога боку, палітычны досьвед і адсутнасьць ва ўлады кампрамату на мяне маглі б даць мне маральны давер, якім, магчыма, іншыя не валодаюць, зрабіць першыя крокі любой рэформы. Але, бадай, ужо не на пасадзе міністра адукацыі. Рэформа адукацыі залежыць зараз ад таго, што робіцца зьверху. Бо адукацыя зьнішчана зьверху, а не Міністэрствам адукацыі».

Павал Севярынец, падсумоўваючы вынікі паседжаньня, паабяцаў, што дзён праз 10 экспэрты і палітыкі зноў вернуцца да гэтай тэмы. Канфэрэнцыя скончылася, але кандыдаты ў прэзыдэнты засталіся ў залі. Яны вырашылі яшчэ раз пагаварыць пра працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG